Царква
Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
(Першае Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Яна Багаслова 4:20)
Галоўная Катэдральны пляц

Растлумачце, калі ласка, па якой прычыне беларуская Ўніяцкая Царква жыве па грыгарыянскім календары, а ўкраінская — па юльянскім? Дзякуй.

Вадзім Каранец, г. Горадня
20.02.2013

Каляндарнае пытаньне

Гэтае разыходжаньне ў каляндарнай традыцыі паміж БГКЦ і УГКЦ склалася толькі на пачатку 1990-х гадоў, калі пачалося адраджэньне Грэка-Каталіцкай Царквы ва Ўкраіне і ў Беларусі.

Ад часоў Берасьцейскай Уніі Грэка-Каталіцкая Царква ў сваім літургічным жыцьці карысталася старым (юльянскім) календаром. Гэтае права для Ўсходняй Царквы жыць паводле свайго календара было замацавана ў артыкулах Берасьцейскай Уніі. Аднак, у сувязі з тым, што новы грыгарыянскі каляндар быў уведзены ў Рэчы Паспалітай і на беларускіх землях яшчэ ўніверсалам караля Стэфана Баторыя ад 5 (15) кастрычніка 1582 году, ім абавязаныя былі карыстацца і ўсе падданыя. Вось жа ў дачыненьнях з сьвецкімі ўладамі і ў царкоўнай перапісцы з Рымам грэка-каталіцкія ярархі і вернікі ўжо тады трымаліся новага стылю.

Ва Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царкве ад часоў Берасьцейскай Уніі і да яе забароны ў 1946 годзе карысталіся юльянскім календаром. УГКЦ захавала яго ў сваім літургічным жыцьці і пасьля выхаду з падпольля на пачатку 1990-х. Хоць, трэба адзначыць, і там спробы перайсьці на новы стыль былі. Каляндарнае пытаньне перыядычна актыўна абмяркоўвалася асабліва ў рэгіёнах, дзе грэка-католікі колькасна былі роўнымі ці саступалі рыма-католікам. У 1916 годзе каляндарную рэформу спрабаваў рэалізаваць у сваёй Станіславаўскай япархіі (сёньня — Івана-Франкоўская мітраполія) грэка-каталіцкі біскуп Рыгор Хамішын. Аднак пераход на грыгарыянскі стыль адбываўся ў складаных палітычных умовах 1-й Сусьветнай вайны і праз два гады рэформа была скасаваная. Незважаючы на няўдачу, уладыка Хамішын не зьмяніў свайго погляду на неабходнасьць пераходу на грыгарыянскі каляндар і асабіста прытрымліваўся новага стылю да канца сваіх дзён. Ня быў прынцыповым праціўнікам каляндарнай рэформы і галіцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, але ён не лічыў патрэбным прысьпешваць яе.

У 1916 годзе грыгарыянскі каляндар быў прыняты да царкоўнага ўжытку трыма грэка-каталіцкімі япархіямі Закарпацьця (япархіі з цэнтрамі ў Мукачаве, у Прэшаве, што ў сучаснай Славакіі, і ў вянгерскім Гайдудорагу).

У міжваенны час грэка-каталіцкія парафіі ў Заходняй Беларусі жылі паводле юльянскага календара. Аднак на пачатку 1990-х, калі Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква амаль з нуля пачала адраджаць сваё літургічнае жыцьцё, беларуская інтэлегенцыя і студэнцкая моладзь, якія складалі аснову нашых парафіяльных суполак, палічылі больш зразумелым і прымальным для сябе трымацца больш дакладнага сучаснага (грыгарыянскага) календара.

Уплыў на гэтае рашэньне аказала таксама беларуская традыцыя, якая сфармавалася на эміграцыі. Вернікі адносна нешматлікай беларускай каталіцкай дыяспары абодвух абрадаў, што пасьля ІІ Сусьветнай вайны апынуліся ў заходнім сьвеце (у Італіі, Германіі, Францыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе і інш.) і вялі супольнае малітоўнае жыцьцё пераважна ў візантыйскім абрадзе, трымаліся грыгарыянскага календара. Пасьля прыездаў на пачатку 1990-х у Беларусь Апостальскага Візітатара беларусаў-католікаў у замежжы а. Аляксандра Надсана, распачатае ім і айцом-дэканам Янам Матусевічам малітоўнае і літургічнае жыцьцё грэка-католікаў Беларусі адразу было арыентаванае на грыгарыянскі каляндар.

Немалаважным фактарам ёсьць і тое, што ад пачатку 1990-х гадоў БГКЦ ня мела і дагэтуль яшчэ ня мае дастатковай колькасьці ўласных будынкаў, месцаў для малітвы, душпастырскіх структур і сьвятароў свайго абраду. Дзеля гэтых прычынаў беларускія грэка-католікі карыстаюцца з гасьціннасьці Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, якая жыве паводле грыгарыянскага календара. Частка нашых грэка-каталіцкіх супольнасьцяў зьбіраецца на малітву ў касьцёлах, а ў шэрагу мясцовасьцяў шмат нашых вернікаў дагэтуль вымушаны практыкаваць разам з каталікамі лацінскага абраду.

Трэба адзначыць, што пытаньне паводле якога календара жыць, разглядалася ў БГКЦ і УГКЦ пасьля іх адраджэньня на пачатку 1990-х. Ярархі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы прынялі рашэньне пакуль што прытрымлівацца юльянскага календара, паколькі да яго прызвычаіліся многія вернікі, асабліва вяскоўцы і людзі старэйшага пакаленьня, якія не гатовыя да пераходу на “новы стыль”. Паводле словаў Вярхоўнага Архібіскупа УГКЦ Сьвятаслава Шаўчука, украінскія грэка-католікі хочуць вырашаць пытаньне адносна таго, якога календара — юльянскага ці грыгарыянскага — прытрымлівацца, разам з праваслаўнымі. Тым ня менш, шмат дзе ва ўкраінскай грэка-каталіцкай дыяспары ў сьвеце парафіі жывуць паводле грыгарыянскага календара (у Бразіліі, Аргентыне, ЗША, Канадзе і інш.) Прапанова асобных сьвятароў і вернікаў БГКЦ перайсьці з грыгарыянскага календара на новаюльянскі (Пасха і сьвяты велікоднага цыклу адзначаюцца паводле старога стылю, а ўсе нерухомыя сьвяты, напрыклад, Раство сьвяткуюцца разам з рыма-католікамі), як гэта ёсьць сёньня ў праваслаўных у Грэцыі, Румыніі, Баўгарыі, Кіпры і інш., не знайшла разуменьня і падтрымкі, хоць і дыскутавался на адной з сынаксаў духавенства і прадстаўнікоў парафіяў БГКЦ у Горадні ў канцы 1990-х гадоў.

а. Андрэй Крот, Ігар Бараноўскі

Тэгі: каляндар, грыгарыянскі, юльянскі, Грэка-Каталіцкая Царква, БГКЦ, УГКЦ, Беларусь

Гл. таксама:
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
Нунцый узначаліў парафіяльныя ўрачыстасьці грэка-католікаў у Менску
У Варшаве ў Клубе каталіцкай інтэлігенцыі размаўлялі пра грэка-каталікоў Беларусі і Польшчы
Прадстаўнік Сьвятога Айца ўзначаліў паніхіду ў Хатыні
У якi дзень у Грэка-Каталiцкай Царкве ўшаноўваецца сьвята памяцi продкаў — Дзяды? У суботу перад сьвятам Зьмiтра Салунскага (26 кастрычніка) цi 2 лiстапада? Цi ёсьць іншыя асаблiвасьцi cьвяткаваньня?
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 1698 разоў (-ы)