Друк
03.03.2016
Беларускія грэка-католікі пра сумесную Дэкларацыю Папы і Патрыярха
 
З нагоды падпісанай Папам Рымскім Францішкам і Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам сумеснай Дэкларацыі, якая стала плёнам сустрэчы першаярархаў у Гаване 12 лютага 2016 году, прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі апублікавала каментар адносна пунктаў, якія датычаць грэка-католікаў.
 
У каментары прэс-службы адзначецца, што беларускія грэка-каталіцкія душпастыры і вернікі з вялікай увагай паставіліся да гэтай важнай падзеі ў жыцьці хрысьціянскага сьвету і сумеснай Дэкларацыі,
Душпастыры Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
якую падпісалі ў Гаване каталіцкі і праваслаўны першаярархі. Паводле прэс-службы Апостальскага Візітатара БГКЦ, падпісаны дакумент мае выключна важнае значэньне для грэка-каталіцкіх царкоўных супольнасьцяў і беларускіх грэка-католікаў у прыватнасьці.
 
Упершыню найвышэйшыя ярархі Каталіцкай Царквы і Расейскай Праваслаўнай Царквы ў афіцыйным дакуменце сваімі подпісамі замацавалі думкі, якія былі сфармуляваныя багасловамі ў 1993 годзе ў Баламандзкай дэкларацыі Зьмяшанай міжнароднай камісіі па багаслоўскім дыялогу паміж Рыма-Каталіцкай Царквой і Праваслаўнымі Цэрквамі, паводле якой асуджаўся ўніятызм як метад мінуўшчыны, але адначасова пацьвярджалася права на існаваньне Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, створаных у выніку розных гістарычных абставінаў. У выпрацоўцы дакументу з Баламанду (Ліван) бралі ўдзел багасловы, якія прадстаўлялі 9 памесных праваслаўных Цэркваў, у тым ліку і РПЦ Маскоўскага Патрыярхату. Але ў адрозьненьне ад Канстанцінопальскага Патрыярхату ў РПЦ МП яго не прынялі і пазьней было адзначана, што гэты дакумент мае выключна працоўны характар. Ня прынялі яго і некаторыя іншыя праваслаўныя Цэрквы, а Эладзкая Праваслаўная Царква нават асудзіла.
 
Сустрэча ў Гаване і падпісаная там каталіцка-праваслаўная Дэкларацыя дае беларускім грэка-католікам пэўную надзею, бо паводле яе «царкоўныя супольнасьці, якія зьявіліся ў выніку гістарычных абставінаў, маюць права існаваць і рабіць усё неабходнае для задавальненьня духоўных патрэбаў сваіх вернікаў». Грэка-каталіцкія душпастыры Беларусі заклікаюць маліцца аб магчымасьці атрымаць, згодна з тэкстам Дэкларацыі, «усё неабходнае для задавальненьня духоўных патрэбаў сваіх вернікаў» і гатовыя да пошуку прымірэньня з праваслаўнымі братамі і сёстрамі дзеля мірнага суіснаваньня і дабра Бацькаўшчыны.

Нельга не адзначыць, што прызнаньне сёньня больш неактуальным спосабам дасягненьня сапраўднай еднасьці Царквы Хрыстовай праз уніятызм, які меў месца ў мінулыя стагоддзі (калі пэўная царкоўная супольнасьць адрывалася ад сваёй Царквы і прыядноўвалася да іншай), азначае таксама асуджэньне падзеяў 1839 году ў Полацку і 1946 году ў Львове і інш.
 
Ніжэй падаем цалкам каментар прэс-службы Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі.
 
«1. У пятніцу, 12 лютага 2016 году, у Міжнародным аэрапорце ў Гаване (Куба) прайшла двухгадзінная сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы, якая стала першай у гісторыі сустрэчай Папы Рымскага і Маскоўскага Патрыярха.
 
Як вядома, на працягу мінулых дзесяцігоддзяў (ад ІІ-га Ватыканскага Сабору), Рымскія папы шмат разоў сустракаліся з патрыярхамі памесных праваслаўных Цэркваў. На гэты шлях хрысьціянскага братэрства ўвайшоў у Гаване і Маскоўскі Патрыярхат Расейскай Праваслаўнай Царквы. (Варта нагадаць, што ў мінулым першаярарх Рускай (Кіеўскай) Царквы — мітрапаліт Ісідар, які меў прызначаную рэзідэнцыю ў Маскве, сустракаўся з першаярархам Рымскай Царквы — папам Яўгенам IV у 1438—1439 гг. у Ферары, дзе пачаўся Ферара-Фларэнтыйскі Сабор — XVII Усяленскі).
 
Вынікам сустрэчы ў Гаване стала падпісаньне сумеснай Дэкларацыі. Беларускія грэка-католікі далучаюцца да словаў Дэкларацыі: «Складаем падзяку Богу, Якога праслаўляем у Тройцы, за гэтую сустрэчу» (1).
 
Абдымкі Папы Францішка і Патрыярха Кірыла — гэта каштоўны знак сапраўднага братэрства ў Хрысьце.
 
2. Вялікая ўвага падчас Сустрэчы ўдзялялася драматычнай сітуацыі хрысьціянаў на Блізкім Усходзе, а таксама ў іншых рэгіёнах. У прыватнасьці, у 26 пункце Дэкларацыі гаворыцца пра становішча хрысьціянаў ва Ўкраіне.
 
Хрысьціяне на Блізкім Усходзе маюць права на агульнахрысьціянскую салідарнасьць і дапамогу.
 
Усе жыхары Ўкраіны маюць права на справядлівы мір і пашанаваньне інтэгральнасьці іхняй Бацькаўшчыны.
 
3. Грэка-каталіцкія душпастыры і вернікі ў Беларусі з асаблівай увагай прачытваюць пункт 25 Дэкларацыі, дзе запісана:
 
«Спадзяёмся, што нашая сустрэча зробіць уклад у прымірэньне там, дзе існуе напружаньне паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі. Сёньня відавочна, што метад «уніятызму» мінулых стагоддзяў, які разумеўся як прыяднаньне адной супольнасьці да іншай шляхам адрыву яе ад сваёй Царквы, не зьяўляецца шляхам да аднаўленьня еднасьці.
 
У той жа час, царкоўныя супольнасьці, якія зьявіліся ў выніку гістарычных абставінаў, маюць права існаваць і рабіць усё неабходнае для задавальненьня духоўных патрэбаў сваіх вернікаў, імкнучыся да міру з суседзямі. Праваслаўныя і грэка-католікі маюць патрэбу ў прымірэньні і знаходжаньні ўзаемапрымальных формаў суіснаваньня».
 
На самой справе гэта адаптаваны тэкст Дэкларацыі з Баламанд у Ліване, прынятай 23 чэрвеня 1993 г. Міжнароднай камісіяй па багаслоўскім дыялогу Каталіцкай Царквы і Праваслаўнай Царквы, які быў «візіраваны» прадстаўніком (сьвятаром) Маскоўскага Патрыярхату, але які ня быў прыняты ярархамі Расейскай Праваслаўнай Царквы. Праз подпісы першаярархаў Папы Францішка і Патрыярха Кірылы тэкст Дэкларыцыі з Гаваны атрымлівае найвышэйшае значэньне.
 
Беларускія грэка-каталіцкія душпастыры моляцца аб магчымасьці атрымаць — згодна з тэкстам Дэкларацыі — «усё неабходнае для задавальненьня духоўных патрэбаў сваіх вернікаў» ды гатовыя ў прымірэньні шукаць узаемапрымальных формаў суіснаваньня з праваслаўнымі братамі і сёстрамі – на славу Божую і для дабра супольнай Бацькаўшчыны.
 
«Хочам надалей мужна працягваць малітву аб добрых пладах сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірылы праз заступніцтва супольных сьвятых — Апосталаў славянаў Кірылы і Мятода ды пад іхняй апекай дзейнічаць не як супернікі, а браты», — сказаў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) на багаслоўска-душпастырскім семінары, прысьвечаным ушанаваньню роўнаапостальных Кірылы і Мятода, што прайшоў у Менску ў суботу, 13 лютага 2016 году».
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"