Друк
24.10.2018
Быць спадкаемцамі сьв. Кірылы і Мятода — зьвяртацца да людзей на зразумелай мове
 
У Рыме ярархі славянскіх Грэка-Каталіцкіх Цэркваў адзначылі 1150-годдзе першай Літургіі на царкоўнаславянскай мове, паведамляе Сакратарыят Зьверхніка УГКЦ у Рыме.
 
18 кастрычніка 2018 году Боскую Літургію ў папскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ (Santa Maria Maggiore) у Рыме ўзначаліў Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук). Менавіта ў гэтым храме асьветнікі славянаў — сьвятыя роўнаапостальныя Кірыла і Мятод, якія сёньня шануюцца як апекуны Еўропы, адслужылі 1150 гадоў таму першую Боскую Літургіі на царкоўнаславянскай мове.
 
«Сёньня мы сабраліся ў гэтай папскай базыліцы, каб скласьці Богу падзяку за падзею, якая адбылася тут 1150 гадоў таму. Сьвятыя Асьветнікі славянаў Кірыла і Мятод прывезьлі папу Адрыяну ІІ кнігі, перакладзеныя на стараславянскую мову, каб ён блаславіў іх для літургічнага ўжытку. Гэтая падзея азначала новую эпоху ў гісторыі Царквы Хрыстовай у Еўропе.
 
З блаславеньня папы Адрыяна ІІ Хрыстова Царква шырока адчыніла дзьверы для славянскага сьвету, і сёньня мы, спадкаемцы кірыла-мятодавай традыцыі, прыбылі сюды, каб скласьці падзяку Госпаду Богу і Маці-Царкве, якая прымае нас тут, як сваіх дзяцей», — сказаў Першаярарх УГКЦ у сваім казаньні.
 
Як адзначыў украінскі першаярарх, на гістарычнасьць гэтай падзеі, глыбіню і ўрачыстасьць сьвята паказвае прысутнасьць на Боскай Літургіі спадкаемцаў гэтай традыцыі — грэка-каталіцкіх біскупаў з розных краінаў Еўропы, якія прыехалі ў Рым, каб разам памаліцца.
 
Зьверхнік УГКЦ прывітаў мітрапаліта Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы ўладыку Яна (Баб’яка) з Прэшава, мітрапаліта Вянгерскай Грэка-Каталіцкай Царквы ўладыку Філіпа (Кочыша), Апостальскага Экзарха Баўгарскай Царквы ўладыку Хрыста (Пройкава), Біскупа Мукачаўскай Грэка-Каталіцкай Япархіі ўладыку Мілана (Шашыка) з ягоным дапаможным біскупам уладыкам Нілам (Лушчакам) з Закарпацьця, Апостальскага Візітатара для вернікаў УГКЦ у Італіі ўладыку Дыянісія (Ляховіча) і ўладыку Ірынэя (Білыка), каноніка папскай базылікі Санта Марыя Маджорэ, які займаўся арганізацыяй гэтага сьвяткаваньня.
 
Зьвяртаючыся да прысутных, Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ адзначыў, што «сёньня мы дзякуем нашым папярэднікам ня толькі за дар мець магчымасьць маліцца на стараславянскай мове, але і за ўменьне зьвяртацца да нашых людзей у духу Кірылы і Мятода».
 
«Бо, сьвяткуючы гэтае сьвята, мы ня проста ўжываем нейкую архаічную, кніжную мову. Мы хочам адчуць дух і харызму Кірылы і Мятода — уменьне зьвяртацца да людзей зразумелай для іх моваю. Хрыстова Евангельле патрэбна прапаведаваць мовай, зразумелай для слухачоў. Хоць царкоўнаславянская мова застаецца афіцыйнай мовай УГКЦ, мы сёньня ідзем далей у духу сьвятых Кірылы і Мятода, служачы на ўкраінскай мове, а таксама і на ангельскай, гішпанскай, партугальскай, славацкай, вянгерскай і іншых мовах. Але ўсімі гэтымі рознымі мовамі мы штораз зьвяртаемся да той мовы, якую нам пакінулі сьвятыя Кірыла і Мятод — мовы любові Бога да чалавека і Царквы да свайго народу. Няхай будзе блаславёны Госпад Бог, Які дазволіў нам сёньня перажыць гэтыя асаблівыя хвіліны яднаньня. Бо мы ўсе бачылі, як стараславянская мова яднае ўсіх грэка-католікаў у Еўропе. Мы сёньня хочам маліць Госпада Бога праз заступніцтва сьвятых Кірылы і Мятода, якія ёсьць апекунамі Еўропы, каб сёньня Хрыстова Царква была здольная прамаўляць да сучаснага чалавека, да сучаснага еўрапейца такой моваю і магла даносіць Евангельле, Божае Слова ў такі спосаб, каб сучасны чалавек мог гэта ўспрыняць і перажыць, каб мог перажыць асабістую сустрэчу з Ісусам Хрыстом», — падкрэсьліў Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук).

 
Гістарычная даведка
 
Сьвятыя роўнаапостальныя Кірыла і Мятод зьяўляюцца стваральнікамі славянскай азбукі і перакладчыкамі богаслужбовых кніг на славянскую мову.
 
Да 868 году было тры афіцыйныя, так званыя «сакральныя» мовы: грэцкая, лацінская і габрэйская, а ўжо ад 868 году папа Адрыян ІІ блаславіў выкарыстаньне ў набажэнствах царкоўнаславянскай мовы, узвысіўшы яе да рангу сакральных.
 
Гэта адбылося пасьля таго, як сьвятыя роўнаапостальныя браты Кірыла і Мятод прыбылі ў Рым у 867 годзе з мошчамі сьвятога папы Клімента (памёр у 101 г.), якія яны адшукалі ў горадзе Херсанэсе падчас свайго місійнага падарожжа да хазараў.
 
Папа Адрыян II, які быў на працягу 25 гадоў рэктарам храму базылікі Санта Марыя Маджорэ — адной з чатырох галоўных базылік Рыму, блаславіў адслужыць Літургію на славянскай мове ў гэтай базыліцы і актыўна падтрымліваў місію сьвятых Кірылы і Мятода сярод славянскіх народаў.
 
Пасьля сьмерці сьв. Кірылы (у Рыме) папа высьвяціў сьв. Мятода на біскупа Маравіі і Паноніі.

Фота: Медіаресурс УГКЦ.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"