Друк
30.01.2018
Мой Бог...
 
Вяртаўся сёньня з польскага Драгічына, з сваёй семінарыі, дзе разам з маімі былымі выкладчыкамі і выхавацелямі, а таксама былымі аднакурсьнікамі і проста сябрамі па семінарыі, якія ўжо самыя рыхтуюць маладых хлопцаў да сьвятарства, служыў багаслужбу. Мы служылі ў лацінскім абрадзе, яны ў сваіх рызах, я ў сваіх... І прачытаў выказваньне пэўнага ярарха, што ў праваслаўных і ўніятаў... розны Бог. І ведаеце што? Я з ім згодны!
 
Мой Бог дазваляе мне стаць пры алтары і служыць Еўхарыстыю з сьвятаром, які апрануты ў іншую вопратку і чытае трохі іншыя малітвы, а не загадвае мне лічыць яго ератыком і схізматыкам.
 
Мой Бог, як і Бог кожнага беларуса, лічыць падзел хрысьціянаў балючай ранай, якая калечыць ня толькі структуры, але сем’і і лёсы людзей. Дарэчы, ніколі ня чуў ад беларусаў, што праваслаўныя, каталікі ці іншыя хрысьціяне служаць рознаму богу. А фразу «Бог жа адзін!» чуў незьлічоную колькасьць разоў.
 
Мой Бог — ня бог карпарацыі, Ён хучэй падобны да простага падарожнага, Якога я некалі, сьпякотным летам 1995-га, сустрэў на дарозе з Віцебска ў Полацак.
 
Мой Бог ня дзеліць людзей, якія прыходзяць у нашую сьціплую капліцу на «правільных» і «няправільных», а заахвочвае мяне служыць кожнаму — словам, рэчамі, споведдзю, хростам...
 
Прыкра, што падобныя словы з прагучалі пасьля Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў... Але, магчыма, яны нас заахвоцяць да больш шчырай малітвы?
 
P.S.: Варта дадаць, што мой Бог — гэта Бог усіх: каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў. Акрамя тых, якія лічаць, што гэта ня іх Бог...
 
а. Андрэй Крот,
душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні

Фота Якуба Сушчынскага, Радыё Рацыя.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"