
Як па-беларуску правільна: 1 кастрычніка - Пакроў Найсвяцейшай Багародзіцы ці Покрыва Найсвяцейшай Багародзіцы? А таксама: успамін святога Кірылы Тураўскага ці Кірыла Тураўскага? Мы зьвярнуліся з просьбай даць адказ на Вашае пытаньне да спн. Марыі Новік, кандыдата філалагічных навук, загадчыка катэдры беларускага мовазнаўства Берасьцейскага дзяржуніверсітэту імя А.Пушкіна, якая дапамагае газеце "Царква" у карэктуры і стыль-рэдакцыі матэрыялаў для газеты. Паводле яе, на жаль, афіцыйна замацаванага напісаньня многіх царкоўна-рэлігійных тэрмінаў у беларускай мове пакуль няма, выкарыстоўваюцца розныя варыянты напісаньня. Па-беларуску літаратурна было б больш правільна казаць і пісаць Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы, але ў жывой беларускай народнай гаворцы часьцей можна пачуць: "прыйшла сьвятая Пакрова", "сьвята Пакроў"
. Перакладчык літургічных тэкстаў на беларускую мову айцец Аляксандар Надсан трымаецца ў сваіх тэкстах формы "Покрыва". Сучасныя беларускія імёны - гэта зьмененыя, трансфармаваныя паводле законаў беларускай фанетыкі і марфалогіі ў асноўным грэцкія і рымскія імёны. Але нярэдка паралельна існуе некалькі формаў аднаго і таго ж імя. Вось што пісаў пра гэтую зьяву вядомы беларускі мовазнаўца Фёдар Янкоўскі, распавядаючы вуснамі аднаго з сваіх персанажаў у апавяданьні "Цёзка": "Мяне дома ўсе, і сваякі мае ўсе, завуць Язэп, а ксёндз і пан звалі Юзаф. А царскі пісар (значыць вайсковы пісар рускай царскай арміі) запісаў, і звалі мяне Восіп альбо Осіп - хто як..." У сучасных беларускіх імёнах, што трапілі да нас з іншых моваў, сярод тыповых фанетычных і марфалагічных зьменаў, якія з імі адбыліся, лінгвісты адзначаюць дабаўленьне галоснага о ці а да імёнаў, якія заканчваліся на зычны: Гавриил - Гаўрыла, Кирилл - Кірыла, Даниил -
Даніла і інш. Пры чым гэта характэрна як для старажытнай, так і для сучаснай беларускай літаратурнай і народна-дыялектнай моваў. (Больш падрабязна пра фанетычныя і марфалагічныя зьмены ва ўласных запазычаных імёнах можна даведацца з працы Васіля Шура "Беларускія ўласныя імёны. Беларуская антрапаніміка і тапаніміка".) Таму правільна па-беларуску было б пісаць Кірыла Тураўскі. Аднак у сучаснай беларускай мове часам пішуць і Кірыл, а не Кірыла... Пры афармленьні ж афіцыйных дакументаў трэба трымацца той формы, якая запісаная ў пашпарце.
Гэты адказ чыталі 275 разоў (-ы)