Друк
05.10.2017
Першаярарх УГКЦ: «Я з асаблівым хваляваньнем малюся тут з вамі і за вас»
 
З 28 верасьня па 1 кастрычніка 2017 году ў Менску знаходзіўся Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук), які браў удзел у пленарным пасяджэньні Рады Канферэнцыяў Біскупаў Еўропы, дзе ён прадстаўляў Сінод Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. 1 кастрычніка, у сьвята Покрыва Багародзіцы, ён адслужыў Архірэйскую літургію для беларускіх грэка-католікаў у Менску.
 
«Я з асаблівым хваляваньнем малюся тут з вамі і за вас. Вялікія справы сёньня Госпад Бог робіць перад нашымі вачыма. Напэўна, апошні раз мітрапаліт Кіеўскі, зьверхнік нашай Царквы, мог маліцца з сваімі людзьмі на гэтай зямлі сотні гадоў таму, яшчэ да ліквідацыі нашай Царквы ў Расейскай імперыі», — адзначыў падчас сваёй Архірэйскай Боскай Літургіі для беларускіх грэка-католікаў у Менску, у сьвята Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы, Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук), Вярхоўны Архібіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. — «Нават мой вялікі папярэднік, праведны мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, ня меў такога гонару адслужыць Архірэйскую Боскую Літургію тут, на гэтых землях. Я ўжо не кажу пра тыя гады камуністычнага перасьледу, калі пра нашую Царкву ня можна было нават згадваць. А сёньня гэта ўсё адбываецца: менавіта нам Гасподзь Бог чамусьці даў гэтую ласку і для нас, і разам з намі, робіць гэты цуд, гэтае дзіва, якога чакалі цэлыя пакаленьні грэка-католікаў у Беларусі».
 
Разам са Зьверхнікам УГКЦ Яго Блаславенствам Сьвятаславам (Шаўчуком) на Архірэйскай Боскай Літургіі ў сьвята Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы ў грэка-катліцкім цэнтры парафіі сьв. Язэпа ў Менску маліліся Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, мітрафорны протаярэй Васіль Гавэра, Апостальскі дэлегат для грэка-католікаў у Казахстане і Сярэдняй Азіі, а таксама сьвятары Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
«Мне асабліва ўзварушліва і дрыготна стаяць на гэтай менскай зямлі, адкуль паходзіць мітрапаліт Міхаіл Рагоза, мітрапаліт Берасьцейскага яднаньня, які ўласна адсюль, з манастыра з-пад Менску, быў абраны на мітрапаліта Кіеўскага, а потым, як Галава Кіеўскай Царквы, аднавіў еднасьць Кіеўскай мітраполіі з Рымскім Апостальскім Пасадам. Гэтая зямля дыхае гісторыяй, але больш за ўсё гэтая зямля дыхае Сьвятым Духам, Божай прысутнасьцю, той сілаю, якая ніколі не пакідае тых, якія пра гэтую сілу просяць і моляцца», — працягваў прапаведнік.
 
Грэка-каталіцкі першаярарх з Украіны дадаў, што ў гэты дзень, паводле грыгарыянскага календара, адзначаецца сьвята Покрыва Ўсячыстай Дзевы Марыі. «Мы, славяне, узгадваем гэтую падзею вельмі асаблівым чынам. Гэтая падзея адбылася ў Канстанцінопалі. Адбылася яна ў тыя часы, калі Канстанцінопаль перажываў момант быць ці ня быць, жыцьця або сьмерці, калі горад атачылі ворагі, і людзі спадзяваліся, што ўжо пэўна будзе сьмерць. /.../ Тады людзі пайшлі ў храм на малітву /.../ і ўбачылі ў відзежы прысутную паміж імі Ўсячыстую Дзеву Марыю, якая несла на сваіх руках амафор. Амафор, які зьяўляецца часткай біскупскага вопраткі і які сымбалізуе загубленую авечку, якую Добры Пастыр, знайшоўшы, бярэ на свае плечы і прыносіць у кашару. Яна, трымаючы гэты амафор у сваіх руках, пакрывае ім свой народ і моліцца за яго», — распавёў украінскі ярарх.
 
«Мы сёньня на гэтай Літургіі перажываем тое самае. Больш за тое, сілай і ласкай Сьвятога Духа ў сьвята яе Покрыва мы робімся ўдзельнікамі таго самага маленьня. І нам сёньня Госпад Бог адкрывае ў гэтым сьвяце прысутную паміж намі Ўсячыстую Дзеву Марыю. Гэты відзеж, гэтае сьвята дапамагае нам сёньня ўбачыць покрыва Багародзіцы, разгорнутае над намі, сёньня, зараз, у гэтым месцы, у гэтым маленькім храме. Яна распасьцерла над намі свой амафор і паказвае сэнс і таемнасьць Боскай Літургіі», — дадаў ён.
 
Паводле словаў прапаведніка, калі Царква моліцца, у прыватнасьці зьбіраецца на малітву Боскай Літургіі і сьвяткуе Найсьвяцейшую Еўхарыстыю, гэта ня проста людзі моляцца Богу, але Сын Божы, уцелаўлёны Бог, як Галава Царквы, моліцца з сваім Целам, у сваім Целе, за сваё Цела, якім ёсьць мы — народ Божы, Яго Сьвятая Царква. «Я думаю, што сёньня прысутнасьць біскупа паміж вамі паказвае, што Галавой нашай з вамі малітвы і Галавою нашай Царквы ёсьць Ён — наш Найвышэйшы Архірэй Хрыстос-Збаўца. Ён сёньня моліцца ў вас, з вамі і за вас. Мы сёньня бачым паўнату Царквы нябеснай і зямной, бачнай і нябачнай. Мы сёньня адчуваем, што мы ня ёсьць пакінутымі людзьмі, ня ёсьць забытымі, змаргіналізаванымі, зьняважанымі і скаронымі. Не! Бо мы зьбераглі тое, што больш за ўсё патрэбна, — мы ўмеем маліцца і мы ёсьць разам, разам з Богам», — працягнуў Зьверхнік УГКЦ.
 
«Сёньня, паверце мне, думаю, што тым моцным Божым словам да вас, якое я прагну вам прывезьці з Украіны, ёсьць тое, што вашая маці — Кіеўская Царква — не забывае сваіх дзяцей. /.../ Вашая Царква-маці адчувае мацярынскі абавязак адносна вас», — сказаў Яго Блаславенства Сьвятаслаў, зьвяртаючыся да вернікаў. «Гэтая служба, якую я сёньня служу з вамі, яна за вас, за вашых дзяцей, за вашую будучыню», — падкрэсьліў Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі Сьвятаслаў (Шаўчук).
 
Украінскі першаярарх распавёў, што ў гэтыя дні ў Менск прыехалі кіраўнікі каталіцкіх біскупскіх канферэнцыяў Еўропы: «Мы тры дні сустракаліся з рознымі кіраўнікамі вашай дзяржавы, з прэзідэнтам, з праваслаўным Мітрапалітам Паўлам і з іншымі прадстаўнікамі духоўных і сьвецкіх уладаў. Найбольш важная тэма, пра якую мы гаварылі, гэта моладзь у сучасным сьвеце і тое, як Царква сёньня можа паслужыць моладзі і перадаць ёй веру ў Бога. /.../ Нашым самым важным заданьнем ёсьць навучыць нашых дзяцей, нашую моладзь маліцца. Бо так, як чалавек моліцца, так ён і верыць, як ён моліцца, так ён і жыве. /.../ Калі чалавек навучыцца з кантактаваць з Богам і размаўляць з Ім у малітве, ён навучыцца кантактаваць і размаўляць і з невіртуальнымі, але рэальнымі асобамі, якія поруч. Калі адкрые таямніцу прысутнасьці Бога побач з сабой, то зможа адкрыць вочы і ўбачыць прысутнага побач жывога чалавека», — дадаў ён.
 
Галава Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы адзначыў, што прыехаў у Менск яшчэ і для таго, каб разам з беларускімі вернікамі адсьвяткаваць 380-ую гадавіну сьмерці вялікага падзьвіжніка Кіеўскай унійнай Царквы Язэпа Вельяміна-Руцкага. «Гэтая зямля дала вялікага мужа, які, магчыма, на стагоддзі апярэдзіў свой час. Бо гэта яму належала ідэя прымірэньня Русі з Русьсю», — сказаў Зьверхнік УГКЦ. Ён адзначыў, што гэтымі днямі ў Менску праваслаўны Мітрапаліт Павел запрасіў усіх каталіцкіх біскупаў да свайго храму і да свайго дому, і гэта, на думку грэка-каталіцкага ярарха, добры знак. Каб такое сталася, павінны былі прайсьці стагоддзі. А менавіта пра гэта маліўся і пра гэта прасіў у Бога Язэп Вельямін-Руцкі, якому належала ідэя адзінага патрыярхату Кіеўскай Царквы і абнаўленьня манаскага жыцьця ў гэтай Царкве. Дзякуючы яму мы ў гэтым годзе сьвяткуем 400-гадовы юбілей абнаўленьня, адраджэньня манаства Кіеўскай Царквы ў Базыльянскім чыне. «Менавіта гэтая зямля была сьведкам таго, як абноўленыя Духам Сьвятым, манахі, паводле задумы Язэпа Вельяміна-Руцкага, былі маторам, той сілаю для разьвіцьця культуры, пісьменьніцтва, друкарства, школьніцтва і асьветы на беларускай зямлі. Сколькі калегіяў айцоў-базыльянаў у Беларусі сталі фундаментам усіх іншых грамадзкіх, навуковых і культурных пачынаньняў беларускага народу мадэрнага часу!», — адзначыў Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук).
 
Гэтыя юбілеі, якія мы ўзгадваем, гавораць нам ня толькі пра мінулае — яны ўказваюць нам будучыню, дадаў ярарх. «Мы ёсьць дзецьмі той самай Царквы, і сёньня ў небе за нас і з намі моляцца тыя самыя асобы, пра якіх узгадваем. У нас дзеіць той самы Сьвяты Дух, а мы ёсьць членамі таго самага Хрыстовага Цела. З намі і ў нас моліцца Сын Божы і вядзе нас усіх, як Яго ўлюбёных дзяцей, да нашага нябеснага Айца. Сёньняшні дзень і сёньняшняе сьвята есьць вялікам заклікам да надзеі на будучыню. Мы сёньня, думаю, адраджаем і, магчыма, пачынаем нейкую новую вялікую справу. Справу, якая ня ёсьць справай чалавека, але справай Божай. Але адно прашу вас, бацькі, прашу вас, моладзь і дзеці: маліцеся! Вучыцеся маліцца. /.../ Спрабуйма адкрыць перад нашым Богам усе нашыя патрэбы, просьбы, каб упусьціць Яго ў самыя глыбокія закуткі нашага сэрца. Можам у Яго рукі скласьці ўсе нашыя спадзяваньні, болі і страхі», — завершыў сваё казаньне Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў (Шаўчук).

У гэты дзень Першаярарх УГКЦ урачыста асьвяціў таксама ў Цэнтры сьв. Язэпа алтарны росьпіс у капліцы Ўсіх сьвятых беларускага народу. Расейскі сьвятар-іканапісец а. Кірыла Міронаў намаляваў на сьцяне ў алтары капліцы шанаваных беларусамі сьвятых і слугаў Божых: мітрапаліта Язэпа Руцкага, экзарха Антона Неманцэвіча, архімандрыта Фабіяна Абрантовіча, біскупаў Кірылу Тураўскага, Язафата Кунцэвіча і Мікалая Чарнецкага.
 
Па заканчэньні Літургіі Зьверхнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы выказаў словы падзякі Апостальскаму Візітатару архім. Сяргею Гаеку за яго нястомнае шматгадовае служэньне для грэка-католікаў Беларусі. У адказ Архімандрыт Сяргей падарыў Яго Блаславенству Сьвятаславу партрэт мітрапаліта Язэпа Вельяміна-Руцкага і прасіў пра малітоўную памяць за грэка-католікаў Беларусі.

Фота: svjazep.org.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"