Царква
Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе. Ніколі ня дасьць Ён праведніку пахіснуцца
(Псалтыр 54:23)
Галоўная Катэдральны пляц

Слава Ісусу Хрысту! Паводле літургічнага календара Грэка-Каталіцкай Царквы памяць усіх сьвятых беларускага народу сьвяткуецца ў другую нядзелю пасьля Пяцідзясятніцы, у календары ж Праваслаўнай Царквы гэта сьвята адзначаецца ў трэцюю нядзелю пасьля Пяцідзясятніцы. З чым зьвязанае гэтае разыходжаньне?

Яўген К., г. Менск
20.06.2012

Пра сьвята Ўсіх сьвятых беларускага народу

Слава на векі.

Сапраўды, розьніца такая ў літургічным календары існуе. Праз тыдзень пасьля сьвята Ўсіх сьвятых, якое ўся Ўсходняя Царква традыцыйна адзначае ў 1-ую нядзелю пасьля сьвята Зыходу Сьвятога Духа (Пяцідзясятніцы), Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ўшаноўвае памяць Усіх сьвятых беларускага народу. Таксама і ў літургічным календары Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, якая сёньня дзеіць пераважна па-за межамі Беларусі, менавіта ў 2-ую нядзелю пасьля Пяцідзясятніцы пазначана сьвята Ўсіх сьвятых зямлі Беларускае. У 2-ую нядзелю пасьля Пяцідзясятніцы ўшаноўваюць сваіх сьвятых і нашыя праваслаўныя браты-ўкраінцы, якія маюць адпаведна сьвята Ўсіх сьвятых зямлі Ўкраінскай. Гэтаксама і ў календары Расейскай Праваслаўнай Царквы 2-ая нядзеля пасьля Пяцідзясятніцы — гэта ўспамін Усіх сьвятых, у зямлі Расейскай прасіялых.

А вось нашыя праваслаўныя беларусы, якія належаць да Беларускага Экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы, сваіх беларускіх сьвятых ўзгадваюць праз тыдзень, адразу пасьля малітоўнага ўспаміну ўсіх расейскіх сьвятых.

Сьвяткаваньне ў гонар сьвятых Беларускай зямлі ў Расейскай Праваслаўнай Царкве было ўстаноўлена ў 1984 годзе па ініцыятыве Мітрапаліта Менскага і Беларускага Філарэта ды з блаславеньня Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена. Тады і было вырашана, што Сабор Беларускіх сьвятых у Расейскай Праваслаўнай Царкве Маскоўскага Патрыярхату будзе сьвяткавацца заўсёды ў 3-ю нядзелю пасьля Пяцідзясятніцы, як і Сабор Валагодзкіх сьвятых, Сабор Наўгародзкіх сьвятых, Сабор Пскоўскіх сьвятых і Сабор Санкт-Пецярбургскіх сьвятых. Усе яны належаць да мясцовашанаваных сьвятых.

а. Ігар Кандрацьеў, г. Берасьце

Тэгі: сьвятыя, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, Праваслаўная Царква, беларускі

Гл. таксама:
БГКЦ: Асэнсаваць духовую спадчыну і новыя заданьні
Першая кніга пра Натальлю Арсеньневу
Прадстаўнік Папы: сьвятло веры павінна прасьвятляць ўсё жыцьцё народу
Навучаньне Папы Францішка: чаму Царква зьяўляецца апостальскай
Где можно скачать текст служебника на белорусском языке?
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 1073 разоў (-ы)