Царква
Падчас сытасці ўспамінай пра час голаду, і ў дні багацця - аб беднасьці і нястачы
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 18-25)
Галоўная Катэдральны пляц

У якi дзень у Грэка-Каталiцкай Царкве ўшаноўваецца сьвята памяцi продкаў — Дзяды? У суботу перад сьвятам Зьмiтра Салунскага (26 кастрычніка) цi 2 лiстапада? Цi ёсьць іншыя асаблiвасьцi cьвяткаваньня?

Лідзія
29.10.2009

Дзяды. Ушанаваньне памяці продкаў

У сучаснай Грэка-Каталіцкай Царкве (як і ўвогуле ў Беларусі) няма адзінай традыцыі што да галоўнага дня ўшанаваньня памерлых продкаў. У розных рэгіёнах Беларусі склаліся свае традыцыі і існуюць розныя асноўныя дні для малітоўнага ўзгадваньня продкаў. Таму рэальна ў нас ёсьць Дзяды веснавыя і Дзяды восеньскія.
 
Так, напрыклад, сьвята Радаўніцы, якое заўсёды шырока сьвяткавалася ва ўсходняй частцы Беларусі, стала шырока сьвяткавацца на захадзе Беларусі адносна нядаўна, толькі пасьля таго як яно стала дзяржаўным сьвятам у нашай краіне і стала выходным днём. Днямі асаблівага ўшанаваньня памяці продкаў у веснавы перыяд на ўсходзе нашай краіны, а таксама шмат дзе на Палесьсі, традыцыйна былі другі дзень Вялікадня, “наўскі Вялікдзень” — Сьветлы чацьвер, ці “Правадная нядзеля” — нядзеля Тамаша.
 
А ў цэнтральнай Беларусі на могілкі, каб ушанаваць сваіх продкаў, часьцей хадзілі ў троіцкую бацькоўскую суботу, перад сьвятам Зыходу Сьвятога Духа.
 
Такое багацьце народнай традыцыі ўшанаваньня продкаў — гэта таксама багацьце і для Царквы, бо для Бога важна нашая малітва, а ня тое, у які дзень яна адбываецца.

Памінальная малітва на Дзяды ў Курапатах.
Што да восеньскага ўспаміну памерлых, то паводле календара Ўсходняй Царквы, ён адбываецца ў бацькоўскую суботу перад сьвятам Зьмітра Салунскага (26 кастрычніка).
 
З канца 1980-х гадоў, гэта значыць ад пачатку адраджэньня Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, у нашай Царкве склалася традыцыя малітоўнага ўспаміну продкаў на сьвята Дзяды. Вернікі наведваюць магілы сваіх родных у Дзень памяці, які ў нашай краіне адзначаецца 2 лістапада (раней ён быў выходным), альбо ў бліжэйшую суботу. У гэтыя дні (або ў іншы зручны для канкрэтнай парафіі дзень) у храмах БГКЦ і на могілках служацца набажэнствы за памерлых продкаў.
 
Асабліва распаўсюджана традыцыя восеньскіх Дзядоў у заходняй частцы Беларусі, дзе жыве шмат рыма-каталікоў, якія 2 лістапада адзначаюць сьвята Ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй Рыма-Каталіцкай Царквы вернікі наведваюць могілкі і моляцца за сваіх продкаў на працягу актавы ўспаміну ўсіх памерлых, якая працягваецца з 1 па 8 лістапада.

Айцец Аляксандар Надсан, Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы, лічыць, што як агульнанацыянальная традыцыя адзначэньня восеньскіх Дзядоў у нас склалася яшчэ за часамі Уніі, бо 2 лістапада католікі лацінскага абраду маюць нерухомы дзень памяці продкаў — Дзень Задушны (т. зв. Задушкі). На яго думку ўласна ў часы Уніі гэтая традыцыя распаўсюдзілася і на ўніятаў, якія некалькі стагоддзяў разам жылі з рыма-католікамі. Вось што сказаў у свой час для Радыё Свабода пра традыцыю восеньскіх Дзядоў а. Аляксандар Надсан: “Восеньскія Дзяды у нас прыпадаюць у той самы час, калі і Задушны дзень ў рыма-каталікоў. Мая думка, што нашыя Дзяды прыйшлі да нас пад уплывам рымскага абраду ў часе Уніі. Расейцы маюць свой успамін памерлых прыблізна ў гэтым самым часе — так званую Зьмітрову суботу. Некаторыя гісторыкі кажуць, што гэтую суботу ўстанавіў іх князь Зьміцер Данскі пасьля перамогі на Куліковым полі над татарамі, каб маліцца за тых, якія былі забітыя ў гэтай бітве. Гэта субота ёсьць якраз перад сьвятам сьвятога Зьмітра, а сьвятога Зьмітра ёсьць 26 кастрычніка паводле старога, юльянскага, календара, значыцца паводле новага будзе 8 лістапада, тады Зьмітрова субота паводле новага календара прыпадае паміж 1 і 7 лістапада. Так што бачыце, прыблізна ў тыя самыя дні.

Але нашыя Дзяды, у Беларусі, не прывязаныя да нейкай асаблівай даты. Яны звычайна трываюць ад суботы перад сьвятам сьвятога Зьмітра аж да пачатку Каляднага посту, да Піліпаўкі. І ў розных мясцовасьцях у розныя даты гэта бывае”.

Варта памятаць, што важна маліцца за нашых памерлых продкаў як мага часьцей, таму ва ўсходняй хрысьціянскай традыцыі кожная субота зьяўляецца днём малітвы за памерлых. Асобыя дні ўспаміну продкаў (Дзяды, Радаўніца, бацькоўскія суботы і г. д.) — гэта ня нейкія “сьпецыяльныя” дні, а арганічная частка малітоўнага жыцьця Царквы, якая ніколі не забывае пра сваіх сыноў і дачок, што ўжо адышлі да Госпада.
 
а. Андрэй Крот, Ігар Бараноўскі

 

Тэгі: памерлыя, сьвяты, Дзяды, продкі, каляндар, БГКЦ, Беларусь, а. Аляксандар Надсан, Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы

Гл. таксама:
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
У Бэтлееме грэка-католікі маліліся за хрысьціянаў Беларусі
Растлумачце, калі ласка, па якой прычыне беларуская Ўніяцкая Царква жыве па грыгарыянскім календары, а ўкраінская — па юльянскім? Дзякуй.
Каб стварыць беларускую царкву ў Лондане, кітаец вывучыў нашу гісторыю
У Беларусь прыедзе Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 363 разоў (-ы)