Царква
А тым часам жывуць вось гэтыя тры: вера, надзея, любоў; але любоў зь іх найбольшая
(1-ае Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:13)
Галоўная Катэдральны пляц

Я хрышчоны ў праваслаўі, але заўсёды хаджу ў каталiцкую царкву. Гэта няправiльна?

Максім, г. Менск
22.03.2012

Усходняя традыцыя і Каталіцкая Царква

Добры дзень, Максім!

Нельга сказаць, што Вы робіце нешта няправільнае, калі ходзіце ў каталіцкую царкву (храм). Проста згодна з кананічным правам Каталіцкай Царквы, вернікі ўсходняй хрысьціянскай традыцыі (праваслаўныя), якія жадаюць далучыцца да Паўсюднай (Каталіцкай Царквы), павінны ведаць, што пасьля свайго пераходу яны становяцца грэка-католікамі (католікамі ўсходняга, візантыйскага абраду). Зьмена абраду (у Вашым выпадку – усходняга, візантыйскага) дазваляецца толькі ў выключных выпадках і са згоды Рымскай Апостальскай Сталіцы.

У каноне 35 Кодэксу Канонаў Усходніх Цэркваў падкрэсьліваецца: “Ахрышчаныя некатолікі, згодныя на поўнае зьяднаньне з каталіцкай Царквою, павінны паўсюдна зьберагаць уласны абрад, шанаваць яго і па меры сілаў трымацца яго”. А канон 38 ККУЦ адзначае: “Вернікі усходніх Цэркваў, хоць бы і былі даручаны апецы ярарха або параха іншай Царквы свайго права, застаюцца, аднак, прыпісанымі да ўласнай Царквы свайго права”.

Дарэчы, калі некатолікі далучаюцца да Каталіцкай Царквы, яны ў прысутнасьці сьведкаў складаюць вызнаньне веры, аб чым робіцца адпаведны ПІСЬМОВЫ запіс у той парафіі, дзе гэта адбылося.

Усё гэта азначае, што хоць Вы і ходзіце на рыма-каталіцкія набажэнствы ў касьцёл, Вы па-ранейшаму (і на ўсё жыцьцё) застаецеся ў Паўсюднай Царкве вернікам не лацінскага, а ўсходняга абраду, г. зн. грэка-католікам. У тых мясцовасьцях, дзё сёньня пакуль яшчэ няма грэка-каталіцкіх парафіяў, грэка-католікі таксама ходзяць на набажэнствы ў рыма-каталіцкія парафіі. У Менску, аднак, сёньня такой праблемы няма – зарэгістраваны 4 грэка-каталіцкія парафіі. Вось жа было б добра і правільна трымацца навукі Каталіцкай Царквы і захоўваць уласны візантыйскі абрад, у якім Вы атрымалі хрост ды хадзіць у нядзелі й сьвяты на набажэнствы ў грэка-каталіцкія парафіі. Берагчы і захоўваць спадчыну Ўсходняй Царквы асабліва заклікаў блаславёны папа Ян Павел II, каб Паўсюдная (Каталіцкая) Царква “магла дыхаць двума лёгкімі” – усходняй і заходняй традыцыяй. Бяз гэтага наўрадці Паўсюдная Царква зможа сьведчыць сьвету пра сваё абрадавае багацьце і свой універсальны характар.

Ігар Бараноўскі,

выпускны рэдактар газеты “Царква”

Тэгі: праваслаўны, грэка-католік, абрад, Усходнія Цэрквы, візантыйскі

Гл. таксама:
Архібіскуп Кірыла (Васіль): на беларускай зямлі сустракаецца Ўсход і Захад
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
Ці можа каталік рымскага абраду (які быў хрышчаны ў лацінскім абрадзе й некаторы час наведваў рымскую службу) наведваць уніяцкую імшу і стаць грэка-каталіком? Ці магчымы пераход з абраду ў абрад? Ці рымскі і грэцкі абрад роўныя?
Я быў хрышчаны ў праваслаўнай царкве, але маю намер наведваць грэка-каталіцкія службы і прыняць уніяцтва. Якім чынам ажыцьцяўляецца пераход у грэка-каталіцтва, калі я не жадаю меняць хросных? Альбо пераход — гэта як фармальнасьць і нічога ня трэба, бо абрадавасьць па сутнасьці тая ж?
У мяне ёсць хросны сын, ён хрышчаны ў праваслаўі. Калі я перайду у грэка-рымскую Царкву, то ў якой веры мне яго выхоўваць? Ці магу я, будучы католікам, выхоўваць яго ў праваслаўі?
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 720 разоў (-ы)