Царква
Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:8)
Галоўная Катэдральны пляц

Бабуля хрышчаная ў грэка-каталіцкай царкве, але з-за вядомых прычынаў наведвала РПЦ. Ці нічога дрэннага па канонах Уніяцкай Царквы яна не зрабіла? Ды яшчэ хацелася б даведацца, дзе знаходзіцца прыход у Берасьці.

Невядомы
15.03.2008

Пытаньне, якое Вы задалі, вельмі далікатнае і няпростае.

Для кожнага католіка ўсходняга абраду абавязковай для выкананьня ёсьць норма Кодэксу канонаў Усходніх [Каталіцкіх] Цэркваў, запісаная ў каноне 10: “Пакладаючыся на слова Божае і прыядноўваючыся да жывой праўдзівай навукі Царквы, вернікі абавязаны непарушна зьберагаць і адкрыта вызнаваць веру”. У каноне 12, § 1 ККУЦ таксама запісана, што “вернікі абавязаныя, дзеючы кожны па-свойму, зьберагаць ЗАЎЖДЫ еднасьць з Царквою”.

Вядома, лёгка сказаць – будзь сьвятым, трымайся сваёй веры нават у часы ганеньняў. А пасьляваенныя часы былі менавіта такія. Грэка-Каталіцкая Царква ў СССР была забароненая, а яе вернікі гвалтоўна далучаны да праваслаўных. СССР была дзяржавай, дзе наогул хрысьціяне не маглі свабодна вызнаваць сваю веру. У такіх умовах маленькай супольнасьці грэка-каталікоў, што да вайны ўтварылася ў Заходняй Беларусі, якая аказалася цалкам пазбаўленай сваіх душпастыраў, было яшчэ цяжэй выстаяць.

Частка грэка-каталікоў засталася вернай Каталіцкай Царкве – яны маліліся ў нешматлікіх ацалелых касьцёлах разам з рыма-каталікамі. Іншыя, там, дзе і касьцёлаў паблізу не засталося, палічылі за лепшае, для сябе, каб захаваць веру ў Бога ва ўмовах ваяўнічага дзяржаўнага бязбожніцтва, маліцца хоць бы і ў праваслаўных храмах. У Заходняй Укране было нямала такіх, хто, незважаючы на перасьлед, многія дзесяцігоддзі практыкаваў у падпольлі і заставаўся верным сваёй Грэка-Каталіцкай Царкве. Вядомы асобныя такія выпадкі і ў Беларусі, калі вернікі час ад часу езьдзілі да грэка-каталіцкіх сьвятароў ва Ўкраіну, або апошнія таемна прыязджалі ў Беларусь. Але хіба найбольш уражвае прыклад шчырай веры і адданасьці сваёй Царкве ўніяткі з Альпеня на Століншчыне спн. Ганны Ліпскай, якая больш за 50 гадоў малілася і чакала грэка-каталіцкага сьвятара, прынцыпова не жадаючы хадзіць у праваслаўную царкву. І дачакалася!

Калі Грэка-Каталіцкая Царква выйшла з падпольля многія вернікі, якія хадзілі ў праваслаўныя цэрквы, зноў у яе вярнуліся. Некаторыя старыя ўніяты на Палесьсі таксама паспрабавалі аднавіць грэка-каталіцкія парафіі – на жаль, не хапала тады ў Беларусі сьвятароў і былі яны ўжо ў паважным узросьце...

Вось жа, зважаючы на тагачасныя абставіны, сёньня мы ня ўправе асуджаць чалавека за яго выбар у тых складаных умовах, важна, каб ён найперш заставаўся з Богам. Нават сьвяты апостал Пётр праявіў слабасьць і тройчы адрокся ад Хрыста! Госпад любіць і прымае ўсіх, бо Ён добры і міласэрны. Таму і Царква прымае з любоўю кожнага, хто хоча з ёй паяднацца.

Бог даў кожнаму з нас свабоду выбару і тое, што мы выбіраем,– залежыць ад нас саміх, ад нашай веры. На жаль, мы, хрысьціяне, маем сёньня царкоўныя падзелы і належым да розных дэнамінацыяў, але ж ці Царква (Хрыстова Царква!) падзялілася?!

Сёньня, калі ў Беларусі адрадзілася Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, абавязак дзяцей і ўнукаў былых уніятаў - дапамагчы знайсьці яе сваім бабулям і дзядулям, калі тыя гэтага шчыра жадаюць.

У Берасьці душпастырскі цэнтр грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя знаходзіцца ў мікрараёне Рэчыца-Адамкова, па адрасе: вул. Дворнікава, 63.

Ігар Бараноўскі,
выпускны рэдактар газеты “Царква”
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 239 разоў (-ы)