Царква
Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:19)
Галоўная Катэдральны пляц

Скажыце, калi ласка, як Царква ставiцца да выкарыстаньня ў сваёй практыцы побач з хрысьцiянскiмi вiдавочна язычнiцкiх традыцыяў. Маю на ўвазе найбольш распаўсюджаныя ў Беларусi абрады калядаваньня, хаджэньня валачобнiкаў г.д.?

Зацікаўленая
27.06.2009

Царква і язычніцкія традыцыі

Шаноўная Зацікаўленая!

На Вашае цікавае пытаньне прапануем такі адказ.

Царква перажывае досьвед сьвету ў трох асьпектах:

1. Сьвет створаны Богам і таму ёсьць добрым як стварэньне Добрага Творцы.

Акрамя таго ведаем, што мы, людзі, атрымалі ад Бога пэўнае заданьне — знайсьці Яго, пазнаць па Яго творах ды ўславіць, увайшоўшы з Ім у блізкія асабістыя стасункі: "...Каб яны шукалі Бога, ці не адчуюць Яго, ці ня знойдуць, хоць Ён і не далёка ад кожнага з нас" (Дзеі 17, 27).

2. Сьвет у зьле ляжыць.

З прычыны нашага грэху ў сьвет увайшла сьмерць і марнасьць; і сам чалавек аддаўся на волю ўласных думак ды нарабіў памылак у пошуку Бога, перш за ўсё праз стварэньне язычніцкіх рэлігіяў, абрадаў, забабонаў і інш.: "...Спазнаўшы Бога, не праславілі Яго як Бога, і не падзякавалі, а змарнаваліся ў развагах розуму свайго, і запамрочылася неразумнае іхняе сэрца;  ... яны падмянілі ісьціну Божую на ману і пакланяліся і служылі стварэньню замест Творцы…" (Рым 1:21, 25).

3. Вяртаньне сьвету да Бога.

Царква зьдзяйсьняе гэта перш за ўсё пры еўхарыстычным стале падчас Боскай Літургіі. Еўхарыстыя Царквы мае вымер касьмічны — прынясеньне ахвяры Ісуса Хрыста за жыцьцё сьвету, а разам з тым — прынясеньне Богу ў анафару ("узьнясеньне ўгору") усяго сьвету і падзяка за Яго Сына.

Таму для Царквы робіцца магчымым вярнуць Богу і тое, што скрадзенае і падлягала асуджэньню ў язычніцтве, перамяняючы ды напаўняючы яго рэчаіснасьцю Божага валадарства. Сярод іншага — таксама і сьвяты (напрыклад, замест сьвята сонца ў сьнежні — зьяўляецца сьвята Раства Хрыстовага), абрады (замест культу павароту сонца на лета — віншаваньні з Нараджэньнем Хрыстовым), сьпевы адпаведныя гэтай падзеі, іконы замест ідалаў.

Такім чынам, стаўленьне Царквы да рэчаў, якія Вы пералічылі, зьяўляецца пазітыўным у выпадку напоўненасьці гэтага зьместам і сэнсам Божага Валадарства.

Віталь Быстроў, магістар тэалогіі
г.Берасьце

Тэгі: сьвяты, абрады, Бог, Творца, язычніцтва, хрысьціянства

Гл. таксама:
Слова на Каляды
Кардынал Курт Кох: навучыцца нанова фармуляваць каштоўнасьці хрысьціянства
Пачаткі хрысьціянства ў Беларусі
Пачаткі хрысьціянства ў Беларусі
Каталіцкая Царква і нехрысьціянскія рэлігіі
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 314 разоў (-ы)