Царква
Хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 1:6)
Галоўная Катэдральны пляц

Мне прыслалі спасылку на дакумент Папы сьв. Пія V: http://crusader.org.ru/piv.html. Ці праўда, што яго ніхто ня мае права адмяніць і літургійныя рэформы незаконныя?

Зьміцер
15.12.2007

Шаноўны Зьміцер!

Немагчыма адмяніць толькі Божы закон. Літургічныя ж нормы Царква зьмяняла, зьмяняе і будзе зьмяняць. Калі б так не было, нам сёньня трэба было б кіравацца нават ня нормамі булы “Quo primum tempore”, якая зьмешчана на сайце http://crusader.org.ru/piv.html, а кнігаю “Лявіт” (бо гэта ж Сьвятое Пісаньне!) ды прыносіць у ахвяру цялят, казлоў і баранаў.

Што да заўвагі ў буле “Quo primum tempore” пра тое, што яе пастановы ня могуць быць зьмененыя ці адмененыя, то, калі Вы ўважліва ўчытаецеся, дык заўважыце, што датычаць яны забароны зьменаў літургіі АСОБНЫМІ царкоўнымі ярархамі. Але чаму ж Сьвяты Айцец ня мае права ўносіць зьмены ў абрад служэньня Еўхарыстыі? Бо гэта “сьвятая карова”, якую нельга чапаць – і ўсё тут?

Дадатковыя ПРЫВАТНЫЯ тлумачэньні, зьмешчаныя напрыканцы булы на інтэрнэт-старонцы “Крестоносец”, выглядаюць непераканаўчымі і “прыцягнутымі за вушы” адно каб паказаць, што абрад, зацьверджаны Піем V, зьяўляецца нібыта ідэальным, бо заснаваны на рымскай традыцыі і толькі паводле яго належыць служыць Еўхарыстыю. Тым, хто пераклаў гэтыя тлумачэньні і зьмясьціў іх у сеціве, раю ўсё ж узяць у рукі падручнік па гісторыі літургіі і паглядзець, якія з старажытных абрадаў заходняй Царквы (гальскі, мазарабскі, а таксама абрады, якія існавалі ў манаскіх супольнасьцях) перасталі ўжывацца пасьля Трыдэнцкай рэформы. Калі ж пасьлядоўна трымацца прынцыпу: “Адзінства веры належыць замацаваць адзінствам абраду”, то і Грэка-Каталіцкую Царкву ды іншых усходніх католікаў сёньня належыла б таксама перавесьці на лацінскі абрад сьв. Пія V...

Сьвятар Раймон Дзюлак мае рацыю ў тым, што рэформу Пія V на самой справе ніхто не адмяняў. Таму літургія паводле так званага трыдэнцкага абраду служылася (пад пэўнымі ўмовамі) і працягвае служыцца ў Каталіцкай Царкве і пасьля рэформы Паўла VI, а ў 2007 годзе Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI аблегчыў варункі атрыманьня дазволу на служэньне імшы сьв. Пія V. Так што яна можа быць уведзеная нават у кожнай парафіі лацінскага абраду, калі знойдуцца на гэта ахвотныя і будзе рэальная душпастырская патрэба.

а. Андрэй Крот,
адказны рэдактар газеты “Царква”
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 258 разоў (-ы)