Царква
Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе
(5 запаведзь, Выхад 20:12)
Галоўная Катэдральны пляц

Ці можа каталік рымскага абраду (які быў хрышчаны ў лацінскім абрадзе й некаторы час наведваў рымскую службу) наведваць уніяцкую імшу і стаць грэка-каталіком? Ці магчымы пераход з абраду ў абрад? Ці рымскі і грэцкі абрад роўныя?

Сяргей Сьмірноў, г. Менск
14.04.2010

Абрады ў Каталіцкай Царкве

Паважаны сп. Сьмірноў!
 
Пытаньні, якія Вы задалі, і простыя, і ня самыя лёгкія адначасова. Паспрабуем іх разьмежаваць і даць на кожнае свой адказ.

1. Кожны каталік, незалежна ад абраду, мае поўнае права свабодна браць удзел у каталіцкіх набажэнствах іншага абраду, нават калі гэта будзе насіць рэгулярны характар. Трэба толькі не забываць, што некаторыя сьв. Тайны і сакраменталіі (г. зн. асаблівыя чыны асьвячэньняў і блаславеньняў) як, напрыклад, шлюб, пахаваньне, мірапамазаньне, хрост дзяцей, мусяць адбывацца паводле свайго абраду і ў сваёй парафіі (альбо, з дазволу свайго душпастыра, у іншым месцы ці абрадзе). Такое рэгулярнае наведваньне каталіцкіх набажэнстваў іншага абраду ня робіць аўтаматычна рыма-каталіка грэка-каталіком і наадварот. Кожны вернік мае права весьці малітоўнае жыцьцё згодна той традыцыі, якая яму бліжэй па некаторых аб'ектыўных ці суб'ектыўных прычынах.

2. Усе абрады (літургічныя традыцыі) ў Каталіцкай Царкве роўныя між сабой: і грэцкі, і лацінскі (рымскі, амбразіянскі, галіканскі і інш.), і сірыйскія (малабарскі і маланкарскі), і копцкі, і эфіёпскі, і халдэйскі, і іншыя абрады.

Вельмі дакладна адносна гэтага выказаліся айцы ІІ Ватыканскага Сабору: “Верна трымаючыся традыцыі, Сьвяты Сабор заяўляе, што сьвятая Маці-Царква лічыць роўнымі ў правах і годнасьці ўсе законна прызнаныя абрады, хоча захаваць іх на будучыню і ўсяляк разьвіваць” (Sacrosanctum Concilium, 4).

3. Пераход з абраду ў абрад магчымы. Але найперш трэба сабе ўсьвядоміць, што гэта вельмі сур’ёзны крок. Прыналежнасьць да канкрэтнай Царквы свайго абраду — як прыналежнасьць да канкрэтнай сям'і ці дзяржавы. Любы пераход мусіць адбывацца з паважных прычынаў і паводле добра ўзважанага свабоднага рашэньня. Як сям'я ці нацыянальнасьць, абрад зьяўляецца асабістым скарбам, які чалавек атрымлівае ў дар і мае абавязак пазнаваць, шанаваць і падтрымліваць яго.

Бываюць, канешне, прычыны, калі чалавек хоча зьмяніць сваю абрадавую прыналежнасьць, у тым ліку тады, калі ягонаму духоўнаму жыцьцю і разьвіцьцю больш адпавядае іншая традыцыя.  У такім выпадку ёсьць некалькі шляхоў. Калі мы гаворым пра канкрэтную сітуацыю Беларусі, то неабходна зьвярнуцца да мясцовых царкоўных уладаў той Царквы, да якога абраду вернік хоча належаць, і там скласьці пісьмовую просьбу пра жаданьне зьмяніць абрад. Гэтая просьба будзе накіраваная ў Ватыкан, дзе і будзе дадзены дазвол (альбо адмоўны адказ, калі прычыны будуць прызнаныя недастаткова абгрунтаванымі). З моманту атрыманьня такога дазволу на зьмену абраду вернік становіцца прыналежным да іншае Царквы свайго абраду.

4. Да ўсяго гэтага хочацца яшчэ дадаць заўвагу адносна таго, якім чынам чалавек увогуле становіцца прыналежным да пэўнага абраду.

— Кожны няхрышчаны дарослы чалавек (старэйшы за 14 гадоў) мае права самастойна і свабодна выбіраць сабе Царкву і абрад, да якога ён будзе належаць пасьля хросту. Царква не абмяжоўвае гэтага выбару, але заахвочвае выбіраць абрад паводле роднай (ці блізкай сэрцу) традыцыі (у першую чаргу — традыцыі бацькоў і дзядоў).

— Кожнае ахрышчанае дзіця належыць да таго абраду, да якога належыць ягоны бацька (ці маці, калі бацька не зьяўляецца вернікам Каталіцкае Царквы). І тут няважна, дзе яго хрысьцілі, ці ў Праваслаўнай Царкве дзеля нейкіх прычынаў, ці ў Каталіцкай Царкве іншага абраду. Ведаем добра, што ў савецкай Беларусі, у часы перасьледу за веру, за адсутнасьцю сьвятара сваёй Царквы і свайго абраду людзі часта хрысьцілі дзяцей у таго сьвятара, які быў у іх мясцовасьці — ці то  ў праваслаўнага, ці то ў каталіцкага. У гэтым выпадку трэба заўжды зважаць на абставіны: калі усе бацькі, дзяды і прадзеды былі праваслаўныя ці ўніяты — то і дзіця, нават калі будзе ахрышчана ў лацінскім Касьцёле, будзе належаць да візантыйскай (грэка-каталіцкай) традыцыі; калі ж усе бацькі, дзяды, прадзеды належалі да лацінскага Касьцёлу (і абраду), то дзіця будзе належаць да лацінскага абраду (нават калі хрысьцілі ва ўсходняй традыцыі). Але такія пытаньні лепш канкрэтна вырашаць з мясцовым душпастырам, бо заўжды могуць быць выключэньні з правілаў ды нейкія іншыя фактары (як, напрыклад, у сітуацыі з рыма-каталіцкім родам, у якім раней усе былі ўніятамі і вымушана зьмянілі абрад толькі дзеля таго, каб застацца вернымі Каталіцкай Царкве ў часы перасьледу).

У любым выпадку да пытаньня зьмены і захаваньня абрадаў кожны каталік мусіць ставіцца сур'ёзна і адказна, як да кожнага дару, які ён атрымлівае ў сваім жыцьці і якім мусіць служыць Богу і Царкве.
а. Алесь Аўдзяюк,
г. Менск
Тэгі: абрад, грэка-католік, уніят, візантыйскі, Каталіцкая Царква

Гл. таксама:
Чаму мітрапаліт Павел абрынуўся на царкоўную унію?
Беларуская эліта — з сем’яў уніяцкіх сьвятароў
Уніі практыкаваліся ў гісторыі практычна ўсіх Цэркваў
Маскоўскі патрыярхат заклікае багасловаў зноў абмеркаваць “праблему уніі”
Я хрышчоны ў праваслаўі, але заўсёды хаджу ў каталiцкую царкву. Гэта няправiльна?
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 699 разоў (-ы)