Царква
Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:10)
Галоўная Катэдральны пляц

Вітаю Вас, паважная рэдакцыя газэты. Якія зараз адносіны паміж Беларускай Уніяцкай Царквой і Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой. Якія яны ёсьць, якія тэндэнцыі?

Сяргей Сьмірноў, г. Менск
01.02.2010

Ці ёсьць кантакты паміж БГКЦ і БАПЦ?

Сёньня ў Беларусі няма афіцыйна зарэгістраваных структураў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, ёсьць асобныя вернікі, якія гавораць пра сваю прыналежнасьць да БАПЦ. Парафіі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы хоць і афіцыйна зарэгістраваныя і некаторыя з іх нават маюць свае душпастырскія цэнтры, аднак ерархічна Царква застаецца пакуль незавершанай. У Беларусі БГКЦ ня мае свайго біскупа і наўпрост падпарадкаваная Апостальскай Сталіцы. Таму ніякіх стасункаў паміж БАПЦ і БГКЦ у Беларусі сёньня няма.

Беларускія грэка-каталіцкія сьвятары ў замежжы падтрымлівалі і падтрымліваюць сёньня асабістыя сяброўскія кантакты з сьвятарамі і вернікамі БАПЦ, якая мае свае структуры пераважна ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі і Вялікабрытаніі.

Аднак сітуацыя для разьвіцьця супрацоўніцтва ўскладняецца ня толькі не заўсёды прыхільным стаўленьнем да Грэка-Каталіцкай Царквы беларускіх праваслаўных, але яшчэ і шматлікімі падзеламі ўнутры самой БАПЦ і яе няпэўным кананічным статусам, які не вызнаецца (ці ставіцца пад сумнеў) нават у праваслаўным сьвеце.

Сьвятая Еўфрасіньня Полацкая, апякунка Беларусі, якую аднолькава шануюць і праваслаўныя, і грэка-католікі.
Беларускія грэка-католікі заўсёды адкрытыя на кантакты з праваслаўнымі братамі любой юрысдыкцыі. Тым больш, што маюць заахвочваньне айцоў Другога Ватыканскага Сабору: "На Ўсходнiх Цэрквах, што знаходзяцца ў лучнасьцi з Апостальскiм Пасадам, ляжыць асаблiвы абавязак заахвочваць да адзiнства ўсiх хрысьцiянаў, асаблiва ўсходнiх, згодна з нормамi Дэкрэту гэтага Сабору “Аб экуменiзме”, перадусiм праз малiтву, прыклад жыцьця, багавейную вернасьць старажытнай усходняй традыцыi, праз узаемнае i ўсё больш поўнае пазнаньне адзiн аднаго, праз супрацоўнiцтва i братэрскую павагу да ўсяго i да ўсiх" (Дэкрэт "Аб Усходніх Каталіцкіх Цэрквах", п. 24). Паводле царкоўных дакументаў, якія рэгламентуюць жыцьцё католікаў візантыйскага абраду, "дазваляецца дзеля слушнай прычыны супольны ўдзел у сьвятых чынах, рэчах i месцах усходнiх каталiкоў разам з разьяднанымi з намi братамi" (Дэкрэт "Аб Усходніх Каталіцкіх Цэрквах", п. 28).

Практыка штодзённага жыцьця БГКЦ сьведчыць, што на парафіяльным узроўні шмат дзе існуюць братэрскія кантакты з асобнымі праваслаўнымі вернікамі і нават невялікімі групамі вернікаў. Некаторыя з нашых праваслаўных братоў бяруць удзел у малітоўным жыцьці, удзельнічаюць у рэкалекцыях, пілігрымках, царкоўных сьвятах і імпрэзах.

Ігар Бараноўскі,
выпускны рэдактар газеты "Царква"
Тэгі: дыялог, экуменiзм, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, Праваслаўная Царква, праваслаўныя, БГКЦ, БАПЦ, Беларусь

Гл. таксама:
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
Чаму мітрапаліт Павел абрынуўся на царкоўную унію?
Ватыканскі ярарх разам з грэка-католікамі памаліўся за Менск і за ахвяры вайны
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 425 разоў (-ы)