Царква
Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:6)
Галоўная Катэдральны пляц

Добры дзень! Вельмі цікавіць вобраз сьв. Параскевы Полацкай, дзе можна пачытаць пра яе.

Ала, г. Таронта
22.03.2010

Параскева Полацкая: загадкавая сьвятая

Шаноўная спн. Ала!

Дакладнай біяграфіі сьв. Параскевы Полацкай няма, зьвестак пра яе жыцьцё вобмаль і яны часам супярэчлівыя.

Паводле царкоўнага гісторыка Ігната Сьцябельскага, Параскева была князёўнай, дачкой полацкага князя Рагвалода-Васіля. Нейкі час нават кіравала Полацкім княствам разам з братам Глебам. Аднак, будучы вельмі пабожнай, вырашыла пайсьці ў манастыр Сьвятога Збаўцы (Спаса) у Полацку, які заснавала сьв. Еўфрасіньня Полацкая, дзе пастрыглася ў манахіні, аддаўшы туды значную суму грошаў і маёмасьці з свайго пасагу. Манаскую вопратку прыняла з рук біскупа Полацкага Сымона Наўгародца. У манастыры рупліва займалася вывучэньнем Сьвятога Пісьма і перапісвала кнігі, заахвочвала да гэтага іншых манахіняў. Ужо праз некалькі гадоў яны абралі яе ігуменьняй манастыра Сьвятога Збаўцы.

У 1237 г., ратуючыся перад наступам татараў, ігуменьня Параскева вырашыла распусьціць з манастыра ўсіх манахіняў і сама вырушыла ў пілігрымку ў Рым. Манахіні пазьней зноў вярнуліся ў свой манастыр, а яна засталася жыць у Рыме. Паводле царкоўнага паданьня, ад папы Рымскага яна атрымала часьціцу дрэва Сьвятога Крыжа, якую выслала ў манастыр Сьвятога Збаўцы ў родным Полацку, дзе яе паклалі ў крыжападобны каўчэг з надпісам. У Рыме полацкая ігуменьня Параскева пражыла некалькі гадоў і, атрымаўшы Сьвятыя Тайны, 12 лістапада 1239 г. памёрла сваёй сьмерцю.

Пасьля сьмерці Параскева з Полацку праславілася ў Рыме мноствам цудаў. Папа Рымскі Рыгор X, пасьля падрабязнага разгляду гэтых цудаў, кананізаваў Параскеву ў 1273 г. і яна была запісаная да збору сьвятых Дзеваў. Адбылося гэта як раз напярэдадні Ліёнскага сабору (1274 г.), на якім была зроблена спроба паяднаць Заходнюю і Ўсходнюю Царкву.

Існаваньне сьв. Параскевы Полацкай некаторыя дасьледчыкі ставяць пад сумніў. Сьцьвярджаюць, што яе правобразам былі сьв.  Еўфрасіньня Полацкая, сьв. Параскева (Пракседа) Рымлянка (шануецца 26 ліпеня) і Еўпраксія (Зьвеніслава Барысаўна), стрыечная сястра Еўфрасіньні. Яны лічаць, што зьвесткі пра іх да сярэднявечных гісторыкаў дайшлі ў скажоным выглядзе, зьмяшаліся ў адну постаць, якую потым пачалі блытаць з сьвятой Пракседай Рымлянкай.

Днём памяці cьвятой Параскевы Полацкай лічыцца 28 кастрычніка (верагодна, дзень яе кананізацыі).

Ігар Бараноўскі,

выпускны рэдактар газеты “Царква”

 

Кароткі агляд літаратуры і крыніцаў пра сьв. Параскеву Полацкую і погляд на праблему яе рэальнага існаваньня мы папрасілі зрабіць краязнаўца з Полацку Міхася Баўтовіча з грэка-каталіцкай парафіі сьв. Язафата. Вернікі гэтай парафіі моляцца ў царкве сьв. Параскевы Полацкай, там жа ўшаноўваецца яе абраз. Вось што паведаміў сп. М. Баўтовіч.

 

Абраз сьв. Параскевы Полацкай у грэка-каталіцкай царкве ў Полацку.
Гістарычная даведка пра сьвятую Параскеву Полацкую

Пэўна, найбольш раньнія згадкі пра сьвятую Параскеву Полацкую сустракаюцца ў беларускіх летапісах, складзеных у першай палове XV ст. на падставе не захаваўшыхся да нашага часу старых рукапісаў. У прыватнасьці, пра гэтую сьвятую сьведчаць летапісы Археалагічнага таварыства, Румянцаўскі летапіс і летапіс Рачынскага:

“...И князь Василеи княжечы на Полоцку мел сына Глеба a дочку Парасковею. И тая Парасковея обецалася девство свое заховати в цэлости до жывота своего и пострыглася в чернцы y светого Спаса y манастыры над Полотою, и мешкала там сем лет, богу служечы и книги пишучы на цэрков. A потом забралася до Рыма, и в Рыме мешкаючы богу служыла пилне, и мешкала колко год, и осветилася, которую называють санкта Прекседыс, и по-рускии Паросковея, которои же в Рыме и костел збудован на имя ее святое, там жэ ее и положыли. A брат ее, князь Глеб полоцкии, y молодых летех своих, кнежывшы y Полоцку немного лет, и вмер, и положон ест y Полоцку y святое Софеи, y Полоцку со отцэм своим у-в одном гробе. ...”

(Полное собрание русских летописей, т. 35, М., 1980).

Альшэўскі летапіс:

I ten Kinvil, rzeczoni Boris, vczinil zamek na imią swe a zval go Borisow. I będącz mu rusinem, bil barzo nabożni, vczinil cerkyew kamienną w Poloczkv swętego Zophiego, a drugą swiętego Spassa w vierzch rzeki Poloti, od zamku w polmile, trzecią cerkiew — monaster na Bielczici swiętego Borissa i Hleba. Panuiąci iemv w Poloczkv bil łaskaw na poddanich swich i dal im, poddanim swem, volnosć vieczną mieć, w zvoni zwonicz, po temu się spravovać, iako w Vielkim Nouogrodzie i Pskovie. Czo xiądz Boris mial s tą żoną sina Rochovoloda, nazvanego Vasila. Po nim pocznie panovacz sin iego Vasil w Poloczkv, a sąm vmrze. A xiądz vielki Vasiley miał sina Gleba na Poloczkv, i doczką Paraskovieią. I ta doczka Paraskovieia obieczala dzievicztwo swoie zachovać w czalosci do żivota swoiego, i pospieszila się w cernce w monaster swiętego Spasa nat Polotą rzeką, i miąszkala tam siedm lat, służąc bogu i ksiągi pisać na cerkiew. A potim się sebrala do Rzima i w Rzimie miąszkaiącz bogu sluszila pilnie, i miąszkala kilka lat, i okrcila się, ktorą nazwano swięta Praxedis, a po rusku Paraskovieya, ktorey w Rzimie i koscioł zbudovąn na imie iey swiętey, i tamże ią polożili. I brat iey, xiądz Hleb, w mlodich leciech panovawssi w Poloczku піеviele lat, vmrze i polożon bil v swiętego Zophiego w Poloczku z oycem swim w grobie iednim.

Хроніка Быхаўца (лацінкаю):

„ ... Y tot kniaź Wasilie połocki żyw nemalo na Połocku y umre, a po sobe zostawił syna Hleba y doczku Paraskowiiu, i taia doczka obicała dewictwo swoie zachowaty w cełosty do żywota swojeho, y postryhłasia w czernicy u swiatoho Spasa u monastyry nad Połotoiu, y meszkała tam sem lit, bohu służeczy y knihi piszuczy na cerkow, a potom zobrałasia do Ryma. Y w Ryme meszkaiuczy bohu służyła pilne, y meszkała kolkoś hod, y oswiatyłasia, kotoruiu zowut swiataja Praxedis, a po rusku Paraskowia, kotoroy że w Ryme i kosteł zbudowali na imia jeie swiatoie, y tam że ieie położyli. A brat ieie, kniaź Hleb połocki, w mołodych letech swoich umre, y położon byst u swiatoie Sofij w Połocku so otcom swoim u odnom hrobi. ...”

(Полное собрание русских летописей, т. 32, М., 1975).

Пазьней пра Сьвятую згадвалі ў сваіх працах гісторыкі:

Гваніні А. “Хроніка Еўрапейскай Сарматыі”, 1578 (кн.2, ч.1, с.225);

Стрыйкоўскі М. “ Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі”, 1582 (кн. 6, р. 12, с. 242-3);

Каяловіч А. “Miscellanea rerum” (Збор рарытэтаў), 1650, с. 7;  

Аляшэўскі Я. “Refutatio” (Абвяржэньне інфармацыі айцоў езуітаў), 1703;

Кульчынскі І. “Ідэал рускай царквы”, 1773, ч. 1, с. 98;

Сьцябельскі І. ”Дзьве вялікія зоркі на небасхіле Полацкім… “, 1781, с. 152-221; урывак з твору І.Сьцябельскага быў надрукаваны ў газеце “Царква”, 1998, № 2 (17), с. 12-13;

Сапуноў А. П. “Католическое предание о Параскеве – княжне Полоцкой” // Полоцкие епархиальные ведомости, 1888, № 14, с. 8;

Гарошка Л.“Сьвятая Еўфрасіньня-Прадслава, nпатронка Беларусі”, 1950, с. 51, 54.

Згадвалі пра сьвятую Параскеву Полацкую і сучасныя гісторыкі: В. Пуцко ў часопісе “Полацак”, (“Полацак”, 1992, №4, с. 14) і У. Арлоў у сваіх творах “Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны”, (с. 63) ды “Таямніцы полацкай гісторыі” (с. 108). Шануецца сьвятая Параскева Полацкая і ўкраінскай Царквой, прыкладам гэтаму ёсьць артыкул у часопісе “Світло” (“Світло”, 1995, №2, с. 47-48).

Каб хтосьці ў новым часе праводзіў сьпецыяльныя дасьледаваньні жыцьця сьвятой Параскевы Полацкай, я ня чуў. Таму найбольш грунтоўнай усё ж такі дагэтуль застаецца праца ўніяцкага царкоўнага гісторыка айца Ігната Сьцябельскага “Dwa wielkie Światła na horyzoncie Połockim z cieniów zakonnych powstaiące, czyli Żywoty ŚŚ. Panien y Matek Ewfrozyny y Parascewii Zakonnic y Hegumeniy pod ustawą Ś. O. Bazylego W. w Monastyrze Ś. Spasa za Połockiem żyiących ...” (Два вялікіх сьвятла на даляглядзе полацкім, што паўстаюць з манаскіх ценяў, або жыцьці Сьв. Дзеваў і Маці Еўфрасіньні і Параскевы, манахіняў і ігуменьняў закону Сьв. Айца Васіля Вялікага, жыўшых у манастыры Сьв. Спаса за Полацкам ...).  Выйшла яна з друку ў Вільні ў  1781 годзе

Пасьля ліквідацыі Уніі ў канцы ХІХ ст. зьяўляліся працы расейскіх гісторыкаў, скіраваныя як супраць Ўніяцкае Царквы, а таксама супраць пэўных ейных сьвятых і сьв. Параскевы ў тым ліку. Праца праваслаўнага гісторыка і дэпутата Дзярждумы А.Сапунова адна з такіх.

Што да наяўнай гістарычнай інфармацыі пра сьв. Параскеву Полацкую. Яе вобраз паўстае з летапісаў, складзеных на падставе ранейшых рукапісаў, якія не захаваліся, недзе каля 1445 году, бо пасьля згаданае даты тэксты пра яе разыходзяцца. Дарэчы, захаваны жыцьцяпіс Еўфрасіньні Полацкай таксама не аўтэнтычны, і нават пазьнейшага часу. Апісаньні жыцьцяў не ідэнтычныя (летапісы ня згадваюць пра пабудову манастыра Параскевай, але згадваюць пра татараў. Зьвесткі пра татараў у наш час атрымалі пацьверджаньні археолягаў, ва ўсялякім разе ля Менску). Апроч таго за 400 гадоў існаваньня манастыра (да 1563 г.) нам вядомыя толькі асобы з жыцьцяпісу Еўфрасіньні і Параскева з летапісаў. А было ж за той час ігуменьняў пэўна ня менш за 30. Чаму мусім адкідаць адну, калі і падставаў няма. Гіпотэзу Сапунова аб створаным каталікамі паданьні пра Параскеву стаўлю пад сумнеў. Сапуноў меў адну мэту, іншыя дасьледчыкі мелі іншыя. І вынік у іх іншы. Сёньня большасьць схіляецца да меркаваньня, што тыя летапісы напісаныя ў Смаленску ў нейкім праваслаўным манастыры, або пры двары смаленскага япіскапа. Таму пра створанае каталікамі паданьне сёньня ўжо ня йдзецца. Стрыйкоўскі ў сваёй “Хроніцы ...” адзначае адно, што апрача зьмешчаных у яго летапісу, іншых зьвестак пра Параскеву ён не знайшоў, аднак гэта ня значыць, што іх не было.

Трэба зважаць і на тое, што ў Полацку адначасова існавалі як культ сьвятой Параскевы, гэтак і культ сьвятой Еўфрасіньні, што засьведчыў у 1781 г. базыльянін І. Сьцябельскі. Ніхто ня блытаў гэтых асобаў (яны былі шырока шанаваныя), ва ўсялякім выпадку да скасаваньня Уніі. Крыж сьв. Еўфрасіньні тады з пашанай захоўваўся ва ўніяцкім Сафійскім храме, вядомы і зварот Сымона Полацкага да сьв. Еўфрасіньні:

“Ты еси мати, о Еуфросиние,
Жытелем града всим удобрение.
Яже потщася икону святую
Внести здалеча в страну Полоцкую...”

Пры гэтым Сьцябельскі ў сваім творы падрабязна паведаміў пра рэліквію, які традыцыя прыпісвала сьв. Параскеве – маленькі крыжык,  які манахіням давалі цалаваць у часе апошняга прычасьця. Гэты крыж павандраваў у часе эвакуацыі 1914 году з манашкамі ў Расею і там застаўся. Цяпер ён захоўваецца ў музеі Растова Суздальскага.

Магчыма, на Параскеву былі перанесеныя нейкія адзнакі жыцьця Еўфрасіньні. Нястача зьвестак магла весьці да пэўнае канвергенцыі, бо абедзьве з Полацку і абедзьве былі ігуменьнямі Спаскага манастыра. Аднак гэта ня сьведчыць пра міфічнасьць Параскевы, як хочуць давесьці расейскія гісторыкі. Прынамсі, пакуль няма пераканаўчых зьвестак, каб пацьвердзіць альбо абвергнуць тыя летапісныя згадкі. Меркаваньні Сапунова і Мельнікава застаюцца адно прыватнымі меркаваньнямі.

Інфармацыя пра сьв. Параскеву Полацкую ёсьць таксама ў артыкуле пра Барысаглебскі манастыр на сайце Radzima.org
.

Міхась Баўтовіч,
г. Полацак
Тэгі: сьвятыя, Параскева Полацкая, Еўфрасіньня Полацкая, Полацак, унія, Ігнат Сьцябельскі

Гл. таксама:
Маскоўскі патрыярхат заклікае багасловаў зноў абмеркаваць “праблему уніі”
Пульс хрысьціянскай Беларусі: пілігрымка Віцебск — Полацак
Полацкая трагедыя 1705 году
Беларускія грэка-католікі запрашаюць у пілігрымку ў Полацак
Почитают ли греко-католики святых БПЦ?
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 473 разоў (-ы)