Царква
Бо пры многасьці мудрасьці множыцца й скруха; і хто памнажае спазнаньне, той памнажае і боль
(Кніга Эклезіяста 1:18)
Галоўная Катэдральны пляц

У газеце "Царква" № 4 (59) за 2008 год Рэдакцыя падае наступную інфармацыю: "І ўсё ж аб’ектыўна сёньня можна сьцьвярджаць, што ў 1930-ыя гг. у Заходняй Беларусі было каля 20 уніяцкіх парафіяў і місійных пляцовак, а колькасьць вернікаў складала 9-10 тысячаў". Ці хадзілі вы ў звычайную школку? Падзяліце пляцоўкі і вернікаў. Падумайце аб выніках. Дарэчы, самая вялікая парахфія, Альбярцінская, налічвала толькі каля 70-100 людзей. Таму польская лічба ў 3000 чалавек выглядае больш натуральна. Фантазія ў вас... Уніятаў было як бярозак у гаю...

Алесь
06.06.2009

Статыстыка вернікаў і ўніяцкіх парафіяў у Заходняй Беларусі

Дарагі Алесь!

Хочацца найперш яшчэ раз зьвярнуць Вашую ўвагу на тое, пра што пішам у гістарычнай даведцы ў згаданым Вамі нумары газеты “Царква”: “нягледзячы на цэлы шэраг прац па неауніі ў апошні час, статыстыка ўніяцкіх парафіяў і вернікаў у Заходняй Беларусі, якую падаюць розныя дасьледчыкі, дагэтуль вельмі супярэчлівая, лічбы часам істотна адрозьніваюцца”. Некаторыя лічбы, якія прыводзяць дасьледчыкі неауніі, і нам падаюцца вельмі спрэчнымі і завышанымі. І таму кожны новы матэрыял пра неаунію, які мы зьмяшчаем у нашай газеце (у тым ліку і матэрыял пра спробы стварыць уніяцкую парафію ў м. Ільля, што ў згаданым Вамі нумары “Царквы”), мусіць дапамагчы больш аб'ектыўна зразумець тагачасную рэлігійную сітуацыю і самую зьяву неауніі.

Як і кожны дасьледчык, Вы, безумоўна, маеце права на свой погляд адносна колькасьці ўніятаў у Заходняй Беларусі ў міжваенны час.  Аднак прапанаваная Вамі лічба — 3000 вернікаў-уніятаў — падаецца нам усё ж заніжанай і неабгрунтаванай. (Хіба Вы мелі на ўвазе колькасьць уніятаў у Заходняй Беларусі пасьля прыходу Саветаў або падчас нямецкай акупацыі, калі пачаліся ганеньні на Царкву?) Сьцьвярджаць гэтак дае нам асабістае знаёмства з архіўнымі матэрыяламі па неауніі з Берасьцейскага дзяржаўнага архіву і шматлікімі працамі і публікацыямі па неауніі, якімі валодаем у бібліятэцы Рэдакцыі ў Берасьці, у тым ліку і выданьнямі міжваеннага часу.

Колькасьць уніятаў, на якой Вы так катэгарычна настойваеце, істотна супярэчыць дадзеным, якія падаюць навуковыя крыніцы. На жаль, Вы не назвалі канкрэтную крыніцу, на якую спасылаецеся і якую называеце "польскай", бо яна нам невядомая, а таксама не называеце і год, на які прыводзіце дадзеныя. Гісторык Аляксандар Сьвірыд у сваёй кандыдацкай дысертацыі “Уніяцкая Царква у Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.)”, прааналізаваўшы цэлы шэраг самых розных крыніц і публікацыяў, адзначае, што на 1939 год колькасьць грэка-католікаў у розных аўтараў і ў розных крыніцах вагаецца ад 7,7 тыс. да 30 тыс. чалавек. Вашая лічба яўна ня ўпісваецца ў гэты дыяпазон...

У 1931 г., паводле дадзеных польскага перапісу насельніцтва, на тэрыторыі Палескага, Наваградзкага, Віленскага і Беластоцкага ваяводзтваў колькасьць грэка-католікаў складала 5,6 тыс. чалавек. Як бачыце, і гэтая лічба, амаль у два разы перавышае прапанаваную Вамі лічбу ўніятаў. Між іншым, стаўленьне польскай дзяржавы да адраджэньня Уніі, якая стрымлівала паланізацыю, цяжка назваць спрыльным і завышаць іх колькасьць было не ў яе інтарэсах, хутчэй наадварот.

Што да ўніяцкай парафіі ў Альбярціне пад Слонімам, якую Вы называеце найбольшай уніяцкай парафіяй (70-100 чалавек), заўважым, што ў міжваенны час па колькасьці вернікаў яна была ўсё ж ня першай. Напрыклад, протаігумен Усходняй місіі айцоў-езуітаў у Альбярціне а. Уладзімір Пянткевіч у сваёй працы “Праўда аб Альбярціне” сьцьвярджае, што Сынкавіцкая парафія была больш разьлеглая і шматлікая — у парафіяльнай кнізе на 1931 г. там было запісана звыш 1500 вернікаў (прыблізна такой самай па колькасьці вернікаў была і парафія ў Далятычах на Наваградчыне), а Альбярцінская парафія на той час паводле парафіяльнай кнігі налічвала амаль у чатыры разы больш вернікаў, чым сьцьвярджаеце Вы — звыш 350 вернікаў. Толькі за адзін 1930 год у Альбярцінскай парафіі было занатавана 50 выпадкаў сьвядомага далучэньня праваслаўных да каталіцтва ўсходняга абраду. Гэта пры тым, што як адзначае протаігумен езуітаў, яны ніколі ў сваёй працы не імкнуліся хутка і фармальна далучаць вернікаў да Уніі, каб паказаць прыгожыя лічбы, а наадварот, вялі грунтоўную, руплівую душпастырскую працу, каб кожнае навяртаньне ў каталіцтва ўсходняга абраду было плодам глыбокага ўнутранага перакананьня верніка. Варта таксама адзначыць, што ў час нямецкай акупацыі вялікая колькасьць альбярцінскіх уніятаў (асабліва з ліку моладзі, якая была надзеяй гэтай парафіі) была прымусова вывезена на працу ў Нямеччыну, і дадому многія з іх ужо не вярнуліся...

Прапанаваная намі ацэнка колькасьці вернікаў Каталіцкай Царквы ўсходняга абраду перад пачаткам 2-й Сусьветнай вайны ў 1939 г. — 9-10 тысячаў — не падаецца нам нейкай фантастычнай і нерэальнай. Калі зыходзіць з таго, што колькасьць парафіяў і місійных пляцовак была каля 20, то атрымліваецца, што ў сярэднім у адной уніяцкай парафіі ў міжваенны час было каля 450-500 вернікаў. Зразумела, былі парафіі вялікія (больш за 1000 вернікаў) і малыя пляцоўкі. Былі таксама вернікі, якія бралі шлюбы, хрысьцілі сваіх дзяцей у Грэка-Каталіцкай Царкве, але, жывучы ў мясцовасьцях, аддаленых ад цэнтраў уніяцкіх парафіяў, маглі толькі зрэдку бываць у сваіх цэрквах. Пэўная колькасьць вернікаў жыла і ў гарадах і мястэчках, дзе не было ўніяцкіх парафіяў, але яны ўлічваліся ў дзяржаўнай статыстыцы як грэка-католікі. Напрыклад, у Берасьці гэтая лічба складала каля паўсотні вернікаў. Пытаньне, наколькі гэтыя вернікі былі практыкуючымі і дзе яны маліліся — у найбліжэйшых грэка-каталіцкіх цэрквах, рыма-каталіцкіх касьцёлах або ў праваслаўных храмах — патрабуе дадатковага вывучэньня і дасьледаваньня.

Для большай пераканаўчасьці нашых лічбаў прыведзем некаторыя дадзеныя афіцыйнай царкоўнай статыстыкі зарэгістраваных парафіяў і вернікаў славяна-візантыйскага абраду на 1939 г. паводле “Сьпісу цэркваў і духавенства Пінскай дыяцэзіі ў 1939 г. Божым”(“Spis kościołów i duchowieństwa diecezji Pińskiej w r. P. 1939”).

Паводле гэтага даведніка на 1 студзеня 1939 г. у Пінскай дыяцэзіі было 11 кананічна створаных каталіцкіх парафіяў славяна-візантыйскага абраду (грэка-каталіцкіх), у якіх было 5890 вернікаў. З гэтай колькасьці трэба вылічыць Любешаўскую парафію (м. Любешаў і в.Угрынічы), якая сёньня на тэрыторыі сучаснай Украіны. Аднак у даведніку колькасьць вернікаў у гэтай парафіі не пазначана і ў агульную лічбу ня ўключана.

Вось пералік уніяцкіх парафіяў у Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі, якія залічваем да беларускіх (на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь або паводле этнаграфічнага фактару):

1. Альпень (Столінскі дэканат) — парафіяльная драўляная царква сьв. Язафата, пабудаваная ў 1928 г. і адрамантаваная ў 1938 г.; выконваючы абавязкі параха — а. Пётр Вачынскі, на Мярлінскіх хутарах, дзе ёсьць капліца і дом манахаў-студытаў, вікары — а. Нікадым Стэцура, а таксама пражывалі а. дыякан Тэафан Шэвага, манах брат Дзяніс Барысяк; колькасьць парафіянаў: Альпень і ваколіцы — 568, Мярлінскія хутары з вёскамі Рубрынь і Колкі — 725.

2. Бабровічы (з вёскамі Тупічыцы, Вяда, Красьніца) (Косаўскі дэканат) — парафіяльная драўляная царква сьв. Яна Багаслова і сьв. Параскевы, пабудаваная ў 1932 г., выконваючы абавязкі параха — а. Баляслаў Пачопка, колькасьць парафіянаў — 1067.

3. Гарадная (Столінскі дэканат) — парафіяльная драўляная царква Сьвятой Тройцы і капліца на могілках, выконваючы абавязкі параха — а. Зянон Шымкевіч, колькасьць парафіянаў — 375.

4. Далятычы (Наваградзкі дэканат) — парафіяльная драўляная царква Ўзвышэньня сьв. Крыжа, выконваючы абавязкі параха — а. Вячаслаў Аношка, пражываў таксама а. Юры Ржэцкі, колькасьць парафіянаў — каля 1500 вернікаў.

5. Зарэчча (з вёскамі Церабень, Крывічы, Лемяшэвічы) (Пінскі дэканат) — часовая капліца ў манастыры Місійнага Задзіночаньня Сясьцёр "Дзеці Марыі", сядзіба параха Пінскай парафіі, выконваючы абавязкі параха — а. Зянон Калянюк, у манастыры — 6 манашак, 3 паслушніцы, у Пінску пражываў а. Міхаіл Кнурэнка; колькасьць вернікаў — ? (паводле неафіцыйных крыніц —  каля 50).

6. Збураж (Берасьцейскі дэканат) — парафіяльная драўляная царква на тэрыторыі рыма-каталіцкай Маларыцкай парафіі ў 1932 г., выконваючы абавязкі параха — а. Ян Панько (з траўня 1939 г. — а. Леў Гарошка), колькасьць вернікаў — ? (паводле іншых крыніц — каля 50).

7. Косна (Бельскі дэканат) — парафіяльная царква сьв. Мікалая і велікамуч. Яўхіміі, выконваючы абавязкі параха — а. Канстанцін Сангайла, каля 1000 вернікаў (паводле іншых крыніц — 1120).

8. Курашаў (Бельскі дэканат) — парафія ня мела свайго храму, парах — быў часова не прызначаны, колькасьць вернікаў — ? (паводле іншых крыніц — 80).

9. Стоўпцы (Стаўпецкі дэканат) — парафіяльная драўляная царква на могілках, выконваючы абавязкі параха а. Юстын Сялецкі, вікары — а. Леў Гарошка (да траўня 1939 г.), колькасьць парафіянаў — 155.

10. Таракань (Кобрыньскі дэканат) — парафіяльная царква Сьвятой Тройцы і сьв. Язафата, выконваючы абавязкі параха — а. Данат Навіцкі, вікары а. Міраслаў Плецан, колькасьць парафіянаў — каля 500 (паводле іншых крыніц — 700).

Такім чынам, паводле афіцыйнай царкоўнай статыстыкі на 1939 г. толькі ў адной Пінскай дыяцэзіі ў 10 беларускіх уніяцкіх парафіях і асяродках працавалі 14 сьвятароў, 1 дыякан, 1 брат-манах, 6 манахіняў і 3 паслушніцы, а колькасьць вернікаў у каталіцкіх парафіях усходняга абраду складала ня менш за 6070 (5890 — паводле афіцыйнай царкоўнай статыстыкі і яшчэ 180 — з іншых крыніцаў у парафіях, дзе інфармацыя ў царкоўным даведніку адсутнічала).

Па Віленскай дыяцэзіі, на жаль, такой падрабязнай інфармацыяй з афіцыйных царкоўных даведнікаў пакуль не валодаем, таму прывядзем зьвесткі, якія падае на 1939 г. у сваім дасьледаваньні А. Сьвірыд, якія ён сабраў з розных крыніцаў:

1. Альбярцін (з вёскамі Чапялёва, Харашэвічы, Шылавічы, Нагуевічы, Якімавічы) — царква ва Ўсходняй Місіі айцоў-езуітаў, да парафіі належыла 740 вернікаў.

2. Быцень — парафія ня мела свайго храму, малітва адбывалася ў рыма-каталіцкай капліцы; з 1938 г. служыў а. Рыгор Драздоў, было 115 вернікаў.

3. Вільня — парафіі быў перададзены былы аўгусьцінскі касьцёл, апекаваліся ёй айцы-езуіты (а. Павел Мацевіч і а. Адольф Шніп), было 122 вернікі.

4. Сынкавічы (з вёскамі Сянькоўшчына, Кастровічы, Чамяры і інш.) — старажытная мураваная царква, у якой з 1939 г. працаваў а. Ян Гермацюк, а таксама філіяльная капліца ў Сянькоўшчыне, колькасьць парафіянаў — больш за 1400 вернікаў.

5. Фасты (з вёскамі Бацечкі, Порасты, Яворка, Лыскі) — служыў а. Васіль Гапановіч, было 668 вернікаў.

6. Сьвіслач — з 1938 г. сьвятаром туды быў прызначаны а. Антон Шарэйка, было некалькі дзясяткаў(?) вернікаў.

Падобна, што ў Зяльвянах, Ільлі, Паставах былі рэальныя спробы стварыць уніяцкія парафіі, бо пэўны час там стала жылі сьвятары. У шматлікіх іншых мясцовасьцях кананічнае заснаваньне парафіяў падаецца зусім сумнеўным, колькасьць вернікаў там вагаецца, часам зусім зьнікае з статыстыкі. Хутчэй за ўсё на працягу міжваеннага перыяду там былі толькі памкненьні або існавалі толькі місійныя пляцоўкі, якія налічвалі ня больш за некалькі дзясяткаў сталых вернікаў-уніятаў.

Больш пэўна можна сьцьвярджаць, што ў Віленскай дыяцэзіі разам было ня менш за 3045 католікаў усходняга абраду ў 6 уніяцкіх парафіях і 3 місійных пляцоўках.

Напэўна, некалькі ўніяцкіх парафіяў з Падляшскай дыяцэзіі на тэрыторыі сучаснай Беласточчыны ў Польшчы, што на беларуска-украінска-польскім этнаграфічным памежжы, таксама можна залічыць да беларускіх (напрыклад, в. Стары Паўлаў, сёньня — у Бельскім павеце).

Аднак і без уліку ўніяцкіх парафіяў у Падляшскай дыяцэзіі да каталіцкіх парафіяў славяна-візантыйскага абраду ў Заходняй Беларусі ў 1939 г. можна залічыць ня менш за 16 кананічна створаных парафіяў. Таксама можна гаварыць пра сталыя спробы з боку Каталіцкай Царквы заснаваць парафіі як мінімум яшчэ ў 3-х мясцовасьцях. Іншыя ініцыятывы вернікаў і сьвятароў, хутчэй за ўсё ня давалі грунтоўных падставаў для згадак у царкоўнай статыстыцы.

Такім чынам, усяго паводле гэтых нашых падлікаў католікаў славяна-візантыйскага абраду на 1939 г. у Заходняй Беларусі (у Пінскай і Віленскай рыма-каталіцкіх дыяцэзіях) было ня менш за 9115 чалавек.

Уласна такую ж, як і мы, колькасьць уніятаў на працягу 1931-1939 гг. падае дасьледчык неауніі Аляксандар Сьвірыд, які крытычна прааналізаваў усю даступную статыстыку з самых розных крыніц, асобна па кожнай уніяцкай парафіі і місійнай пляцоўцы. Паводле яго падлікаў, католікаў славяна-візантыйскага абраду ў 1931 годзе было ад 9424 да 11820 вернікаў, а ў 1939 годзе — ад 10177 да 10222 вернікаў.

Мы прывялі свае аргументы, якія падаюцца нам абгрунтаванымі і пераканаўчымі. Сваю выснову няхай робіць кожны.

Ігар Бараноўскі,
выпускны рэдактар газеты "Царква"
Тэгі: унія, вернікі, уніяты, Заходняя Беларусь, Уніяцкая Царква, Альбярцін, парафіі

Гл. таксама:
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
Кніга пра спробу забойства беларускага народу
Кніга пра ўніяцкіх сьвятароў Беларусі перададзеная Рымскаму Архірэю
Аб нестварэньні Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1596 годзе
Прававы стан Уніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі ў XIX ст. і эвалюцыя царскай палітыкі (ч. 3)
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 309 разоў (-ы)