Друк
08.12.2014
Папа схіліўся перад патрыярхам, просячы блаславеньня
 
28-30 лістапада 2014 году Папа Францішак зьдзейсьніў падарожжа ў Турцыю. Падчас экуменічнай малітвы ў катэдральнай царкве сьв. Георгія ў рэзідэнцыі Канстанцінопальскага патрыярха ў Стамбуле 29 лістапада 2014 году Біскуп Рыму схіліўся перад Патрыярхам Барталамеем I і папрасіў яго пра блаславеньне для яго і для Рымскай Царквы.
 
Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I бласлаўляе Папу Францішка. (Фота Reuters).
Гэты знак у патрыяршай царкве ў Фанары, даўнім раёне Канстанцінопаля, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя праваслаўнага патрыярха, стаў адным з важных і запамінальных момантаў візіту Папы Францішка ў Турцыю.
 
Калі Францішак схіліўся перад зьверхнікам праваслаўнай Царквы, той усклаў на яго руку і пацалаваў яго ў голаву. Гэта быў чарговы жэст узаемнай пашаны і брацкай любові, якія імкнуцца выказваць у апошні час адно аднаму Біскуп Рыму і Зьверхнік Канстанцінопальскага Патрыярхату, сьвятым апекуном якога зьяўляецца апостал Андрэй Першапакліканы, родны брат сьв. Пятра.
 
Экуменічная малітва ў патрыяршай царкве. (Фота Reuters).
Падчас спатканьня на экуменічнай малітве ў царкве сьв. Георгія Сьвяты Айцец Францішак падзякаваў Патрыярху Барталамею за «брацкую гасьціннасьць» і гаварыў пра іх агульную прыхільнасьць і намаганьні дзеля еднасьці Царквы.
 
«Якая ж ласка Божая і якая адказнасьць мець магчымасьць разам трымацца гэтай надзеі, знаходзячы падтрымку ў заступніцтве сьвятых братоў-апосталаў Андрэя і Пятра! І ведаць, што гэтая агульная надзея расчараваць ня можа, бо не абапіраецца на нас і на нашых слабых сілах, але на вернасьці Бога», — сказаў Рымскі Архірэй. Падкрэсьліў таксама, што яны з Патрыярхам Барталамеем зьяўляюцца «братамі ў надзеі».
 
Патрыярх у сваёй прамове выказаў жаданьне адшукаць поўную еднасьць Цэркваў «у часы, цяжкія для чалавецтва і для сьвету».
 
30 лістапада Папа Францішак маліўся ў патрыяршай царкве сьв. Георгія на сьв. Літургіі, якую адслужыў Патрыярх Барталамей з нагоды ўрачыстасьці ў гонар сьв. апостала Андрэя Першапакліканага.
 
У гэты ж дзень ў патрыяршай рэзідэнцыі ў Фанары першаярархі Каталіцкай і Праваслаўнай Царквы падпісалі супольную экуменічную дэкларацыю.
Папа Рымскі Францішак і Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I. (Фота Reuters).
Папа Францішак і Барталамей І намераны «працягваць крочыць разам, каб з любоўю і даверам пераадолець перашкоды», што існуююць паміж Цэрквамі.
 
«Выказваем нашае рашучае жаданьне, у паслухмянасьці волі нашага Госпада Ісуса Хрыста, павялічыць нашыя намаганьні на карысьць поўнай еднасьці паміж усімі хрысьціянамі, перш за ўсё католікамі і праваслаўнымі», — гаворыцца ў дакуменце. Папа і патрыярх выказалі падтрымку тэалагічнаму дыялогу, які разьвіваецца, дзякуючы 35-гадовай працы Зьмешанай міжнароднай камісіі, у задачы якой уваходзіць разгляд «найбольш складаных пытаньняў», якія пазначылі гісторыю дзьвюх Цэркваў і патрабуюць «уважлівага і паглыбленага вывучэньня».

У экуменічнай дэкларацыі Рымскі Архірэй і Патрыярх Канстанцінопальскі падкрэсьлілі каштоўнасьць «экуменізму крыві». Адзначаецца, што супольныя штодзённыя пакуты могуць стаць для хрысьціянаў плённай прыладай еднасьці.
 
Папа і патрыярх заклікалі ўсіх рэлігійных лідараў працягваць дыялог і прыкладаць намаганьні на карысьць будаваньня культуры міру і салідарнасьці паміж людзьмі і народамі.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"