Друк
08.05.2014
Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар: насілу да веры ніхто не прыводзіць
 
Пра супольнасьці беларускіх грэка-католікаў і асаблівасьці душпастырскай працы сярод іх — размова ў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандра Амяльчэні з айцом Антонам Нікалаевым, душпастырам грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску.
 
Ераманах Антон (Нікалаеў).
— Ойча, грэка-католікі ў Менску для многіх – зьява новая або незнаёмая. Чым яны займаюцца, у чым вашая місія, сьпецыфіка і асаблівасьці душпастырства?
 
— Слава Іусу Хрысту! Так, для многіх грэка-католікі здаюцца чымсьці новым, але на самой справе мы прысутныя ў Беларусі і прыватнасьці ў Менску больш за 20 гадоў. Грэка-католікі адрадзіліся на пачатку 1990-х і сёньня іх становіцца ўсё больш і больш. Хоць іх колькасьць павялічваецца, можа, ня вельмі хуткімі тэмпамі, але Царква разьвіваецца, выхоўваюцца новыя сьвятары, адчыняюцца новыя парафіі або абслугоўваюцца тыя, якія ўжо існуюць. Яны ёсьць ва ўсіх абласных цэнтрах і найбольшых раённых – такіх як Ворша, Баранавічы, Івацэвічы, Ліда, Пінск.
 
Нашая Царква — спадкаемца візантыйскага хросту Кіеўскай Русі. Гісторыя цягнецца яшчэ з часоў князя Ўладзіміра, калі адбыўся хрост Кіеўскай Русі. Хрысьціянства, з большага, прыйшло ў Беларусь у візантыйскім абрадзе, потым, як ведаем, адбыўся Вялікі раскол Царквы. Але ў Беларусі праз некалькі стагоддзяў Царква зноў аб’ядналася з Сусьветнай Царквой — Каталіцкай. Ведаем з гісторыі, што ў 1596 годзе адбылося паяднаньне, была падпісана Унія ў Берасьці. З тых часоў нашая Царква ўмоўна называецца грэка-каталіцкай, але фактычна можна сказаць, што гэта — Беларуская Царква, якая знаходзіцца ў еднасьці з Рымам і належыць да візантыйскага абраду.
 
— Якая сьпецыфіка вашых парафіяў? Яны шматлікія ці гэта парафіі сямейнага тыпу, 10-15-30 асобаў? Які кантынгент вернікаў: гэта простыя людзі ці гэта інтэлігенцыя?
 
— Мне здаецца, што гэта мнагаслойная супольнасьць, бо цяжка вылучыць нейкую адну катэгорыю людзей. Ёсьць і сем’і, і дзеці, і інтэлігенцыя, і людзі старэйшага ўзросту, якія прыйшлі ў Царкву ад самага пачатку ў 1990-х гадах. Заўсёды Бог прыводзіць новых людзей, якія ў розны спосаб даведваюцца пра Царкву.
 
— А хто гэтыя новыя вернікі — тыя, якія былі забыліся пра свае грэка-каталіцкія (уніяцкія) карані, ці гэта цалкам “новыя” людзі, якія ня мелі раней сувязяў з верай і рэлігіяй, нават у папярэдніх пакаленьнях, ці гэта тыя, хто належаў або належыць да нейкай канфесіі? Справа ў тым, што ў апошнія гады ў бок Каталіцкай Царквы раздаваліся абвінавачваньні ў празелітызьме. Для многіх сымбалем празелітызму зьяўляецца Грэка-Каталіцкая Царква. Гэта, маўляў, “спосаб” католікаў прыцягнуць у свае шэрагі вернікаў, перш за ўсё праваслаўнага веравызнаньня. Ці гэта сапраўды так, ці так гэта адбываецца? Ці такога тыпу душпастырствам вы займаецеся?
 
— Вядома, не. Я сустракаю вельмі шмат людзей (ды і сам паходжу з такой сям’і), якія ўвогуле ня мелі або мелі мінімальнае дачыненьне да веры, да хрысьціянства. І часта Бог прыводзіць менавіта такіх людзей, якія толькі дзесьці даведаліся ці сустрэлі Бога і па нейкіх прычынах ім падабаецца менавіта Грэка-Каталіцкая Царква.
Айцец Антон Нікалаеў удзяляе хрост у грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску.
Вось нядаўна прыйшоў чалавек і сказаў, што хоча атрымаць хрост. Сам знайшоў дзесьці адрас і проста прыйшоў па адрасе, нават без папярэдняга тэлефанаваньня.
 
Ёсьць такія людзі, якія дзесьці адчулі сябе няўтульна і прыйшлі да нас, пабылі на службе, памаліліся і сказалі, што ім тут добра і яны хочуць тут застацца. Я лічу, што ніякага празелітызму тут няма, таму што насілу да веры ці якой-небудзь канфесіі ніхто не прыводзіць. Але, калі чалавек прыходзіць і кажа, што я ахрышчаны, але мне падабаецца тут, мы яго праганяць ня будзем. Чалавека ж нельга адкінуць ці выгнаць з Царквы. Калі ты ўжо ў дарослым узросце асэнсаваў сябе, вырашыў жыць па-хрысьціянску і прыйшоў да нашай Царквы, то мы ня можам яго не прыняць, будзем з ім маліцца.
 
Ёсьць сапраўды цікавыя выпадкі: людзі ня ведалі, што ў нас, у Беларусі, ёсьць Царква і езьдзілі хрысьціць дзіця ажно ва Ўкраіну. Бо яны хацелі менавіта ў Грэка-Каталіцкай Царкве ахрысьціць. А потым ужо даведаліся, што ёсьць і ў Менску грэка-каталіцкая царква і ўжо другое дзіця пахрысьцілі ў нас.
 
— Як Вы лічыце: будучыня Грэка-Каталіцкай Царквы — якая? На што больш зьвяртае ўвагу Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі: на выпрацоўку пазітыўнага іміджу, як гэта модна сёньня, ці на руплівую штодзённую працу? Якой павінна быць Царква ў будучым, каб добра выконваць сваю місію?
 
— Мне здаецца, што трэба проста жыць Евангельлем і выконваць тое, пра што прасіў нас Хрыстос — сьведчыць пра сваю веру добрымі ўчынкамі, і праз гэта людзі будуць пазнаваць Бога, а разам з тым пазнаваць і Царкву. Даведаюцца, напрыклад, што я — хрысьціянін і пажадаюць маліцца разам, спытаюць, з якой я Царквы. Вядома ж, я раскажу, хто я і з якой Царквы.

Кожнаму грэка-каталіку ў Беларусі, і ўвогуле кожнаму хрысьціяніну трэба быць больш актыўным у сваёй веры і ў штодзённым жыцьці не хаваць яе, намагацца сьведчыць пра сваю веру. Бо Хрыстос кажа, хай людзі бачаць вашыя добрыя ўчынкі, каб яны пазналі Айца нябеснага. Калі б кожны хрысьціянін задумаўся над гэтым і рабіў бы так – гэта было б сьведчаньнем ня толькі веры, але і кожнай канкрэтнай Царквы.
 
— Дзякую за размову і жадаю душпастырскіх посьпехаў для Вас і для вашай Царквы!
 
— Няхай уваскрослы Госпад блаславіць усіх нас!
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"