Друк
02.07.2017
Ірына Дубянецкая: Наш пераклад Бібліі — для ўсіх беларусаў
 
Пасьля Скарыны на сьвет зьявіліся тры поўныя пераклады Бібліі на сучасную беларускую мову — Янкі Станкевіча, Васіля Сёмухі і айца Ўладзіслава Чарняўскага. Навошта спатрэбіўся чацьвёрты, над якім з 2012 году працуе група энтузіястаў? Госьцяй перадачы — ініцыятарка праекту доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая.
 
— Ірына, спачатку давайце высьветлім, як сталася, што 500 гадоў таму мы апынуліся ў першых шэрагах? Гэта выпадак ці заканамернасьць — чалавек па імені Скарына?
 
— Найперш гэта дзіва. Усяго былі чатыры культуры, якія пасьпелі з перакладамі Бібліі да пачатку Рэфармацыі ў Еўропе: нямецкая, італьянская, чэская ды нашая. Гэта важна ўсьведамляць, бо акурат Рэфармацыя дала моцны імпульс да пашырэньня Бібліі і, як вынік, да яе перакладу на народныя мовы. Дык вось, тры з чатырох першапраходцаў былі паперадзе астатніх цалкам заканамерна. Самымі першымі былі немцы. Першы друкаваны пераклад Бібліі на нямецкую мову выйшаў у 1466 годзе — неўзабаве пасьля пачатку кнігадрукаваньня. Нямецкая культура пераклáдаў Бібліі радыкальна адрозьнівалася ад усіх астатніх у Еўропе. Калі ў іншых народаў было зроблена па некалькі такіх перакладаў (а часам і зусім не было), то ў немцаў захавалася каля 1 000 манускрыптаў перакладной Бібліі! Тое самае і з друкаванамі перакладамі. Калі Марцін Лютар пачаў перакладаць Новы Запавет у 1522 годзе (што вельмі рана ў сусьветным маштабе), ужо існавала каля 90 (!) друкаваных Біблій — поўных і няпоўных, у перакладах на розныя верхне- і ніжненямецкія дыялекты. Так што калі Ёганэс Мэнтэлін выдрукавў у Страсбурзе першую ў сьвеце друкаваную Біблію на народнай мове, гэта выглядала абсалютна лагічным і натуральным.
 
Другім быў пераклад на італьянскую мову, які выдаў у Венецыі ў 1471 годзе Ніколё Малермі. Гэта было таксама заканамерна. Па-першае, менавіта з Італіі пачаўся Рэнэсанс, які абудзіў інтэлектуальную, дасьледчую і творчую энэргію еўрапейцаў. Па-другое, італьянская мова была, па-сутнасьці, першай літаратурнай моваю ў Еўропе. Ужо на пачатку XIV стагоддзя Дантэ стварыў сваю «Камэдыю», пазьней названую Боскай, на народнай мове. Неўзабаве Франчэска Петрарка пачаў пісаць свае шэдэўры, якія спрычыніліся да станаўленьня італьянскага гуманізму, а там і Бакачча разварушыў думкі суайчыньнікаў. І гэта пры тым, што ў іншых краінах літаратура на народнай мове зьявілася праз стагоддзе, а то і праз два-тры... А ў XV стагоддзі Венецыя была адным з найбуйнейшых сусьветных інтэлектуальных, культурных ды камерцыйных цэнтраў.
 
— Нездарма і Скарына туды памкнуўся.
 
— Нездарма, безумоўна. Там віравала жыцьцё, там сустракаліся і ўзаемадзейнічалі розныя ідэі, традыцыі, народы. Нездарма і армянскае кнігадрукаваньне пачалося таксама ў Венецыі — на 5 гадоў раней за Скарыну. І таму венецыянскае выданьне перакладной італьянскай Бібліі справядліва апынулася на другім месцы. А трэцімі былі чэхі. Дзякуючы Яну Гусу, Рэфармацыя ў Чэхіі пачалася на стагоддзе раней, чым у іншых, і таму цікавасьць да біблійных перакладаў там была надзвычайная. Да Скарыны былі надрукаваныя ажно тры чэскія пераклады — у 1488 годзе ў Празе, праз год — у Кутнай Горы, і яшчэ адзін — у 1506 годзе ў той жа Венецыі. Відаць, гэты апошні і патрапіў у рукі Скарыну, моцна натхніў, і ў яго зьявілася ахвота зрабіць нешта падобнае для сваёй краіны.
Як бачым, немцы, італьянцы і чэхі павінны былі быць першымі, але чаму ў гэты шэраг трапіў і Скарына — гэта дзіва. Гэта сапраўды вялікі цуд. Можна сказаць, што Скарына быў першым сярод усіх астатніх.
 
— За пяцьсот гадоў пасьля Скарыны было зроблена нямала подступаў да перакладу Бібліі. Але толькі тры чалавекі дайшлі да канца — Янка Станкевіч, Уладзіслаў Чарняўскі і Васіль Сёмуха. Як вы ацэньваеце іх працу?
 
— Тры Бібліі, якія мы маем, розныя, і ўсе па-свойму цікавыя. Першая поўная Біблія была перакладзеная доктарам Янкам Станкевічам і выдадзеная ў Нью-Ёрку ў 1973 годзе. Яна поўная з гледзішча пратэстанцкага канону — 39 кніг Старога Запавету (каталіцкі і праваслаўны Стары Запавет утрымліваюць 46 кніг, а многія праваслаўныя традыцыі шануюць да 50 кніг і болей). Станкевіч — вялікі знаўца беларускай і добры знаўца грэцкай мовы, але гэбрайскай мовы ён ня ведаў. З ім працаваў Масей Гітлін, які ведаў гэбрайскую, хоць і ня ведаў беларускай. Пераклад атрымаўся якасны, аднак яго беларуская мова далёкая ад цяперашняй. Пераклад Васіля Сёмухі выйшаў у 2002 годзе. Там шмат добрых моўных знаходак. Сёмуха — выдатны знаўца нямецкай лютараўскай традыцыі. Ён кансультаваўся з Бібліяй Лютара — з сучаснымі, выпраўленымі выданьнямі, хоць, відаць, асноўнай крыніцай перакладу быў расейскі Сінадальны пераклад. Праз гэта шматлікія хібы расейскага Сінадальнага перакладу трапілі і ў пераклад Сёмухі. Ён таксама ўлучае толькі 39 кніг Старога Запавету. Поўная (з праваслаўнага і каталіцкага гледзішча) Біблія была выдадзеная ў 2012 годзе Беларускім біблійным таварыствам. Аснова гэтага выданьня — пераклад айца Ўладзіслава Чарняўскага. Ягонай галоўнай крыніцай была польская Біблія Тысячагоддзя. Праўда, хадзіла легенда ў Беларусі, што ён перакладаў з Вульгаты — лацінскага перакладу. Насамрэч гэта ня так, хоць лацінскі пераклад ён ведаў і з ім кансультаваўся. У перакладзе Чарняўскага часам вельмі ўдалыя адаптацыі на беларускую мову біблійных імёнаў і геаграфічных назваў. Праўда, Біблія 2012 году вывераная па Новавульгаце (сучасным перакладзе на лаціну), але тэкстуальная традыцыя не захаваная — туды дадалі матэрыялу з візантыйскае (пазьнейшае і найбольш распаўсюджанае ў манускрыптах пасьля ІХ стагоддзя) тэкстуальнае традыцыі, за якой ідуць славянская і расейская традыцыі, але ніяк не лацінская.
 
Так што глядзіце: пераклад Станкевіча зроблены на неўжывальную беларускую мову і няпоўны; у Сёмухі — пераклад з перакладаў і няпоўны; пераклад Чарняўскага — поўны, але, зноў жа, пераклад з перакладу, з мяшанай тэкстуальнай традыцыяй. У ХХІ стагоддзі нядобра быць у такой сытуацыі.
Беларуская мова — адзіная з тытульных моваў сьвету, на якую да гэтай пары няма сучаснага якаснага перакладу Бібліі з арыгінальных моваў (гэбрайскай, арамейскай ды грэцкай) і якасных тэкстуальных крыніцаў.
 
— Цяпер разумею, чаму вы ўзяліся за новы пераклад, першыя часткі якога зьявіліся ў часопісе «Дзеяслоў». Вы робіце гэтую працу адзінаасобна, ці — грамадой?
 
— Час адзінаасобных перакладаў Бібліі прайшоў. І прайшоў ён ужо ў XVI стагоддзі — так, першая поўная Біблія, выдадзеная ў Беларусі — Берасьцейская (Радзівілаўская) Біблія, якая пабачыла сьвет у 1563 годзе, перакладалася калегіяй навукоўцаў, якіх сабраў і спансараваў Мікалай Радзівіл Чорны (праўда, пераклад быў зроблены на польскую мову). Аўтарскія пераклады робяцца і дагэтуль, найчасьцей паасобных кніг Бібліі. Аднак з сёньняшнім узроўнем біблістычных дасьледаваньняў ніводзін чалавек ня можа ахапіць усе назапашаныя веды ў гэтай галіне. Гэтая праца абавязкова мусіць быць калегіяльнай. Раней у нас (асабліва за савецкім часам) проста не было такіх адмыслоўцаў, якія б валодалі адначасова гэбрайскай і грэцкай мовамі, а тым больш прафэсійных знаўцаў Бібліі, біблійнага кантэксту — найбагацейшых рэлігійных ды літаратурных традыцый старажытнага Блізкага Ўсходу, з якімі Біблія знаходзіцца ў няспынным сумоўі, а таксама біблійнага багаслоўя, гістарычнага і культурнага кантэкстаў і г. д. Цяпер жа такія людзі ёсьць — гэбраісты, эліністы, біблісты, багасловы, а таксама беларускія лінгвісты, літаратары, стылісты. Мая першая спроба сабраць перакладніцкую групу адбылася ў 2010 годзе, але не была пасьпяховаю. А ў 2012-м, на Міжнародным кангрэсе дасьледнікаў Беларусі ў Коўне, упершыню сфармавалася сэкцыя навуковага біблійнага перакладу. І там здарыўся цуд: людзі загарэліся ідэяй супольнай працы над новай беларускай Бібліяй — Бібліяй для ХХІ стагоддзя. Ад таго часу група і трымаецца. Распрацавалі канцэпцыю перакладу, падумалі над мэтамі і мэтадалогіямі і — пачалі перакладаць. Праўда, мы яшчэ ў самым пачатку шляху, і няма ніякіх гарантыяў, што мы пройдзем яго да канца. Але хоць нешта пазітыўнае ад нашай працы для Беларусі, спадзяюся, будзе.
 
— БПЦ і Каталіцкі Касьцёл у Беларусі таксама працуюць у гэтым кірунку. Вынікі іх працы часткова апублікаваныя. Вядома ж, у іх розныя падыходы да перакладу Сьвятога Пісьма. А якія падыходы і прынцыпы ў вас? Ваш пераклад мусіць быць надканфесійным?
 
— Так. У ідэале павінен атрымацца тэкст, прымальны для ўсіх канфесій. У нас найперш навуковы пераклад. Ён вылучаецца максымальнай блізкасьцю да арыгіналу. Навуковы пераклад абавязкова робіцца з найлепшых біблістычных крыніцаў, як гэта прынята ў сучаснай біблістыцы. Яны даўно вядомыя, тут вынаходзіць нічога ня трэба.
Сёньня нам, безумоўна, аглядацца на царкоўна-славянскі, расейскі Сінадальны, польскі ці лацінскі пераклады няма ніякай патрэбы. Хоць мы ўлічваем традыцыю шматлікіх беларускіх перакладаў ХХ і ХХІ стагоддзяў.
 
— Мне расказваў Васіль Сёмуха, які спачатку ўваходзіў у перакладніцкую камісію БПЦ, што там нейкія спрэчныя словы прымаліся галасаваньнем. А як прыходзіце да згоды вы?
 
— Пакуль што мы ў такой сітуацыі не былі, хоць спрэчных момантаў надзвычай многа. Скажам, у Беларусі ўтварылася падвойная традыцыя адаптацыі некаторых біблійных імёнаў — ёсьць Язэп і Восіп, Якуб і Якаў, Тамаш і Фама.
Калі я замежным біблістам сказала, што ў Беларусі няма адзінага прынятага спосабу адаптацыі імені Ісус, дык мне не паверылі.
Але гэта найменшыя праблемы. Асноўныя — зьвязаныя з разуменьнем старажытнага тэксту, часам для нас цьмянага, часта замглёнага традыцыяй. Спрэчных момантаў, думаю, будзе нямала.
 
Нядаўна мы ладзілі скайпавую канферэнцыю па перакладзе «Песьні песьняў», які рабіў Сяргей Шупа і над якім працавалі Галіна Сініла і Караліна Мацкевіч з Лондану. Мы моцна спрачаемся, бо ўсе аргументы за розныя прачытаньні сур’ёзныя. Аднак даходзім да кансэнсусу, а самыя неразьвязальныя моманты пакідаем для каментароў, якімі суправаджаюцца нашыя пераклады. З намі ад самага пачатку працаваў найвыдатнейшы беларускі мовазнаўца сьветлай памяці Зьміцер Саўка. На ягоную ўзважаную прафесійную думку мы маглі абаперціся. А ўвогуле ў нашай групе недзе паўтара дзясятка чалавек — калі лічыць усіх, з пяці краінаў. Самая галоўная праблема — праца з арыгінальнымі тэкстамі, адэкватнае іх разуменьне. Старажытныя біблійныя тэксты працуюць такім чынам — чым больш іх чытаеш, тым больш ты можаш у іх убачыць. Увесь час адкрываюцца нейкія іншыя сэнсы, паказваюцца глыбейшыя ўнутраныя сувязі. Чым больш учытваешся, тым большая цэльная карціна бачыцца. І калі пачынаеш разьбірацца, то бачыш, што многія традыцыйныя пераклады паўтараюць тыя самыя памылкі, якія пачаліся ці не ад перакладу Бібліі на грэцкую мову ў ІІІ — І стагоддзях да нашай эры, які рабіўся ў Александрыі (вядомы як Септуагінта). А іншыя маюць ужо новае, еўрапейскае паходжаньне.
 
— У маім кнігазборы ёсьць некалькі перакладаў Бібліі. Часам іх цікава параўнаць. Скажам, вось як пачынаецца Стары Запавет у таго ж Станкевіча: «Зямля была бяз хормы а пустая». Той жа фрагмент у Сёмухі: «Зямля была нябачная і пустая». У вас: «Зямля была голая і кволая». Абсалютна розныя словы з розным сэнсам. Як вы абгрунтуеце свой варыянт?
 
— Гэты верш па-гэбрайску гучыць рытмізавана, ён вымагае пэўнага рытму дыханьня. У ім апісваецца стан рэчаў пасьля ўзьнікненьня, але да стварэньня сьвету — такі сабе пачатак перад пачаткам. Працытаванае вамі ў арыгінале стварае вельмі яркую і вобразную карціну, якая перададзеная двума кароткімі рыфмаванымі словамі: tohu wa-bohu (wa — гэта злучнік «і»). Адно з іх атэставанае дастаткова няблага і азначае нешта пустое, спустошанае, марнае, а другое — амаль неатэставанае (у Бібліі сустракаецца яшчэ толькі двойчы, прычым адзін раз у гэтай самай дуплетнай пары). Такім чынам, дакладнага значэньня выслоўя мы ня ведаем, але можам меркаваць, што гэта — устойлівы выраз. А ўстойлівы выраз, як правіла, перакладаецца іншым устойлівым выразам. Таму калі перакладнік ідзе за семантыкай, ён траціць вобраз, дзеля якога падбіраліся словы аўтарам тэксту, пры гэтым і сама семантыка застаецца няпэўнаю. Сёмухавы варыянт «зямлі нябачнай» ідзе ад няправільнага прачытаньня грэцкага перакладу, дзе стваральнікі Септуагінты выбралі слова aoratos — маючы на ўвазе тое, што ня мае выгляду. Мы стараліся падабраць пару з двух кароткіх і пажадана рыфмаваных беларускіх словаў. Варыянт «голая і кволая» прапанаваў Зьміцер Саўка. Цікава, што калі людзі ўпершыню яго чуюць, то неяк адразу адпрэчваюць — настолькі нязвыкла гучыць. А потым праходзіць час, і ім ужо не падабаецца, калі я мяняю яго на «голая і пустая» (гэта мой варыянт). Прытым у некаторых частках Беларусі слова «кволая» ўжываецца да няўроднай, пустой зямлі.
 
— А яшчэ адна і тая ж расьліна з Евангельля ад Лукі ў перакладніка Чарняўскага названая шыпшыньнікам, у Станкевіча — чупчыньнікам, у Міцкевіча — асотам, у Клышкі — ажынай, а ў Сёмухі — хмызьняком. Цэлы гербарый.
 
— Гербарыяў там сапраўды хапае. У той жа «Песьні песьняў» мы шукалі, як назваць кветку, з якой параўноўвае сябе дзяўчына на пачатку другога разьдзелу. Як яе толькі ні называлі — ад ружы да нарцысу. Мы спыніліся на пралесцы, бо дзяўчына гаворыць пра свой някідкі ды сьціплы выгляд. У Кнізе Ёва ёсьць фраза, дзе ўжываецца пяць розных словаў для азначэньня ільва. Рознакарэнных! Паспрабуйце перакласьці. І такіх варыянтаў сапраўды вельмі многа. Перакладнікі перакладалі паводле свайго (або замацаванага ў традыцыі) разуменьня тэксту, падбіралі словы так, каб яны адпавядалі іхняму ўяўленьню пра тэкст. А тэкст мог быць зусім не пра тое. Усе ведаюць гісторыю, што адбылася ў райскім садзе паміж Адамам і зробленай з ягонае рабрыны Евай, якая потым спакусіла яго яблыкам.
У гэбрайскім тэксьце няма ні Адама, ні Евы, ні рабрыны, ні яблыка, ні спакусы.
Фактычна, нашая культура, улюбёная ў гэты сюжэт, сама сабе яго прыдумала. Вядомы ўсім канцэпт першароднага граху і грэхападзеньня быў сфармуляваны толькі ў V стагоддзі, ён трывала замацаваўся ў еўрапейскай сьвядомасьці, але каб яго знайсьці ў арыгінальнай гісторыі Саду, трэба прыкласьці добрую інтэрпрэтатарскую фантазію.
 
— Дык з чаго ўсё ж створаная Ева?
 
— Ева ні з чаго ня створаная — яе ў арыгінальным тэксьце няма. Ева ўзьнікла пры перакладах Бібліі. Двойчы на ўсю Гэбрайскую Біблію жанчына завецца Chava (Хавá) — як зьвязаная з канцэптам жыцьця, chaj. Септуагінта адзін раз перакладае семантычна — Zoe (што значыць «жыцьцё»), а другі раз больш-менш фанетычна — Eua. І гісторыя пра рабрыну паўстала таксама з перакладу. У першатэксьце ёсьць чалавек, па-гэбрайску adam (адам), які зьвязаны з зямлёй, з якой ён зроблены і якую яму наканавана ўрабляць, па-гэбрайску adamah (адамá). Потым зьяўляецца жанчына, якую Бог «збудоўвае» з аднаго з бакоў чалавека. Літаральна гучыць: «узяў адзін з цэлá ягоных і закрыў цела на тым месцы. I зрабіў Госпад Бог з цэлá, які Ён узяў з чалавека, жанчыну». Слова цэлá настолькі звыкла стала прачытвацца як «рабрына», што нават у сучасным іўрыце азначае рабрыну. У Бібліі гэтае слова нідзе ніколі не азначае рабрыну. Яно няблага атэставанае, і яго ўжыткі зразумелыя. Гэта найчасьцей архітэктурны тэрмін, які абазначае «бок». Бок алтара-ахвярніка ці будынка, часам бок узгорку. У гэтым вершы і дзея Бога называецца архітэктурным тэрмінам — «збудаваў». Карціна паўстае такая: чалавек цэльны, але мае два бакі. І калі цэльны ня справіўся са сваімі задачамі (раней канстатуецца, што, маўляў, «нядобра чалавеку быць самому», яму патрэбная помач), то Бог з кожнага з бакоў робіць самастойную істоту. Такім чынам узьнікае жанчына, у дачыненьні да якой чалавек завецца мужчынам.
 
— А ці будзе ваша «рэканструяваная» Біблія запатрабаваная для багаслужбаў?
 
— А чаму не? Я тут ня бачу ніякіх праблемаў. Нашая традыцыя — і хрысьціянская, і культурная — базуецца на тэксьце Бібліі. Дык чаму нам базавы тэкст нашай цывілізацыі не паспрабаваць прачытаць так, як ён быў напісаны? Уявіце сабе рэстаўрацыю старой карціны, на якую апроч гразі і копаці наклаліся яшчэ дапісваньні, дамалёўваньні — спачатку вучняў, потым мастакоў пазьнейшых часоў, якія хацелі «абсучасьніць» яе, потым папрацавалі рэстаўратары з няякаснымі фарбамі. Памятаеце, калі ў ХХ стагоддзі пачалі чысьціць старыя абразы, то раптам аказалася, што яны... яркія! А ніхто гэтага ня ведаў. Усе думалі, што абразы павінны быць цёмнымі, з цьмянай пазалотай. А аказалася, што яны ня цёмныя, а яркія, сьветлыя, пранізаныя сьвятлом, што яны будзяць розум, узьдзейнічаюць на сьвядомасьць і ўзносяць дух нашмат больш эфектыўна. Вось і з тэкстам так бывае.
Наша задача — не паўтараць традыцыю, а, калі трэба, трохі «адчысьціць» біблійныя тэксты ад таго, што да іх «прыліпла» за стагоддзі.
Усё адчысьціць мы ня зможам, у некаторых месцах сьвядома пакідаем скажэньні.
 
— Найбольш распаўсюджаны ў Беларусі пераклад Бібліі Васіля Сёмухі афіцыйна не прызнаны ні Царквой, ні Касьцёлам. Ці прэтэндавацьме ваш пераклад на такое прызнаньне?
 
— Адзін з нашых слоўганаў, які зьявіўся цягам працы, — народная Біблія. Яна прызначацьмецца для ўсіх — для любых канфесіяў, для неканфесійных вернікаў, для навукоўцаў, для літургічнага выкарыстаньня, для прыватнага ўжытку і для ўніверсітэцкага дасьледаваньня. Для любых выпадкаў, дзе можа выкарыстоўвацца Біблія ў ХХІ стагоддзі. Калі яна будзе афіцыйна прызнаная, мы будзем гэта толькі вітаць, калі не — будзем чакаць, калі прызнаюць. Мы знаходзімся на пачатку шляху, я нават не ўяўляю, як гэты працэс будзе ісьці. У нас няма ніякіх апекуноў і мецэнатаў, у нас няма ні Мікалая Радзівіла Чорнага, ні брытанскага караля Якуба, якія падтрымлівалі падобныя праекты. Мы перакладаем у вольны ад асноўнай працы час. Праца паціху ідзе, і я вельмі спадзяюся, што ўжо сёлета будзе апублікаваны першы плён.
 
Міхась Скобла, Радыё Свабода.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"