Царква
Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату
(Кніга Эклезіяста 8:11)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Падзеі і сьвяты

Год сьвятога Апостала Паўла

Папа Бенядыкт XVI 28 чэрвеня 2008 году ў рымскай базыліцы сьв. Паўла за мурамі афіцыйна абвесьціць ва ўсёй Каталіцкай Царкве “Год сьвятога Паўла”. Нагода для гэтага – 2000-ыя ўгодкі з дня нараджэньня гэтага Апостала.

На гэты перыяд запланаваны розныя мерапрыемствы – ад рэлігійных і малітоўных да гістарычных і археалагічных. Сьвяткаваньне распачне Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI з урачыстага адкрыцьця Дзьвярэй сьв. Паўла, што знаходзяцца па левы бок ад галоўнага ўваходу ў базыліку сьв. Паўла за мурамі. На заканчэньне Году Апостала народаў – 29 чэрвеня 2009 году – яны будуць зноў урачыста зачыненыя Папам.

На працягу ўсяго году перад базылікай будуць гарэць аліўныя лампады, да якіх вернікі змогуць даліваць аліву, што сымбалізуе малітву да Бога. Падобныя лампады будуць таксама запаленыя ў найбольш важных мясьцінах, зьвязаных з Апосталам Паўлам: у Турцыі – у Тарсе і Эфэсе, а таксама на востраве Мальта.

Ва ўрачыстасьцях адкрыцьця Году сьвятога Апостала Паўла ў Рыме будуць браць удзел рыма-каталіцкія біскупы з Беларусі, а таксама Апостальскі Візітатар БГКЦ Архім. Сяргей (Гаек).


На фота: Адна з старажытных выяваў сьвятога Апостала Паўла.
Гэты артыкул чыталі 10 разоў (-ы)