Царква
I калі я раздам усю маёмасьць маю і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, - няма мне ў тым ніякай карысьці
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:3)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

"Надзея на еднасьць у Еўропе" –
экуменiчная сустрэча ў Менску

20 студзеня 2007 году падчас Тыдня малiтваў за еднасьць хрысьцiянаў у менскiм касьцёле сьвятых Сымона i Алены (Чырвоны касьцёл) адбылася экуменiчная сустрэча, падрыхтаваная Радай па справах экуменiзму пры Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў Беларусi.

Сярод пачэсных гасьцей у сустрэчы бралi ўдзел: з каталiцкага боку – Апостальскi Адмiнiстратар Менска-Магiлёўскай рыма-каталiцкай архiдыяцэзii бiскуп Антон Дзям'янка i сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусi кс. пралат Ежы Мiраслаў Цудны, з праваслаўнага боку – а. Аляксандр Шымбалёў, з пратэстанцкага – лютэранскi пастыр Мiкалай Бадрусёў. Мадэратарам сустрэчы выступаў намесьнiк старшынi Рады па справах экуменiзму пры Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў Беларусi кс. канонiк Кшыштаф Вiтвiцкi.

Менскае спатканьне было падрыхтоўкай хрысьцiянаў Беларусi да мiжканфесiйнай Сустрэчы ў Вiтэнбергу (15-18 лютага 2007 г.), задуманай як этап на шляху да III Еўрапейскай Экуменiчнай Асамблеi ў горадзе Сiбiю (Румынiя), што адбудзецца 4-9 верасьня 2007 году, тэмай якой будзе "Сьвятло Хрыста прасьвятляе ўсiх. Надзея на абнаўленьне i еднасьць у Еўропе".

Менская сустрэча складалася з дзьвюх частак. Падчас першае – тэарэтычнае – часткi гучалi даклады прадстаўнiкоў розных хрысьцiянскiх канфесiяў, у якiх яны гаварылi пра выклiкi сучаснага экуменiчнага руху. У другой – малiтоўнай – частцы мела месца сумесная для ўсiх удзельнiкаў спатканьня Лiтургiя Слова, якую ўзначалiў Уладыка Антон Дзям'янка.

На пачатку тэарэтычнай часткi Сустрэчы, пасьля цудоўнага сьпеву гурту "Кадаш" (Полацак–Расоны), Бiскуп Антон прыгадаў выказваньне Папы Бенядыкта XVI, што прыярытэтам яго служэньня зьяўляецца аднаўленьне поўнай i бачнай еднасьцi Царквы. Сьцьвердзiўшы, што экуменiчныя памкненьнi павiнны быць падмацаваныя сьвятасьцю ўласнага жыцьця, Уладыка асаблiвую ўвагу зьвярнуў на неабходнасьць дабрачыннага служэньня хрысьцiянаў i сьведчаньня хрысьцiянскiх сем'яў, якiя зьяўляюцца своеасаблiвай лабараторыяй хрысьцiянскай еднасьцi.

Тэмай выступу пастыра Мiкалая Бадрусева, прадстаўнiка беларускiх лютэранаў, быў заклiк да еднасьцi ўсiх хрысьцiянаў, бо, цытуючы псалмасьпеўцу, " гэта добра i прыемна, калi браты жывуць разам". Таму прамоўца заклiкаў вернiкаў да жыцьця ў згодзе й любовi незалежна ад веравызнаньня .

Даклад дэкана Ўсходняга дэканату БГКЦ iмя сьвятамучанiка Язафата, зьверхнiка полацкага грэка‐каталiцкага манастыра сьв. Параскевы Полацкай ераманаха Лявонцiя (Тумоўскага) быў прысьвечаны аналiзу сучаснага стану хрысьцiянства i экуменiчных дзеяньняў у прыватнасьцi. Толькi жывое сьведчаньне пра Хрыста кожнай хрысьцiянскай супольнасьцю ўзмацняе "надзею на абнаўленьне i еднасьць у Еўропе". (Тэкст дакладу ерам. Лявонцiя Тумоўскага "Царква Хрыстовая ў Беларусi. На шляху да абнаўленьня i Еднасьцi" можна паглядзець тут).

Трэцi дакладчык, прадстаўнiк праваслаўнага боку Мiкалай Матрунчык, дырэктар Мiжцаркоўнай мiсii, распавёў пра экуменiчна-сацыяльную дзейнасьць Беларускай Праваслаўнай Царквы, а супрацоўнiца гэтай мiсii Анастасiя Крывiцкая пазнаёмiла прысутных з планамi будучай працы, у прыватнасьцi – сумеснай дапамогi хворым на СНIД.

Падчас Лiтургii Слова прадстаўнiкамi розных канфесiяў былi прачытаныя тры ўрыўкi з Сьвятога Пiсьма, пасьля чаго праваслаўны сьвятар а. Аляксандр Шымбалёў сказаў казаньне.

Пра тэму III Еўрапейскай Экуменiчнай Асамблеi ў Сiбiю ("Сьвятло Хрыста прасьвятляе ўсiх. Надзея на абнаўленьне i еднасьць у Еўропе") сымбалiчна i вымоўна нагадаў абрад перадачы сьвятла адзiн аднаму, пасьля чаго сьвятары розных канфесiяў удзялiлi сумеснае блаславеньне.

На заканчэньне сустрэчы бiскуп Антон Дзям'янка, айцец Аляксандр Шымбалёў i пастыр Мiкалай Бадрусёў выпусьцiлi трох галубоў у менскае неба. Прысутныя палiчылi сымбалiчным, што галубы не разьдзялiлiся, а паляцелi ў адзiн бок.

дыякан Яўген Усошын, г.Менск


Гэты артыкул чыталі 9 разоў (-ы)