Царква
Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму
(Пасланьне Сьв.Ап. Паўла да Эфэсянаў 4:25)
Галоўная Катэдральны пляц

Вітаю! Падкажыце, калі ласка, дзе можна адвучыцца на сьвятара БГКЦ? Таксама падкажыце, калі ласка, дзе можна набыць духоўную літаратуру на беларускай мове і, асабліва, Біблію? Дзякую.

Міхаіл Батура, Бягомаль
27.10.2016
Дзе можна адвучыцца на сьвятара БГКЦ і набыць Біблію па-беларуску?
 
Слава Ісусу Хрысту!
 
Міхаіл, каб «адвучыцца на сьвятара БГКЦ», :) трэба найперш быць практыкуючым вернікам, належаць да канкрэтнай грэка-каталіцкай парафіяльнай супольнасьці. У семінарыю можа даць рэкамендацыю парафіяльны сьвятар. Ва ўмовах Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы такую просьбу кандыдата разглядае Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), які і дае потым накіраваньне ў канкрэтную духоўную навучальную ўстанову. Таму як сваіх семінарыяў у БГКЦ сёньня няма, навучаньне адбываецца ва Ўкраіне, у Польшчы ці ў нейкай іншай краіне.
 
Духоўнай рэлігійнай літаратуры на беларускай мове сёньня выдаецца ня так шмат і яе ня проста знайсьці ў звычайных кнігарнях. Але нешта заўсёды Вы можаце набыць у грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі (у Менску, Віцебску, Полацку, Берасьці і інш.) ці ў касьцёлах. У грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі вы зможаце знайсьці, напрыклад, сёлетнія выданьні Псалтыра ў перакладзе а. Аляксандра Надсана і кнігу Папы Рымскага Францішака «Імя Бога — Міласэрнасьць».
 
Таксама Вы можаце замовіць беларускія рэлігійныя выданьні, якія выходзяць у беларускім каталіцкім выдавецтве «Pro Christo». Па прапанаванай спасылцы Вы можаце паглядзець сьпіс таго, што сёньня прапануе гэтае выдавецтва.
 
Адносна таго, дзе набыць Біблію па-беларуску. Найперш варта пацікавіцца пра яе наяўнасьць у найбліжэйшай да Вас рыма- або грэка-каталіцкай парафіі. Распаўсюдам Бібліі ў Беларусі займаецца Беларускае біблійнае таварыства (г. Менск, вуліца Чыгладзэ, 19), дзе ёсьць таксама і іншыя біблійныя выданьні. Сайт Біблійнага таварыства цяпер прапануе Біблію ў перакладзе кс. Уладзіслава Чарняўскага і Новы Запавет у перакладзе Анатоля Клышкі. (Гл. тут.)
 
Магу параіць Вам таксама пашукаць Біблію ў беларускім перакладзе ў інтэрнэт-кнігарнях. Напрыклад, Біблію ў перакладзе Васіля Сёмухі (2002 г.), а таксама Псалтыр у перакладзе а. Аляксандра Надсана 2016 г. выданьня можна набыць тут.
 
Сёньня таксама розныя беларускія пераклады Сьвятога Пісьма даступныя і ў электронным выглядзе на розных сайтах. Напрыклад, на сайце газеты «Царква» можаце знайсьці пераклад Васіля Сёмухі.

Ігар Бараноўскі,
выпускны рэдактар газеты «Царква»
Тэгі: сьвятарства, Біблія, БГКЦ

Гл. таксама:
Апостальскі Візітатар БГКЦ павіншаваў вернікаў з сьвятам Раства Хрыстова
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
У рэдэмптарыстаў усходняга абраду першы сьвятар-беларус
Новыя душпастыры ў сталічнай парафіі
Юбілей Апостальскага Візітатара БГКЦ
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 334 разоў (-ы)