Друк
19.11.2016
У грэка-католікаў Беларусі распачаўся Калядны пост
 
Час духоўнай падрыхтоўкі да сьвята Раства Хрыстовага распачаўся ў беларускіх грэка-католікаў, якія сёньня жывуць паводле грыгарыянскага календара. Калядны пост (Піліпаўка), што распачаўся паводле візантыйскай традыцыі ў дзень пасьля сьвята сьв. Апостала Піліпа — 15 лістапада, працягнецца 40 дзён.
 
З гэтай нагоды душпастыр беларускіх грэка-католікаў у Антвэрпане (Бельгія) а. Іван Майсейчык падзяліўся сваім настаўленьнем з вернікамі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
«Мілыя ў Богу Браты і Сёстры!
Сёньня, 15 лістапада, распачынаем Перадкалядны пост. Хай добры Бог дасьць нам сілы вытрываць у добрым, ня схібіць на шляхі сваіх пажаданьняў, але, адказваючы на заклік Хрыстовы, непахісна стаяць у захаваньні Божых запаведзяў і Евангельскіх радаў, каб годна сустрэць урачыстае сьвята Нараджэньня Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста.
 
Мы маем шчасьце быць дзецьмі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, якая ў поўні дзеліць лёс свайго народу, жывучы не ў палацах і раскошных пакоях, але ў хацінах людзкой нядолі. Калі я чытаю Евангельле, якое распавядае пра жыцьцё першаснай хрысьціянскай супольнасьці, то адразу пазнаю нашую Царкву, — перасьледаваную, ачарняную, нямудрую, бедную, безнадзейную ў вачах ворагаў, але поўную Хрыстовай «жывой надзеі да спадчыны незьнішчальнай, беззаганнай і неўвядальнай, што захавана ў нябёсах» (1 Пт 1:3-4).
 
Сьвяты Апостал Пётра быццам на ўласныя вочы бачыць рэчаіснасьць нашага жыцьця, і сёньня, у першы дзень Посту, ізноў нагадвае нам:
«Умілаваныя, прашу вас, як прыхадняў і падарожнікаў, паўстрымацца цялесных пажаданьняў, якія ваююць супраць душы. Паводзіны вашы сярод паганаў хай будуць добрыя, каб тыя, што ставяцца да вас як да злачынцаў, бачачы вашы добрыя ўчынкі, славілі Бога ў дзень адведзінаў... бо такая ёсьць воля Божая, каб вы добрымі ўчынкамі затыкалі вусны невуцтву неразумных людзей, як людзі свабодныя, ды не як тыя, для якіх свабода ёсьць покрыва зла, але як слугі Божыя» (1 Пт 2:11-12).
Хай гэтыя дні стануцца часам больш уважлівага чытаньня Слова Божага, сабранай рэгулярнай малітвы і ажыўленьня глыбокага пачуцьця любові да свае Царквы і гонару за яе. Сапраўды, ці магчыма не ганарыцца Царквой, зьнявечанай перасьледам, што падобна свайму Госпаду, моцай Божай уваскрасае з мёртвых? Ці магчыма ня радавацца і не любіць нашых братоў і сясьцёр, што не пайшлі шырокім шляхам служэньня чужым багам, але ахвяруюць сваё жыцьцё адбудове разбураных родных алтароў, аднове занядбанай сьветлай памяці слаўных продкаў і сваёй уласнай тоеснасьці?

Паслухаемся Апостала, будзем аднадумнымі, спагаднымі, поўнымі братняй любові, міласэрнымі, пакорлівымі, ня помсьлівымі, але поўнымі словаў блаславеньня — у гэтым сакрэт нашай унутранай радасьці і посьпеху нашага зьнешняга сьведчаньня.
 
Сёньня з вядомых прычынаў у нас няма прыгожых храмаў і асьвячаных векавой малітвай манастыроў, аднак гэта хай нас не трывожыць і не засмучае, бо, як слушна кажа Сьвяты Айцец, «самае каштоўнае, што мы маем, — гэта Хрыстос і Яго Евангельле».
 
Даражэм гэтым!»
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"