Друк
25.09.2014
Уніі практыкаваліся ў гісторыі практычна ўсіх Цэркваў
 
Інтэрв’ю з гісторыкам і рэлігіязнаўцам Аляксеем Юдзіным пра ўкраінскіх грэка-католікаў, значэньне тэрміну «унія» і дагматычную сьпецыфіку старажытных Усходніх Цэркваў на сайце “ПостНаука”.
 
Матэрыял падрыхтаваны на аснове радыёперадачы «Гісторыя рэлігіі» на радыё “Говорит Москва”. Вядоўца — галоўны рэдактар праекту “ПостНаука”, рэлігіязнаўца Івар Максутаў, госьць эфіру — Аляксей Юдзін, кандыдат гістарычных навук і дацэнт Цэнтру вывучэньня рэлігіяў Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэту.
 
— Давайце пачнем з таго, што высьвятлім, хто такія грэка-католікі і ўніяты. Што азначае грэцкі элемент у гэтым тэрміне?

— Гэта абрадавая рэлігійная культура, грэцкая рэлігійная традыцыя, візантыйская ў шырокім сэнсе слова, да якой належыць і Расейская Праваслаўная Царква.

Статуя апостала Пятра ў Ватыкане.
Элемент «грэка-» пазначае прыналежнасьць да ўсходняй хрысьціянскай традыцыі візантыйскага ўзору. Аднак гэта католікі, гэта значыць яны прызнаюць зьверхнікам Паўсюднай Царквы рымскага біскупа — папу.

— Існуюць яшчэ нейкія католікі такога тыпу?
 
— Вядома, ёсьць балгары-католікі, румыны-католікі і славакі-католікі. Яны, так ці інакш, належаць да візантыйскай традыцыі і таксама зьяўляюцца грэка-католікамі. Але пры гэтым існуюць яшчэ і армяна-католікі, эфіёпы-католікі з сваёй гістарычнай традыцыяй і з сваім старажытным абрадам.
 
У цэлым у Каталіцкай Царкве існуе шэсьць традыцыяў, якія вызначаюць так званы «кананічны абрад»: александрыйская, антыяхійская, армянская, візантыйская, халдэйская і лацінская. Прыналежнасьць да гэтых абрадаў служыць крытэрам для такога царкоўна-прававога паняцьця, як «абрадавая Царква». Пры гэтым практыкуецца яшчэ і тэрмін «літургічныя абрады». Ён ужо характарызуе нейкую сукупнасьць літургічных традыцыяў, якія склаліся ў пэўнай этнакультурнай сітуацыі. Уласна, гэтыя тэрміны апісваюць і сістэматызуюць паводле царкоўна-прававой і культурна-літургічнай прыкметы разнастайнасьць традыцыяў у Каталіцкай Царкве.
 
Але для масавай сьвядомасьці Каталіцкая Царква — гэта, вядома, лацінскі абрад. А ўся астатняя разнастайнасьць адкрываецца нечакана як «іншае каталіцтва».
 
На тэрыторыі сучаснай Украіны знаходзіцца найбольш прадстаўнічая Царква з сьпектру гэтага «іншага каталіцтва» з сваёй досыць старажытнай гісторыяй, якая адлічваецца з канца XVI стагоддзя. Ёсьць больш старажытныя Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы, напрыклад Мараніцкая Царква ў Ліване. Фармальная унія з ёй была падпісана ў канцы XII стагоддзя, хоць самі мараніты сьцьвярджаюць, што наогул ніколі не парывалі з Рымам. У сувязі з гэтым Украінская Грэка-Каталіцкая Царква выглядае параўнальна маладой.
 
— Трэба падкрэсьліць, што пад уніяй разумеецца з пункту гледжаньня каталіцкага сьвету ўзьяднаньне з Каталіцкай Царквой прадстаўнікоў іншых хрысьціянскіх традыцыяў.
 
— Ня толькі каталіцкага сьвету.
Уніі практыкаваліся ў гісторыі практычна ўсіх Цэркваў.
Расейскае аднаверства — гэта, уласна, унія паміж пануючай «ніканіянскай» Царквой і той часткай стараверства, якая гатовая была прыняць умовы ўзьяднаньня і пераадолець раскол.
Калі мы паглядзім на гістарычны шлях хрысьціянскай Царквы, то ўбачым, што існавала першапачатковая еднасьць, але з часам пачаліся нейкія праблемы, якія запатрабавалі пэўных рашэньняў. Унія — гэта заўсёды саюз, зьліцьцё, нейкі пакт, у тым ліку юрыдычна выказаны.
 
— Аднак, калі паглядзець на гісторыю Царквы ў цэлым, спробы ўніфікацыі Царквы, гэта значыць спробы прывядзеньня да нейкай агульнай асновы рэлігійнай ідэі і дактрыны, часьцей за ўсё прыводзілі як раз да расколу. Прычым мы бачым яго як раскол, а для канфліктуючых бакоў гэта быў адкол: для аднаго боку адлучылася меншасьць і наадварот.
 
— Тут мы трошкі загуляліся ў словы «унія»/«уніфікацыя». Унія — гэта з лацінскага слова unio, даслоўна «саюз».
 
— Але ў расейскай мове, як можна прасачыць з крыніцаў па гісторыі Царквы, унія выкарыстоўваецца як лаянка. Гэта значыць, «грэка-католікі» — гэта нейкая больш ці менш нейтральная ацэнка, якая сьведчыць пра тое, што гэта католікі, якія захоўваюць грэцкі абрад. А ўніяты — гэта нейкія зусім нядобрыя людзі, адступнікі.
 
— У XIX стагоддзі тэрмін «уніяцтва» быў даволі нейтральным. У Санкт-Пецярбургу існавала Ўніяцкая калегія, і было зразумела, што гэта нейкая неправаслаўная група, якая атрымалася ў выніку злучэньня з Каталіцкай Царквой. А «грэка-католікі» — гэта вынаходніцтва часоў імператрыцы Марыі-Тэрэзы ў Сьвятой Рымскай імперыі, калі зьявілася такое дзяржаўнае разьмежаваньне: рыма-католікі і грэка-католікі. У Расеі, так ці інакш, гэтую тэрміналогію прынялі.
 
— Калі казаць пра сьпецыфіку іншых католікаў, ці ёсьць нейкае якаснае адрозьненьне паміж католікамі з Старажытных Усходніх Цэркваў, якія зьядноўваюцца з Каталіцкай Царквой, і грэка-католікамі, прадстаўнікамі ўсходняга хрысьціянства?
 
— Галоўная якасьць католікаў з Старажытных Усходніх Цэркваў — гэта еднасьць з рымскім біскупам. Гэта значыць яны зьяднаныя з Рымам у царкоўнай сулучнасьці, у асноўных дактрынальных і кананічных устанаўленьнях, але ў іх ёсьць свая сьпецыфіка. Як правіла, узначальвае гэтую Царкву патрыярх. Гэтая Царква вызначаецца лацінскім тэрмінам як sui juris — «свайго права». Гэта, у сутнасьці, памесная Каталіцкая Царква.
Пры гэтым гэта ёсьць Царква з сваім патрыяршым Сінодам і патрыярхам, які знаходзіцца ў залежнасьці ад папы і Рымскай курыі.
 
Да нядаўняга часу ў тытуле папы быў яшчэ такі падтытул — «Патрыярх Захаду». Гэта выглядала больш чым дзіўна: атрымлівалася так, што ўсе ўсходнія каталіцкія патрыярхі знаходзіліся ў падпарадкаваньні ў Патрыярха Захаду, якім зьяўляецца папа.
Ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў.
У папы існуе самае блізкае атачэньне — кардыналы (сенатары Рымскай Царквы). У традыцыйнай каталіцкай пірамідзе ўлады наверсе знаходзіцца папа, потым кардыналы. А дзе месца ўсходніх патрыярхаў? Атрымліваецца, што яны пад кардыналамі. І гэта неймавернае прыніжэньне для Ўсходу. І калі цяпер адбываецца сумяшчэньне тытулаў «патрыярх» і «кардынал», гэта вымушаны кампраміс.
 
— Для ўсходняга сьвету гэта сапраўды можа быць вельмі балючым. Але сьвет зьмяняецца і цягам доўгага часу рухаецца да пэўнай роўнасьці. Ці выяўляецца гэта ў пытаньнях улады? І ці ёсьць, паводле Вашага досьведу, нейкі паблажлівы погляд з боку рыма-католікаў у дачыненьні да іншых католікаў?
 
— Цяпер каталіцкі сьвет зьмяніўся ў той бок, дзе ўжо няма ніякага погляду зьверху з боку Рыму на ўсходнюю рэальнасьць, але раней гэта было. Было заяўлена першынство лацінскага абраду — praestantia ritum latinorum. Так было цягам доўгага часу. На хрысьціянаў Усходу, якія прынялі унію з Рымам, глядзелі як на нейкіх недаробленых напаўкатолікаў. Гэта значыць быццам паводле наміналу яны католікі, але з імі трэба яшчэ папрацаваць, пачысьціць іх традыцыю і пажадана прывесьці да лацінскага абраду.
 
Гэта прывяло да вельмі сур'ёзных наступстваў у гісторыі ўсходніх каталіцкіх супольнасьцяў — да так званай «лацінізацыі» іх спадчыны: і літургічнай, і кананічнай, і нават дагматычнай. У выніку адбыліся ўжо ўнутраныя расколы ў асяроддзі саміх усходніх католікаў.
 
— Фактычна іншыя католікі зьяўляюцца ў тых рэгіёнах, дзе пазіцыі Каталіцкай Царквы слабыя. Гэта значыць яны недастатковыя для таго, каб Каталіцкая Царква стварыла сваю дыяцэзію ці самастойную юрысдыкцыю?
 
— Ня толькі. Напрыклад, як мы ўжо казалі, ліванскія мараніты заўсёды лічылі сябе ў еднасьці з Рымам, але унію ўсё ж аформілі. Гэта адзін варыянт.
 
Іншы варыянт — Мельхіцкая Каталіцкая Царква, у гісторыі якой усё пачалося з расколаў. Напачатку XVIII стагоддзя ў Алепа і Дамаску, двух цэнтрах царкоўнага палітычнага жыцьця, існавалі розныя кандыдатуры на патрыяршы пасад, пачалася бязладзіца, царкоўна-грамадзянскія звады. І частка праваслаўных мельхітаў вырашыла ўзьяднацца з Рымам, каб умацаваць свае пазіцыі. У выніку гэтага ўнутранага супрацьстаяньня зьявілася унія — царкоўны саюз, які зусім ня вырашыў праблемы гэтай Царквы, а прывёў да новага расколу, але ўжо ў фармаце «каталіцкі-праваслаўны».
 
Украінскія грэка-католікі зьявіліся ў 1596 году ў выніку славутай Берасьцейскай уніі. У Кіеўскай мітраполіі таго часу існавалі сур’ёзныя праблемы: адсутнасьць дзейснага біскупскага кіраваньня, агульны дысцыплінарны крызіс і апатыя хрысьціянскага жыцьця.
Грамата Берасьцейскай царкоўнай уніі ад 8 (18) кастрычніка 1596 году.
Пры гэтым Кіеўская мітраполія знаходзілася на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, у якой панаваў дзіўны для Еўропы таго часу клімат палітычнай талерантнасьці. Да таго ж у Рэчы Паспалітай адчувалася моцная рэлігійная і палітычная прысутнасьць пратэстантаў.
 
Пры гэтым лацінскія біскупы Польшчы ўваходзілі ў палітычную эліту, многія былі сенатарамі. Гледзячы на веліч лацінскіх біскупаў і разумеючы сваю непаўнавартаснасьць, большасьць праваслаўных біскупаў Кіеўскай мітраполіі схіляліся да саюзу з Рымам. Але перш чым заслаць ганцоў у Рым, праваслаўныя біскупы правялі ў 1595 годзе свой сабор у Берасьці, на якім сфармулявалі пэўныя прапановы і нават умовы уніі. Але ў Рыме на гэта нават не паглядзелі, паколькі там лічылі, што пры ўзьяднанні з «маці ўсіх Цэркваў» нядобра выстаўляць якія-небудзь умовы.
 
У выніку унія ўкладаецца Рымам не з Царквой Кіеўскай мітраполіі, а з nation ruthenica, гэта значыць з нейкім «рутэнскім народам», у якога, праўда, існуюць свае біскупы і сьвятары. А ініцыятары уніі на Берасьцейскім саборы, вядома, лічылі сябе памеснай Царквой з патрыяршым узначальваньнем, з сваім літургічным укладам і старажытнымі традыцыямі. Усё гэта Рымам не было прынята ў разьлік. Тым ня менш у 1596 годзе унія адбылася, але вынікам яе стаў царкоўны раскол у Кіеўскай мітраполіі.
 
— У нейкі момант нараджаецца іншае хрысьціянства, у тым ліку ў сувязі з слабасьцю ў праваслаўным хрысьціянстве Ўсходняй Еўропы. Але, на мой погляд, ёсьць прынцыповае адрозьненьне гэтых Старажытных Усходніх Цэркваў, паколькі ніякага магчымага саюзу да таго ў іх не было. Гэта значыць нельга сказаць, што калісьці гэтыя Цэрквы падзяліліся, паколькі хрысьціянства на гэтай тэрыторыі не было.
 
— Дарэчы, вельмі складана вызначыць момант расколу паміж традыцыйнымі Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі. Мы ведаем, што быў нейкі раскол у 1054 годзе. Да гэтага году зносіны паміж Рымам і Канстанцінопалем разрываліся некалькі разоў, прычым на вельмі істотныя прамежкі часу. Але зноў Цэрквы аднаўлялі адносіны, прымаючы нейкія рашэньні ці робячы выгляд, што нічога не адбылося.
Але, так ці інакш, у XI стагоддзі памінаньне Рымскіх біскупаў сыходзіць з дыпціхаў Канстанцінопальскай Царквы. А пасьля захопу Канстанцінопаля крыжакамі ў 1204 году справа прымае незваротны ход.
 
Але з Канстанцінопаля неаднаразова спрабавалі загаварыць з Рымам. Была і Ліёнская унія 1274 году і уніі Ферара-Фларэнцкага сабору 1438–1445 гадоў. Фларэнцкая унія з грэкамі, якабітамі, армянамі і сірыйцамі была вельмі сур’ёзнай падзеяй, і на дакументы гэтых уній Рым спасылаўся вельмі часта.
 
— Што да дагматаў: як адрозьніваюцца грэка-католікі, рыма-католікі і праваслаўныя?
 
— З аднаго боку, пытаньне пра дагматыку здаецца больш ці менш відавочным, паколькі дагматыка дакладна вызначана і сістэматызавана. З іншага боку, паводле ўласнага досьведу магу сказаць, што цяпер мала хто кампетэнтна разьбіраецца ў гэтай вобласьці. Багаслоўе сыходзіць з нашага жыцьця, нават з прафесійнага царкоўнага сьвету.
 
Якую дагматычную праблему ў гэтай сувязі можна ўзгадаць? Вядома, знакамітае «філіёквэ» — даданьне ў Сымбалі веры да адной з частак вызнаньня выразу пра «зыход» Сьвятога Духу ня толькі ад Айца, але і ад Сына. Яшчэ на Ферара-Фларэнцкім саборы эксьперты-багасловы, грэкі і лаціняне, выявілі, што ў хрысьціянскага Ўсходу і ў хрысьціянскага Захаду розныя багаслоўскія мовы. Быццам бы першапачатковая традыцыя агульная, да пэўнага часу яна разьвіваецца адэкватна і для Ўсходу, і для Захаду, але ўжо напрыканцы першага тысячагоддзя фармуюцца розныя традыцыі з сваімі багаслоўскімі і літургічнымі мовамі. Гэта датычыла і вельмі тонкай багаслоўскай матэрыі ў пытаньні «зыходу» ці «паходжаньня» Сьвятога Духу.
 
— Але ўсё ж гэта тое, што кладзецца ў аснову рознага разуменьня цэнтральнай постаці хрысьціянства — Хрыста.
 
— У цэлым хрысталогія для праваслаўных і для католікаў агульная, але некаторыя адценьні сэнсаў адрозьніваюцца. У сучаснай практыцы даданьне filioque («…і Сына») у Сымбалі веры для Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў неабавязковае. Нават знакамітая рымская дэкларацыя «Dominus Iesus» 2000 году ў выкладзе Сымбаля веры не прыводзіць filioque.
Хоць для лацінскіх католікаў яно, вядома, застаецца абавязковым, але для ўсходніх — не. Як раз у часы пантыфіка Яна Паўла II Каталіцкая Царква двойчы выказвалася на гэтую тэму: спачатку ў папскім катэхізме, а потым у сьпецыяльным дакуменце Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, у якім быў зроблены ня толькі багаслоўскі, але і гісторыка-філалагічны аналіз. Але рэакцыя хрысьціянскага Ўсходу на гэтыя экуменічныя ініцыятывы Рыму была мінімальнай.
 
— Але ёсьць жа зразумелае прачытаньне розных сьвятаў і постаці Хрыста. Напрыклад, Раство ці Вялікдзень. Для Каталіцкай Царквы Раство — гэта сьвята значна мацнейшае ў культурным сэнсе.
 
— Так, яно больш насычанае рэлігійнымі і культурнымі практыкамі. Але Вялікдзень — гэта заўсёды сьвята сьвятаў.
 
— Але яно мае значна большае значэньне для рэлігійнай культуры, і такім чынам, уплывае на людзей і на прачытаньне імі евангельскага пасланьня. Евангельле — гэта пра ўваскрасеньне Хрыста ці пра нараджэньне Збаўцы? Выбар адказу на гэтае пытаньне зьмяняе акцэнты ў тым, як прачытаць саму постаць Хрыста. Гэта значыць важна тое, што Ён нарадзіўся, ці тое, што ўваскрос?
 
Хрыстос. Мазаіка XII стагоддзя.
— Вядома, што ўваскрос! Але ж, не нарадзіўшыся ў целе, Ён ня мог і ўваскрэснуць. Аднак прывяду такі прыклад літургічных, дагматычных і нават антрапалагічных розначытаньняў на Ўсходзе і на Захадзе. Усьпеньне Багародзіцы. На Ўсходзе гэта, вядома, Усьпеньне, а для лацінскага Захаду гэтая падзея і адпаведнае сьвята — Унебаўзяцьце Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. На Ўсходзе Багародзіца памірае, нібы пагружаючыся ў сон. Захад жа кажа: «А што далей?» А далей яна была целам узьнесена на неба. Такім чынам, 15 жніўня паводле юльянскага календара для праваслаўных сьвята Ўсьпеньня. А 15 жніўня для католікаў паводле грыгарыянскага календара — Узяцьце Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў нябесную славу. Адно і тое ж сьвята ў сутнасьці, але розная мова і розная багаслоўская оптыка. Адпаведна, і розныя культурныя і рэлігійныя практыкі, якія выбудоўваюцца вакол гэтай падзеі.
 
— Дагматыка выяўляецца ў даўнім розным прачытаньні заходняй і ўсходняй культуры па катэгорыі граху, што спараджае дзьве розныя культурныя формы.
 
— Так, але стаўленьне да заняпалай чалавечай прыроды, да граху і яго наступстваў яшчэ больш падзяляе саму заходнюю хрысьціянскую традыцыю — католікаў і пратэстантаў. Вядома, культурныя формы і багаслоўскія традыцыі, гэта значыць нейкія інтэлектуальныя стратэгіі, якімі спрабуюць апісаць гэтую падзею, маюць ня толькі рацыянальнае вымярэньне, але і звышпрыроднае, якое не паддаецца чыста рацыянальнаму ўспрыманьню. Гэты складаны досьвед спараджае розны спосаб апісаньня і задае розныя сэнсавыя праекцыі, якія фармуюць багасловы і інтэлектуалы і ў сваю чаргу аўтарызуе Царква.
 
— Інтэлектуалы і багасловы могуць глядзець на падзею па-рознаму, але выяўляецца гэта ў першую чаргу ў літургічным падданьні — як людзі адзначаюць тую ці іншую падзею.
 
— Вельмі многія багаслоўскія абгрунтаваньні чэрпаюцца як раз з досьведу літургічнай традыцыі. Літургічная традыцыя — гэта важная частка падданьня Царквы, і ў гэтай традыцыі жыве і разьвіваецца сваё багаслоўе. Яно, дарэчы, можа разыходзіцца з акадэмічным багаслоўем. Але багаслоўскія сэнсы нярэдка бяруцца і пераносяцца ў дагматыку з літургічных метафараў.
 
— Менавіта праз літургічнае падданьне людзі вучацца багаслоўю. Таму што людзі галоўным чынам атрымліваюць гэтае разуменьне не з асноваў праваслаўнай культуры, паколькі іх няма. І ў гэтай сувязі выглядае вельмі дзіўным зьяўленне такой істоты, як уніяты. Паколькі, з аднаго боку, яны захоўваюць свой абрад, у якім у літургічным падданьні захоўваецца іншае прачытаньне хрысьціянскіх падзеяў, але, з іншага боку, прымаюць дагматычнае багаслоўскае адзінства з Рымам. Як такое магчыма?
 
— Доўгі час Рым спрабаваў зрабіць свайго роду зачыстку ў розных Усходніх Каталіцкіх Цэрквах. Падазрэньне ў ерасі выклікалі багаслоўскія фармулёўкі ва ўсходніх літургічных тэкстах. Туман усходняй сымболікі патрабавалася разагнаць і ўвесьці дакладныя і аўтарытэтныя лацінскія фармулёўкі. Ды і многія ўсходнія католікі саромеліся свайго квяцістага літургічнага сымбалізму. У выніку ва ўсходніх католікаў узьнікала літургічная сінкрэтыка як наступства знакамітай «лацінізацыі». У каталіцкай усходняй літургіі раптам зьяўляліся элементы, якіх там ніколі не было. На строгі ўсходні погляд у грэка-католікаў часам атрымоўвалася дзіўная пародыя з выстаўленьнем Сьвятых Дароў на літургіі, а замест шасьціпсалмоўя на ўсяночнай чыталіся лацінскія «набажэньствы». І такія сінкрэтычныя практыкі захоўваюцца дагэтуль. У цэлым жа ў многіх Усходніх Каталіцкіх Цэрквах існуюць «празаходні» і «праўсходні» накірункі, і ня толькі ў плане літургічнай традыцыі. Тое ж самае адбывалася і адбываецца ва Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царкве.
 
— Доўгі час уважалася, што грэка-каталіцкія, усходне-каталіцкія Цэрквы павінны быць мостам, але гэта выклікала раздражненьне на праваслаўным Усходзе. Сёньня тая зьява, якая з пункту гледжаньня Каталіцкай Царквы павінна была стаць нейкім мастком, робіцца каласальнай перашкодай. З пункту гледжаньня Праваслаўнай Царквы гэта, напрыклад, называецца перашкодай, якіая замінае візіту Папы Рымскага ў Расею. Думаю, з прыходам новай улады ва Ўкраіне гэтыя канфлікты будуць толькі абвастрацца, паколькі зразумела, што Расейская Праваслаўная Царква Маскоўскага патрыярхату на тэрыторыі Ўкраіны будзе мець пэўныя цяжкасьці. Што з гэтым можна было б зрабіць ці што можа адбывацца сёньня? І наколькі ўлада Рыму распаўсюджваецца на грэка-католікаў?
 
— Да пачатку 1990-х гадоў дыялог паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі разьвіваўся даволі добра. Але затым усё абвалілася. На парадку дня з постсавецкай легалізацыяй грэка-католікаў, перш за ўсё ва Ўкраіне, паўстала пытаньне «ўніятызму». З праваслаўнага боку, ад імя ўсіх Цэркваў, якія знаходзяцца ў еднасьці з Канстанцінопалем, быў практычна пастаўлены ўльтыматум: пакуль існуюць усходнія католікі, нам няма пра што размаўляць з Рымам. У выніку ўстанавілася блакада праваслаўна-каталіцкага дыялогу, і працягвалася яна практычна дзесяцігоддзе.
 
Гэтае пытаньне спрабавалі вырашыць так званай Баламандзкай дамовай 1993 году, у якой унія была абвешчана несапраўднай як метад і форма зьяднаньня. Але пры гэтым грэка-католікі прызнаваліся самастойнымі Цэрквамі, якія маюць права на існаваньне.
Гэтая пазіцыя, ад пачатку санкцыянаваная і ўхваленая прадстаўнікамі памесных Праваслаўных Цэркваў, пазьней падверглася самай жорсткай крытыцы. Пасьля гэтага Баламандзкая дамова была, па сутнасьці, дэнансаваная. І праблема «ўніятызму» як пытаньне пра існаваньне ўсходніх католікаў пазначыла франтавую лінію праваслаўна-каталіцкіх стасункаў.
 
У многіх краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы Грэка-Каталіцкія Цэрквы ў другой палове XX стагоддзя прайшлі вельмі складаны шлях палітычных рэпрэсіяў і ганеньняў. Ня толькі ў Савецкім Саюзе, дзе яны былі забароненыя, але і ў Румыніі, Славакіі, Польшчы ў грэка-католікаў была вельмі складаная сітуацыя. Да пачатку 1990-х гадоў у гісторыі грэка-каталіцкіх супольнасьцяў Усходняй Еўропы адбылася вельмі адчувальная метамарфоза: з Цэркваў з размытай ідэнтычнасьцю — «недакатолікі» з аднаго боку і «адступнікі ад праваслаўя» з іншай — яны сталі Цэрквамі з унікальнай спадчынай навамучанікаў і вызнаўцаў веры. І гэтым, уласна, знайшлі сваю ідэнтычнасьць і даказалі права на існаваньне.
Урэшце, у 2004 годзе, было прапанавана накласьці эмбарга на тэму «ўніятызму» і вярнуцца да разгляду багаслоўскіх пытаньняў па сцэнары 1980-х гадоў. Пры гэтым для праваслаўных актуальнасьць праблемы «ўніятызму», вядома, захоўваецца. У гэтым плане ўжо няма такой напружанасьці і царкоўна-палітычнага акцэнтаваньня, як гэта было ў 1990-х, але ўсё ж час ад часу ў афіцыйнай праваслаўнай рыторыцы пагроза «ўніятызму» ўзьнікае. Аднак у апошні час, асабліва ва Ўкраіне, разьвіваюцца свае адносіны паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі супольнасьцямі. У іх ужо фармуецца свая новая гісторыя.
 
— Пры гэтым Украіна — зусім унікальны для постсавецкай прасторы рэгіён, у якім у сілу шэрагу абставінаў сфармавалася рэлігійная сітуацыя плюралізму, свабоднай канкурэнцыі рэлігійных ідэяў. У іх гісторыі не было аднаго дамінантнага гульца, што дазволіла як традыцыйным Цэрквам, так і новым рэлігійным рухам свабодна канкураваць.
 
Але пры гэтым у такой досыць плюралістычнай прасторы доступ да ўлады рабіўся згубным для той ці іншай Царквы. Напрыклад, прыход пасьля Памяранчавай рэвалюцыі боку, які сімпатызуе адной рэлігійнай традыцыі, узмацняў адну групу Цэркваў у процівагу іншай. Прыход жа Януковіча ўзмацняў функцыі іншай Царквы. Якая будучыня чакае грэка-католікаў у гэтай сітуацыі?
 
— У першай палове XX стагоддзя Ўкраінскую Грэка-Каталіцкую Царкву ўзначальваў мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі. У яго быў свой план пабудовы адзінай украінскай Царквы, гэта значыць узьяднаньня гістарычнай Кіеўскай мітраполіі. У гэтым плане грэка-католікі павінны былі адыграць вядучую ролю: яны павінны былі кансалідаваць гэты рух да царкоўнай еднасьці ва Ўкраіне. Пры гэтым мітрапаліт Шаптыцкі лічыў, што іх мэта — патрыяршаства, аднак будучы ўкраінскі патрыярх неабавязкова павінен быць грэка-католікам. Сучасныя грэка-католікі нясуць свой узьяднальны мэсідж, многія з іх мяркуюць, што царкоўная еднасьць ва Ўкраіне — гэта іх гістарычная задача. Можна лічыць гэта ўтопіяй, а можна паглядзець на ўсё гэта інакш.
 
Будучыня ў Грэка-Каталіцкай Царквы ва Ўкраіне, вядома, ёсьць, паколькі гэта ўжо паўнавартасная царкоўная супольнасьць з сваёй вельмі магутнай спадчынай і з сваёй унікальнай ідэнтычнасьцю. Вядома, у яе жыцьці застаюцца многія праблемы з мінулага, паўстаюць новыя цяжкасьці, але відавочная і новая дынаміка разьвіцьця. А пытаньне пра тое, якую менавіта ролю гэтая Царква можа адыграць у будучых працэсах палітычнай і рэлігійнай гісторыі Ўкраіны, застаецца адкрытым. Але свая роля ў гэтай будучыні ў грэка-католікаў адназначана ёсьць.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"