Друк
04.07.2017
Прыходзіць да Багародзіцы, каб нашы душы грэліся і напаўняліся любоўю Айца
 
Сёлетнія ўрачыстасьці ў санктуарыюме Маці Божай у Будславе былі спалучаныя з сьвяткаваньнем 100-годдзя фацімскіх аб’яўленьняў, якія адзначаюцца ва ўсім сьвеце.
 
На фэст у Нацыянальны санктуарыюм 30 чэрвеня — 1 ліпеня 2017 году сабраліся некалькі дзясяткаў тысячаў вернікаў, з якіх больш за 2300 прыйшлі пешшу. Сьвяткаваньні праходзілі пад дэвізам «Фацімскае пасланьне Марыі — шлях да навяртаньня». У іх бралі ўдзел і беларускія грэка-католікі, якія па традыцыі сьпявалі ўвечары Акафіст Найсьвяцейшай Багародзіцы, а ноччу адслужылі Боскую Літургію ў візантыйскім абрадзе.
 
Сьвятую Імшу апоўначы ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Габар Пінтэр. Уладыка Габар Пінтэр упершыню за час свайго служэньня ў Беларусі наведаў Нацыянальны санктуарыюм у Будславе.
 
Вітаючы прысутных на начной Імшы, Апостальскі нунцый адзначыў, што прыбыў на ўрачыстасьць як прадстаўнік Сьвятога Айца, які падчас нядаўняга наведваньня Фацімы адзначаў: «Я жадаю прыйсьці да Божай Маці, ахвяруючы Ёй у дар самыя прыгожыя “кветкі”, якія Ісус даверыў маёй пастырскай апецы, гэта азначае — братоў і сясьцёр ва ўсім сьвеце, збаўленых Яго крывёю, не выключаючы нікога». Гледзячы на мноства пілігрымаў, сабраных у Будславе, архібіскуп Габар Пінтэр усьцешана сказаў, што бачыць, як жаданьне Папы Францішка спаўняецца ў Беларусі.
 
У сваёй гаміліі Ўладыка Габар Пінтэр заахвоціў вернікаў «прасякнуцца любоўю Айца, каб яшчэ раз адчуць моц яднаньня ў Хрыстовай Царкве»:
«Мы прыйшлі ў Будслаў, каб “нашыя душы грэліся”, — зазначыў нунцый. — Тут мы сустракаем асаблівую прысутнасьць міласэрнага Бога. Тут мы адчуваем сябе як дома, дзе Нябесная Маці заўсёды цярпліва і аддана чакае нашага вяртаньня дадому».
 
Цэнтральную сьвятую Імшу 1 ліпеня 2017 году, на завяршэньне ўрачыстасьцяў, узначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У літургіі прынялі ўдзел усе ардынарыі Каталіцкай Царквы ў Беларусі, Апостальскі нунцый у Беларусі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), богапасьвячаныя асобы, шматлікія сьвятары і вернікі лацінскага і візантыйскага абрадаў.
 
Падчас гэтага заключнага набажэнства Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Габар Пінтэр таксама зьвярнуўся з прамовай да шматлікіх пілігрымаў.
«Мне хочацца зноў і зноў паўтараць разам з вамі: на Беларусі Бог жыве...! На Беларусі Бог жыве...! На Беларусі Бог жыве...!» — так нунцый падсумаваў свае ўражаньні за два дні, праведзеныя ў санктуарыюме Маці Божай у Будславе, паведамляе Catholic.by.
 
Ніжэй прапануем поўны тэкст прамовы Апостальскага нунцыя архібіскупа Габара Пінтэра падчас начной сьв. Імшы.

Слова
Апостальскага нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь
архібіскупа Габара Пінтэра
падчас начной сьв. Імшы ў нацыянальным санктуарыюме ў Будславе,
1 ліпеня 2017 году
 
Манах, які працуе ў Афрыцы, распавёў наступную гісторыю: сьвятар у адной вясковай парафіі заўважыў, што нядаўна ахрышчаны правадыр племені ўсялякі раз пасьля імшы ідзе ў касьцёле наперад і, паўголы, спыняецца навыцяжку перад табернаклем. У пэўны дзень манах ня вытрымаў і з цікавасьцю спытаў правадыра: што ён там робіць стоячы так, як быццам аслупянеў. Правадыр адказаў усьміхаючыся: «Мая душа грэецца!»
 
Дарагія мае браты і сёстры! Хіба можна знайсьці лепшыя, больш выразныя словы для таго адчуваньня, якое ахоплівае нашыя сэрцы зараз?! Вось, мы прыйшлі сюды ў Будслаў, да нашага нацыянальнага санктуарыя, каб «нашыя душы грэліся», каб зноў напаўняцца любоўю Айца — нашага Створцы, каб яшчэ раз адчуць цудоўную моц яднаньня ў Царкве Хрыстовай і каб атрымліваць выліваньне Сьвятога Духа дый усіх Ягоных дароў. У гэтым цудоўным асяроддзі, у гэтым дзівосным месцы, куды ішлі паломніцкія шляхі нашых продкаў на працягу многіх стагоддзяў, «грэюцца нашыя душы», таму што, з аднаго боку, мы адчуваем асаблівую прысутнасьць міласэрнага Бога, а з другога боку, тут мы адчуваем сябе як дома, дзе нашая Нябесная Маці заўсёды цярпліва і аддана чакае нашага вяртаньня дадому.
 
Папа Францішак падчас наведваньня Фацімы некалькі тыдняў таму з нагоды 100-х угодкаў аб’яўленьняў зьвяртаўся да велізарнага сьвяткуючага натоўпу: «Дарагія пілігрымы, ёсьць у нас Маці, ёсьць у нас Маці! Калі мы цягнемся як дзіця да Марыі, мы жывём надзеяй, якая грунтуецца на Ісусе. /…/ Калі Ісус узьнёсься на неба, Ён узьнёс да Айца нябеснага чалавечую прыроду, наша чалавецтва, якое Ён прыняў у Сябе ва ўлоньні Дзевы Марыі, і з гэтым Ён не растанецца болей ніколі. Давайце нашую надзею, як якар, ускладаць на Яго, і няхай гэта будзе падтрымкай для жыцьця ўсіх нас…»
 
Дарагія браты і сёстры, гэтае важнае пасланьне Сьвятога Айца выказана ў шматлікіх песьнях пілігрымаў, якія ўжо мільёны разоў гучалі таксама і ў гэтым месцы, і якія шмат хто з вас сьпяваў за апошнія гадзіны: мы не сіроты, ёсьць у нас Маці, Якая з Нябёсаў апякуецца намі. Тыя, хто ў розных частках сьвету, прымаючы на сябе клопаты, самаахвярна вырушаюць у шлях да месцаў паломніцтваў — як зараз і мы, — вераць і адчуваюць, што ў гэтых паломніцкіх мясьцінах мы трапляем пад покрыва і пад апеку Божай Маці, просячы Яе: «Пакажы нам Ісуса!»
На самóй справе у сьвятынях Марыі мы асабліва ўслаўляем Сына, а Маці амаль цалкам «хаваецца» ў таямніцы Бога.
 
Сьвятая Маці Тэрэза з Калькуты піша: «Аднойчы нейкі джэнтльмэн пратэстанцкага веравызнаньня сказаў мне: “Ты мне падабаешся, мне падабаецца твая праца і ўсё, што ты робіш, але я не разумею адно: Багародзіцу. Ты заўсёды гаворыш пра Марыю”. На гэта я адказала яму: “Калі няма Марыі, няма Ісуса — няма Маці, няма і Сына”. /…/ Праз колькі тыдняў я атрымала паштоўку ад яго з такім тэкстам: “Я веру, што калі няма Марыі, няма Ісуса. Гэта зьмяніла маё жыцьцё”».
 
Дарагія браты і сёстры — пілігрымы! Мудрая прыказка кажа: «Кожны нясе свой уласны крыж»… Гэта значыць, кожны з нас змагаецца з непрыемнасьцямі, недахопамі, праблемамі, неразуменьнем, унутранымі крызісамі і зьнешнімі цяжкасьцямі, мае свае клопаты. Але ў нашым нацыянальным санктуарыі сёньня мы глядзім на Марыю ня толькі як на Тую, Якая паказвае нам Ісуса, але і як на прыклад для нас, Якая нават у найвялікшай духоўнай цемры здолела заставацца вернай! Мы глядзім на Яе, як на Маці надзеі, як на дабравесьніцу хрысьціянскай надзеі, якой Сьвяты Дух увесь час напаўняе нашыя душы.
 
Марыя, за час свайго матчынага лёсу колькі разоў павінна была прайсьці праз холад духоўнай ночы. З першага зьяўленьня ў евангельскіх аповедах Яе постаць вылучаецца як быццам роля драматычнага актора. Ня так лёгка было Ёй станоўча адказаць на заклік анёла: але жанчына ў росквіце маладых сілаў сьмела адказвае, нягледзячы на тое, што Яна нічога ня ведае пра лёс, які чакае Яе. У гэты момант Марыя паўстае перад намі як адна з шматлікіх мацярок, якія жывуць на сьвеце і гатовыя на ўсё, калі прынялі ў свае ўлоньне жыцьцё новага чалавека, які мае нарадзіцца.
 
Гэтым станоўчым адказам Марыя робіць першы крок у доўгім шэрагу паслушэнстваў, якія будуць суправаджаць Яе матчын шлях. Яна паказваецца ў Евангельлях пакорнай жанчынай, Якая часта не разумее, што адбываецца вакол Яе, але Якая разважае ў сэрцы над кожным словам і кожнай падзеяй.
 
Гэткае ўмельства Марыі — выдатная ўласьцівасьць Ейнай душы: Яна ня тая жанчына, што падае духам сярод няпэўнасьцяў жыцьця, асабліва калі здаецца, нішто ня ідзе звычайным шляхам. Яна нават ня тая жанчына, якая энэргічна пратэстуе, якая паўстае супраць наканаваньня, прынесенага жыцьцём, што нярэдка паказвае варожы твар. Наадварот, яна жанчына, якая ўважліва ўглядаецца. Ня варта забываць, што надзея і сузіраньне заўсёды знаходзяцца ў цесным кантакце! Марыя — жанчына ўважлівая, Якая ўспрымае лёс такім, якім ён нам дадзены, з бясхмарнымі днямі, а таксама з уласнымі трагедыямі, з якімі нам ніколі б не хацелася сустрэцца, як напрыклад самая змрочная часіна Марыі, калі Ейны Сын вісеў на крыжы расьпяты.
 
Да гэтага самага дня Марыя практычна зьнікае з старонак Евангельля, аднак зноў зьяўляецца ў вырашальную гадзіну, калі большасьць сяброў Ісуса з-за страху сыходзіць. У той момант, там пад крыжам, якія былі больш цяжкія пакуты: мука і сьмерць на крыжы нявіннага чалавека, або пакуты Маці, Якая суправаджае свайго Сына да апошняга моманту Ягонага жыцьця? Евангельлі нешматслоўныя на гэты конт, вельмі стрыманыя. Адно толькі простым дзеясловам вызначаюць прысутнасьць маці: Яна там «была» (Ян 19, 25), Яна там стаяла. Нічога ня пішуць пра тое, як Яна рэагавала, нават бяз узгадкі пра Ейны боль: гэтыя дэталі толькі пазьней натхнілі фантазію паэтаў і жывапісцаў, падарыўшы нам вобразы, якія сёньня ўжо зьяўляюцца часткай гісторыі літаратуры і выяўленчага мастацтва.
 
Дарагія браты і сёстры! Марыя проста стаяла там, а тым часам Ейнае жыцьцё дайшло да найвялікшай цемры. Яна там, Яна аддана прысутнічае, хоць у гэты час Яна яшчэ ня ведае, што ў той момант Сын адкрывае для чалавецтва магчымасьць уваскрасеньня. Яна там стаіць таму, што Яна верная Божаму плану — верная свайму прамоўленаму слову «так».
 
Акрамя ўсяго гэтага варта таксама нагадаць, што ў час першай Пяцідзясятніцы, у першы дзень Царквы, таксама можна ўбачыць Багародзіцу, Маці надзеі, там, у супольнасьці настолькі няпэўных вучняў: адзін адмовіўся, многія зьбеглі, усе яны баяліся (гл. Дзеі Апосталаў 1, 14.). А Яна проста была, падтрымліваючы, натуральным чынам, там, у першаснай Царкве, якая зьзяла сьвятлом уваскрасеньня, але якую ўсё-ткі яшчэ стрымліваў страх ад першых крокаў, якія неабходна зрабіць.
 
Вось жа, разважаючы над усім гэтым, прыйдзем да высновы, што Богу Марыя была даспадобы, бо Яна пражыла да нас і для нас сваё жыцьцё тым спосабам прыналежнасьці да Бога, якім і мы павінны кіравацца… А мы ўсе любім Яе, як Маці: мы не сіроты, нашая Маці знаходзіцца на нябёсах, Найсьвяцейшая Багародзіца, Маці надзеі, Якая выхоўвае, натхняе і вучыць нас дабрадзейнасьці чаканьня, каб мы маглі чакаць нават тады, калі ўсё здаецца бессэнсоўным...
 
Дарагія браты і сёстры — пілігрымы! Госпад ад моманту першай Пяцідзясятніцы — амаль дзьве тысячы гадоў — бесьперапынна, праз Сьвяты Дух, умацоўвае тых, хто верыць у Яго, каб нагадаць нам усё і зрабіць жывымі Ягоныя словы, каб тлумачыць іх ды рабіць актуальнымі. А Дух робіць гэта, у прыватнасьці, праз тое, што ў шматлікіх справах ставіць перад намі прыклад Маці Божай.
 
Шмат хто ўжо задаваў, прычым у розны спосаб, быццам трошкі банальнае пытаньне: чаму вучыць нас Марыя?
Асабіста я перакананы ў тым, што Марыя вучыць нас, галоўным чынам, правільнаму сьветаўспрыманьню!
З Ейнага прыкладу мы можам упэўніцца ў тым, што Госпад зьвяртаецца да кожнага чалавека. Кожны чалавек знаходзіцца на шляху дадому, Бог чакае ўсіх. Ён любіць мяне!
Я існую тут ня толькі таму, каб запоўніць нейкае месца, каб быць адным з многіх. Я быў створаны, каб быць надзеяй для іншых. Ён вызначае для мяне пэўную мэту. Такім чынам, нашае жыцьцё — не шпацыр бяз мэты або гультайства, але падарожжа ў таварыстве з Ісусам.
 
Госпад адправіў пасланца да Марыі, а да нас пасылае Марыю як узор для перайманьня, як Маці Заступніцу, як правадніцу нашага зямнога жыцьця. Марыя не была вундэркіндам, плыня Ейнага жыцьця ня надта адрозьніваецца ад іншых тагачасных жанчынаў. Яна адчула ўсю радасьць і горыч чалавечага лёсу. Але таму, што Ісус быў Ейным спадарожнікам па жыцьці, Яна справілася ў кожнай крызіснай сітуацыі. Моцна верыла, што чалавечае жыцьцё ўяўляе сабой заўсёднае вяртаньне дадому. Мэтай зьяўляецца супольнасьць з Богам, а шлях да гэтага — ісьці ўсьлед за Хрыстом. Гэты шлях можа адолець кожны. Дзеля гэтага не патрэбная ні навука, ні багацьце, а толькі многа-многа любові. На маю думку, Багародзіца, як клапатлівая родная маці, перадала бы менавіта гэтае пасланьне як духоўную дарожную карту, і з задавальненьнем запакавала б усім нам у заплечнікі.
 
Аднак мы добра ведаем, што словы Марыі незапісаныя ў евангелістаў. Навука Марыі да нас даходзіць ускосна: праз Яе жыцьцё, паводзіны, жэсты і прыклад. Хіба патрэбна нешта болей?! Словы, на жаль, у наш час і так страцілі сваю вартасьць. Прамовы павучальніцкага, застрашальнага кшталту, напышлівыя мудраваньні ніколі ня могуць перадаць цалкам усёабдымную любоў міласэрнага Госпада. Сапраўды эфектыўныя і паглыбленыя метады навучаньня заснаваныя на станоўчых прыкладах дабрадушных людзей, якія маюць добрую, сьветлую надзею. Цяпер гэта ўжо вядома таксама і сучаснай псіхалогіі.
 
Напэўна, многія з нас ведаюць пра Дона Боска, выдатнага сьвятога XIX стагоддзя. Ягоныя адукацыйныя прынцыпы зрэфармавалі хрысьціянскую педагогіку і карэнным чынам зьмянілі папярэднія звычаі каталіцкай адукацыйнай метадалогіі. Ён зразумеў, што Хрыстова навука павінна перадавацца перадусім не праз строгасьць і абавязковыя інструкцыі, а праз любоў і ўзорнае жыцьцё. Ён адзначаў, што лепшы спосаб казаць пра Бога — гэта ня пропаведзь, але вартае даверу хрысьціянскае жыцьцё. Я ж, не саромеючыся, дадаю да гэтага сваё ўласнае перакананьне.
Я ўпэўнены, што сапраўднымі сьведкамі Хрыста зьяўляюцца не хрысьціяне з сумнымі тварамі, што пахілілі галовы і ўтрапёна лупцуюць «сапсаваны сьвет»! Мы, як вучыць Дон Боска, тады зьяўляемся праўдзівымі прапаведнікамі Хрыстовай навукі, калі можам выпраменьваць сваю радасьць і добры настрой, калі іншыя адчуваюць нашую любоў, калі нашая духоўнасьць характарызуецца аптымізмам ды надзеяй, калі мы безустанку спадзяемся на перамогу дабра.
 
Нарэшце, у гэтым францішканскім санктуарыі, хочацца нагадаць мудрую думку Сьвятога Францішка Асізскага. Аднойчы Францішак адправіўся ў прапаведніцкае місіянерскае падарожжа разам з братам Львом. Два тыдні ўжо ішлі яны, рабілі тое-сёе, часам спыняючыся для размовы, але ўсё яшчэ не прагучала ніводнай пропаведзі. Раптам брат Леў пытае Францішка: «Калі ж мы пачнём прапаведаваць?» На што Францішак адказвае: «Хіба ты не заўважыў, што на працягу гэтых двух тыдняў мы толькі і робім, што прапаведуем?! Ня словамі сваімі, але ўчынкамі, штодзённым жыцьцём…»
 
Я шчыра жадаю, каб мы ўсе навучыліся прапаведаваць на мове Сьвятога Францішка Асізскага — ня нашымі словамі, але ўчынкамі, штодзённым уласным жыцьцём! Амін.
 
Фота Аляксандры Шчыглінскай і Віталя Палінеўскага, Catholic.by.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"