Царква
Бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:2)
Галоўная Катэдральны пляц

Цi зьяўляецца сёньня Русінская Грэка-Каталіцкая Царква незалежнай ад Украінскай і па якім календары жыве? Дзякуй.

Андрэй Кашуба, г. Менск
01.02.2014
Карпата-русінскія Грэка-Каталіцкія Цэрквы ў сьвеце
 
У ранейшыя часы тэрмінам “русін” (ruthenian) досыць часта, асабліва ў царкоўных дакументах Рыма-Каталіцкай Царквы, акрэсьлівалі і беларусаў, і ўкраінцаў і, нават, славакаў. У Рыме Ўніяцкую Царкву на тэрыторыі сучасных Беларусі і Ўкраіны ў афіцыйных дакументах называлі Ecclesia Ruthena unita.
 
Сёньня тэрмін “русін” ужываецца ў больш вузкім сэньсе ў дачыненьні да жыхароў невялікага закутка на сумежжы цяперашніх украінскай, славацкай, вугорскай і румынскай дзяржаваў — Падкарпацкай Русі (ці, ужываючы тэрміналогію, прынятую сярод украінцаў — Закарпацьця). Гэта вельмі своеасаблівы рэгіён, дзе стагоддзямі сьплятаюцца ў дзівосны вянок шматлікія культуры, традыцыйна аб’яднаныя царкоўнай прыналежнасьцю ў асноўным да Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
Грэка-каталіцкая катэдра і рэзідэнцыя мукачаўскага біскупа ў Вужгарадзе. (Фота з афіцыйнага сайту Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі).
Ад IX стагоддзя гэты рэгіён патрапіў пад кантроль рыма-каталіцкай Вугоршчыны, якая актыўна праводзіла місіянерскую дзейнасьць сярод праваслаўнага русінскага насельніцтва. Вынікам гэтае дзейнасьці стала падпісаньне Вужгарадзкай уніі 24 красавіка 1646 году, калі 63 праваслаўныя сьвятары з русінскай часткі цяперашняе Славаччыны (Прэшаўскі і Кошыцкі край) былі прынятыя ў каталіцкую сулучнасьць. У 1664 годзе была падпісана унія ў Мукачаве, у выніку якой праваслаўныя з земляў цяперашняй Закарпацкай вобласьці Ўкраіны і паўночна-ўсходняй Вугоршчыны (з 1912 году — асобная вугорская грэка-каталіцкая япархія Гайдудораг) таксама ўвайшлі ў сулучнасьць з Каталіцкай Царквой. Трэцяя унія ў гэтым закарпацкім рэгіёне была падпісаная ў 1713 годзе ў Мармарошы (цепрашняя Румынія). Так, на працягу ста гадоў пасьля падпісаньня Вужгарадзкай уніі ўся Ўсходняя Царква на тэрыторыі Падкарпацкай Русі стала грэка-каталіцкай.
 
Доўгі час грэка-каталіцкі япіскап русінаў Падкарпацьця быў усяго толькі вікарным япіскапам вугорскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі Эгэру, а ўсё духавенства — асістэнтамі лацінскіх сьвятароў. Безумоўна, такая сітуацыя была глыбока несправядлівай і прыводзіла да напружанасьці паміж вернікамі Рымскай і Ўсходняй Царквы. Толькі ў 1771 годзе пасьля асабістай просьбы імператрыцы Марыі-Тарэзы папа Клімент ХІV заснаваў для русінаў-католікаў Мукачаўскую грэка-каталіцкую япархію, якая падпарадкоўвалася прымасу Вугоршчыны. У Мукачаўскую япархію ўвайшлі 711 парафіяў і 560 тысячаў вернікаў. У 1778 годзе ў япархіі была адчынена свая грэка-каталіцкая семінарыя ў Вужгарадзе.
 
У 1868 годзе прадстаўнікі 58 грэка-каталіцкіх парафіяў Мукачаўскай япархіі зьвярнуліся з заклікам дазволіць набажэнствы на вугорскай мове і заснаваць асобную япархію для карпацкіх грэка-католікаў, якія на той час размаўлялі ўжо па-вугорску. Аднак такога права яны дабіліся толькі ў 1912 годзе, калі папа Пій X заснаваў асобную грэка-каталіцкую япархію з цэнтрам у Гайдудорагу для 162 вугорскіх грэка-каталіцкіх парафіяў.
 
У 1888 годзе папа Леў XIII апублікаваў план аб’яднаньня Мукачаўскай і Прэшаўскай (створана ў 1818 годзе) грэка-каталіцкіх япархіяў з Галіцкай мітраполіяй. Аднак вугорскі прымас кардынал Янаш Шымар абвясьціў, што рэалізацыя такога плану была б вялікай абразай нацыянальных пачуцьцяў вугорцаў.
 
Пасьля Першай сусьветнай вайны Падкарпацкая Русь стала часткаю Чэхаславаччыны. На гэты момант было ўжо дзьве грэка-каталіцкія япархіі карпацкіх русінаў — Мукачаўская і Прэшаўская. У выніку зьмены межаў і ўтварэньня Чэхаславакіі на тэрыторыі Венгрыі тады з 168 парафіяў Гайдудорагскай япархіі засталося толькі 90. Адначасова да Вугоршчыны адышлі 21 парафія Прэшаўскай япархіі і адна — Мукачаўскай. У 1924 годзе ў Вугоршчыне быў утвораны Апостальскі экзархат у Мішкальцы, які аб’яднаў парафіі, якія яшчэ выкарыстоўвалі ў літургіі царкоўнаславянскую мову. Аднак паступова і ўсе парафіі экзархату Мішкальца перайшлі на вугорскую мову ў 1930-40-ых гадах.
 
У 1937 годзе Мукачаўская і Прэшаўская япархіі былі вызвалены з-пад юрысдыкцыі прымаса Вугоршчыны і падпарадкаваны непасрэдна Рымскаму Апостальскаму Пасаду, атрымаўшы статус Царквы свайго права (праўда, у вайну Мукачаўская япархія зноў трапіла пад уладу вугорскага прымаса). Па выніках Другой сусьветнай вайны Падкарпацкая Русь зноў была падзеленая — паміж СССР, Чэхаславакіяй і Вугоршчынай.
 
Грэка-каталіцкая царква сьв. Міхаіла Арханёла (1742 г.) у Ладаміраве Прэшаўскай япархіі (Славакія). Знаходзіцца ў сьпісе сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА (Фота з Вікіпедыі).
У 1946 годзе савецкімі ўладамі была зачынена Вужгарадзкая грэка-каталіцкая семінарыя, а ў 1947 годзе па загадзе Хрушчова быў забіты біскуп Мукачаўскай япархіі Тэадор Ромжа, сама ж гэта грэка-каталіцкая япархія ў 1949-ым была прымусова далучана да Расейскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату.
 
У перыяд 1949 — 1989 гг. тыя грэка-каталіцкія сьвятары і вернікі, якія не пажадалі далучацца да РПЦ, працягвалі маліцца ў падпольлі. Многія з іх пацярпелі за веру і былі рэпрэсаваныя, а 93 грэка-каталіцкія сьвятары з Мукачаўскай япархіі загінулі ў турмах і лагерах. Нягледзячы на ліквідацыю савецкімі ўладамі ярархіі ГКЦ у Закарпацьці, увесь час там дзейнічалі некалькі падпольных біскупаў. Пасьля сьмерці ўладыкі Тэадора Ромжы заставаўся таемна высьвячаны біскуп Аляксандар Хіра. Ён, аднак, хутка быў рэпрэсаваны і высланы ў Казахстан. Але і адтуль ён працягваў апекавацца сваёй япархіяй і незадоўга да сваёй сьмерці хіратанізаваў 2 біскупаў: у 1978-ым — Івана Сэмэдзія, свайго пераемніка, а ў 1983-ім — Ёсіфа Галавача, які стаў дапаможным біскупам. З 1987 году на Закарпацьці таемна служыў яшчэ і біскуп Іван Маргітыч.
 
Пачынаючы з 1989 году Мукачаўская грэка-каталіцкая япархія аднавіла сваю легальную дзейнасьць. Паводле інфармацыі, зьмешчанай на афіцыйным сайце гэтай япархіі, у 2012 годзе Мукачаўская япархія налічвала 421 парафію, 245 епархіяльных сьвятароў і 11 сьвятароў-эмэрытаў (на пеньсіі), яшчэ 15 сьвятароў працавала за мяжою. У япархіі дзейнічае каля 20 манастыроў, у семінарыях навучаецца каля сотні семінарыстаў, япархіяй кіруюць 2 біскупы. Набажэнствы адпраўляюцца ў 130 цэрквах, што былі вернуты пасьля легалізацыі Царквы, і ў 167 новазбудаваных цэрквах і капліцах. Яшчэ 55 храмаў будуецца. У 14 храмах Закарпацьця грэка-католікі пачаргова моляцца з праваслаўнымі, а 20 храмаў выкарыстоўваюць сумесна з рыма-католікамі. Асноўнай літургічнай мовай у Мукачаўскай япархіі зьяўляецца царкоўнаславянская, менш выкарстоўваецца ўкраінская і вянгерская.
 
У Чэхаславакіі грэка-католікі выйшлі з падпольля ў 1968 годзе, аднак да 1989 году камуністычныя ўлады ўсяляк абмяжоўвалі і перашкаджалі нармальнаму царкоўнаму жыцьцю.
 
На сёньняшні дзень Грэка-Каталіцкая Царква ў Славакіі мае ўжо статус мітраполіі, якая складаецца з трох япархіяў, да яе належыць 228356 вернікаў, пераважна ва Ўсходняй Славакіі. Прэшаўская архіяпархія паводле зьвестак Annuario Pontificio на 2013 год мела 164 парафіі, 123700 вернікаў, 2 біскупы і 269 сьвятароў, Кошыцкая япархія — 90 парафіяў, 89745 вернікаў, 1 біскуп і 164 сьвятары, Браціслаўская япархія, утвораная ў 2008 годзе, на 2013 год мела 15 парафіяў, 14941 вернік, 1 біскуп і 20 сьвятароў. У якасьці літургічнай мовы ў Славацкай Грэка-Каталіцкай Царкве сёньня найчасьцей выкарыстоўваецца ўжо славацкая мова, а ў парафіях з перавагай русінскага насельніцтва да гэтага часу выкарыстоўваецца царкоўнаславянская, хоць ёсьць спробы замяніць яе русінскай. У некаторых парафіях выкарыстоўваецца таксама вянгерская мова. Грэка-католікі ў Кошыцкай і Браціслаўскай япархіі карыстаюцца грыгарыянскім календаром.
 
Русіны і ўсе іншыя каталікі візантыйскага абраду (сярод іх і беларусы), якія аказаліся ў Чэхіі, сёньня належаць да Апостальскага экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы ў Чэшскай Рэспубліцы, які быў утвораны ў 1996 годзе і падпарадкаваны непасрэдна Апостальскаму Пасаду ў Рыме. Да яго належаць 17900 вернікаў, 2 біскупы (адзін – на пеньсіі), 40 сьвятароў, якія абслугоўваюць 21 парафію (зьвесткі на 2013 год). Літургічныя мовы тут царкоўнаславянская, украінская, а таксама чэшская.
 
Грэка-Каталіцкая Царква ў Венгрыі працягвала існаваць нават у часы камуністычнай дыктатуры. На тэрыторыі сучаснай Венгрыі жыве 327200 грэка-католікаў, існуе адна грэка-каталіцкая япархія — Гайдудорагская, з цэнтрам у г. Ньірэдзьгаза (271 тыс. вернікаў, 2 біскупы і 195 сьвятароў, якія служаць у 125 парафіях) і Апостальскі экзархат у Мішкальцы (56200 вернікаў, 1 біскуп і 73 сьвятары ў 62 парафіях). Грэка-католікі Вугоршчыны першыя сярод усіх католікаў візантыйскага абраду перайшлі на грыгарыянскі каляндар. Літургічная мова тут вянгерская.
 
Напрыканцы XIX стагоддзя многія жыхары Закарпацкага рэгіёну выехалі ў пошуках лепшае долі ў іншыя краіны сьвету. Так, толькі ў Амерыку і Канаду выехала амаль мільён русінаў-католікаў. У тыя часы з-за нежаданьня лацінскай ярархіі ў ЗША прызнаць грэка-каталіцкае духавенства амаль дваццаць тысячаў русінаў адышло ад каталіцкай сулучнасьці, паклаўшы пачатак праваслаўю ў Амерыцы. Але большасьць эмігрантаў з Закарпацьця засталіся ў еднасьці з Рымам, нягледзячы на ўсе цяжкасьці і несправядлівасьці. Іх нашчадкі і да сёньняшняга дня атаясамляюць сябе з Грэка-Каталіцкай Царквой.
 
Русінская грэка-каталіцкая царква сьв. Яна Хрысьціцеля ў Мінеапалісе (ЗША), дзе служыць беларускі сьвятар а. Ігар Лабацэвіч. (Фота з сайту парафіі).
У 1924 годзе для карпацкіх русінаў-католікаў візантыйскага абраду ў ЗША заснавалі Апостальскі экзархат Пітсбурга. У 1963 годзе яго ператварылі ў япархію, а ў 1969 годзе — у архіяпархію-мітраполію. Цяпер Русінская Каталіцкая Царква ў ЗША мае 84227 вернікаў, яна складаецца з мітрапалічай архіяпархіі Пітсбурга і трох япархіяў. Паводле зьвестак Annuario Pontificio па стану на 2013 год архіяпархія Пітсбурга налічвае 58200 вернікаў у 76 парафіях, якія абслугоўвае 72 сьвятары і 1 біскуп, япархія Пасэіку (утворана ў 1963 г.) мае 14729 вернікаў, 84 парафіі і 80 сьвятароў, япархія Пармы (утворана ў 1969 г.) — 8887 вернікаў, 34 парафіі, 39 сьвятароў і 1 біскуп, япархія Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Фініксе (да 2010 г. — япархія Вэн-Найз, якая была ўтворана ў 1981 г.) мае 2411 вернікаў, 19 парафіяў, 25 сьвятароў і 1 біскупа. У парафіях Русінскай Каталіцкай Царквы ў ЗША ў якасьці літургічнай мовы выкарыстоўваецца ангельская, царкоўнаславянская, у некалькіх парафіях яшчэ і вянгерская.
 
Русіны-эмігранты таксама пражываюць у Аўстраліі і Вялікабрытаніі і іншых краінах, дзе няма структураў Русінскай Каталіцкай Царквы. У гэтых краінах карпацкія русіны-католікі наведваюць парафіі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
У Канадзе грэка-католікі з Падкарпацкай Русі сёньня аб’яднаныя ў славацкую япархію сьв. Кірылы і Мятода ў Таронта, якая была ўтворана ў 1980 годзе. Паводле зьвестак Annuario Pontificio на 2013 год у гэтай япархіі ёсьць 5 парафіяў і 5000 вернікаў, якімі апякуюцца 1 біскуп і 4 сьвятары. У якасьці літургічнай мовы тут выкарыстоўаецца ангельская, славацкая і царкоўнаславянская.
 
Частка карпацкіх русінаў грэка-католікаў асела ў краінах былой Югаславіі, дзе сёньня ёсьць тры грэка-каталіцкія япархіі. Літургічная мова там царкоўнаславянская. Каля 25 тыс. русінаў жыве ў аўтаномным краі Ваяводзіна ў Сербіі, а таксама ў Харватыі, дзе яны нават маюць свае школы з русінскай мовай навучаньня. Большасьць гэтых русінаў, што перасяліліся туды ў XVIII стагоддзі з Карпацкай Русі, з тэрыторыі сучаснай усходняй Славакіі, зьяўляюцца грэка-католікамі. Для іх ды мясцовых сербаў і харватаў у 1777 годзе з Мукачаўскай япархіі была створана асобная Крыжавацкая япархія (яна стала падмуркам для сучаснай Харвацкай Грэка-Каталіцкай Царквы: 21300 вернікаў у 46 парафіях, 1 біскуп, 42 сьвятары). З 2003 году для русінаў грэка-католікаў у Ваяводзіне існуе Апостальскі экзархат Сербіі і Чарнагорыі з гістарычным цэнтрам у Рускім Керэстуры. Да гэтага экзархату належыць 1 біскуп, 21 сьвятар, якія абслугоўваюць 22100 вернікаў у 21 парафіі.
 
Як бачым, Мукачаўская грэка-каталіцкая япархія стала калыскай для многіх памесных Цэркваў ня толькі ў Карпацкім рэгіёне, на Балканах, але і ў Амерыцы.
 
Акрамя Мукачаўскае япархіі, усе іншыя Грэка-Каталіцкія Цэрквы русінскай традыцыі (Пітсбургская мітраполія ў ЗША, што складаецца з архіяпархіі і трох япархіяў, ды Апостальскі экзархат у Чэхіі), карыстаюцца грыгарыянскім календаром. Адметнасьцю іх ёсьць старажытная сьпеўная традыцыя Падкарпацьця (т. зв. царкоўны простасьпеў), якая была кадыфікавана ў ірмалагіёне Бакшая, які быў выдадзены ў Вужгарадзе ў 1906 годзе.
 
Набажэнства ў грэка-каталіцкай катэдры Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Вужгарадзе. (Фота з афіцыйнага сайту Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі).
У 1989 годзе, калі грэка-католікі на тэрыторыі былога СССР пасьля чатытрох дзесяцігоддзяў забароны выйшлі з падпольля, закарпацкія біскупы ўдзельнічалі ў пасяджэньнях Сіноду УГКЦ. Аднак дыскусіі і спрэчкі аб падпарадкаваньні Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі прымусілі Апостальскі Пасад у Рыме сьпецыяльна разгледзець гэтую сітуацыю. У 1993 годзе Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў вывучыла гэтае складанае пытаньне. Улічваючы асаблівую гісторыю Мукачаўскай япархіі, якая сёньня разьдзелена паміж 4 дзяржавамі (Украінай, Венгрыяй, Славакіяй і Румыніяй), зважаючы на разнастайнасьць традыцыяў, абрадаў і культур насельніцтва Закарпацьця, унутрыканфесійныя цяжкасьці, Ватыкан прапанаваў тады Мукачаўскаму біскупу прызначыць дапаможных біскупаў для грэка-католікаў украінскага паходжаньня і асобнага для тых, якія ня маюць ўкраінскай ідэнтычнасьці. Было пацьверджана, што Мукачаўская грэка-каталіцкая япархія з 1771 году зьяўляецца асобнай “Царквой свайго права” (“sui juris”), мае аўтаномны статус і не падпарадкоўваецца Зьверхніку Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, а непасрэдна падпарадкавана Апостальскаму Пасаду ў Рыме. У 1995 годзе Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў распрацавала праект дэкрэту, згодна з якім Мукачаўская япархія павінна быць ўзьнятая да статусу мітраполіі і ўвайсьці як аўтаномная ў склад УГКЦ, аднак да сёньня гэта не рэалізавана.
 
Нягледзячы на ўсе дыскусіі і палеміку, што і сёньня вядуцца на старонках афіцыйных выданьняў паміж УГКЦ і Мукачаўскай япархіяй, існуе шчыльнае супрацоўніцтва паміж гэтымі Цэрквамі. Цяперашні біскуп Мукачаўскай япархіі Мілан Шашык зьяўляецца частым госьцем на пасяджэньнях Сінодаў Біскупаў УГКЦ, вернікі абодвух памесных Цэркваў удзельнічаюць у розных урачыстасьцях і пілігрымках да сьвятых мясьцінаў.
 
а. Ігар ЛАБАЦЭВІЧ, беларускі сьвятар
у русінскай грэка-каталіцкай парафіі сьв. Яна Хрысьціцеля ў Мінеапалісе (ЗША),
Ігар БАРАНОЎСКІ, выпускны рэдактар газеты “Царква”
 
Тэгі: русіны, Русінская Каталіцкая Царква, Грэка-Каталіцкая Царква, УГКЦ, грэка-католікі, Унія, Падкарпацкая Русь, Мукачаўская япархія, Вужгарад, Пітсбург, Вугоршчына, Славакія, ЗША

Гл. таксама:
Вянгерская Грэка-Каталіцкая Царква падвышана да статусу мітраполіі
Унія. Адроджаная беларуская Царква
25-годдзе адраджэньня беларускага ўніяцтва
БГКЦ: Асэнсаваць духовую спадчыну і новыя заданьні
Грэка-каталіцкі сьвятар з Украіны: палітычныя працэсы не павінны пераносіцца на рэлігійную глебу
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 239 разоў (-ы)