Царква
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам. Яно было на пачатку ў Бога: усё празь Яго пачалося, і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць
(Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце 1:1-3)
Галоўная Катэдральны пляц

Пахвалёны Езус Хрыстус! Шаноўнае спадарства, скажыце калі ласка, які варыянт Сымбаля веры прыняты ў грэка-каталіцкай Царкве? Здаецца, калі гэта Царква каталіцкая, для яе мусіць быць натуральна прымаць Сымбаль веры з Filioque. Але чаму тады ў малітоўніку для грэка-каталікоў Беларусі «Госпаду памолімся» айца А. Надсана (2002 г.) пададзены варыянт без Filioque? Мне здаецца, што прыняцьце альбо непрыняцьце гэтага палажэньня не адносіцца да пытаньняў розьніцы між абрадамі (візантыйскім і лацінскім), а зьяўляецца ўжо значна больш сур’ёзным, дагматычным. Чаму ж каталіцкая Царква візантыйскага абраду можа не пагаджацца з асобнымі дагматычнымі момантамі, якія павінны былі б быць агульнымі для ўсёй каталіцкай Царквы? Вялікі дзякуй за адказ!

Алег, г. Менск
08.07.2015
Ці абавязаныя грэка-католікі ўжываць Сымбаль веры з Filioque?
 
На векі вечныя. Амэн.
У Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве сёньня прыняты варыянт Сымбаля веры без Filioque, таму такі тэкст і пададзены ва ўзгаданым малітоўніку. Такое ўжываньне сымбалічных тэкстаў мае падставу ў самым акце Берасьцейскай Уніі, адзін з артыкулаў якой прадугледжвае для нас ужываньне Сымбаля веры без Filioque.
 
Тройца Новазапаветная. 1790 г. З в. Чарняны Маларыцкага р-ну. Музей старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі.
Замойскі Сінод Уніяцкай Царквы Рэчы Паспалітай 1720 году пастанавіў, каб у Сымбалі веры дадаць «і Сына», хоць такая практыка была далёка не паўсюль яшчэ прынятая. Таксама і Львоўскі Сінод ГКЦ 1891 году дазваляе ўжываць Сымбаль веры з Filioque, але апошняе рашэньне датычыцца ўжо толькі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Гэтыя дапаўненьні былі добраахвотна прынятыя Айцамі тых сабораў з увагі на канкрэтныя абставіны часу і месца. Аднак Апостальскі Пасад у Рыме і сёньня на гэтым зусім не настойвае, а пакідае ў гэтым пытаньні свабоду Ўсходнім Цэрквам.
 
Само паняцьце абраду азначае спадчыну ня толькі літургічную, але таксама дысцыплінарную ды багаслоўскую. Таму ў гэтым пытаньні мы маем права (і нават абавязак) абапірацца на ўсходняе багаслоўе, у прыватнасьці на айцоў-ісіхастаў і іхняе вучэньне пра няствораныя энэргіі, якое лацінскім багаслоўем аспрэчваецца. Але, ня гледзячы на шматвяковыя спрэчкі па гэтым пытаньні, мы талеруем ужываньне рыма-каталікамі Filioque, а рыма-каталікі з разуменьнем ставяцца да нашае пазыцыі, што дае магчымасьць нам быць у поўнай сулучнасьці.
 
дыякан Віталь Быстроў
г. Івацэвічы
Тэгі: Сымбаль веры, Filioque, грэка-католікі

Гл. таксама:
Нунцый узначаліў парафіяльныя ўрачыстасьці грэка-католікаў у Менску
Апостальскі Візітатар БГКЦ: дыялог ня можа адбывацца праз выключэньне аднаго з партнёраў
Румынскі грэка-каталіцкі ярарх гасьціў у менскіх грэка-католікаў
Праваслаўны мітрапаліт абвінаваціў грэка-католікаў у шкодзе праваслаўна-каталіцкаму дыялогу
Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар: насілу да веры ніхто не прыводзіць
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 231 разоў (-ы)