Царква
Мудрыя спадкуюць славу, а непапраўныя немысьлі - ганьбу
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 3:35)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Падзеі і сьвяты

«Быць сярод беларускага народу сьведкамі Паўсюднай Царквы»

Урачыстасьці з нагоды 50-годдзя сьвятарства
мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана

Сёлета 82-гадовы вядомы беларускі грэка-каталіцкі сьвятар а. Аляксандар Надсан з Лондану сьвяткуе юбілей свайго сьвятарства. 50 гадоў таму, 23 лістапада1958 году ў Рыме, у царкве сьв. Апанаса Вялікага Грэцкай калегіі італа-албанскі грэка-каталіцкі біскуп Ян Мэнэ з Калабрыі (Італія) удзяліў яму сьв. Тайну сьвятарства, каб вучыў беларусаў праўдам веры, зьдзяйсьняў сьв. Тайны і кіраваў іх духоўным жыцьцём.

22-23 лістапада 2008 году ў Менску праходзіла духоўная праграма сьвяткаваньняў 50-годдзя сьвятарскага служэньня мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана, Апостальскага Візітатара для беларусаў-католікаў замежжа, на якую прыехаў з Лондану і сам юбіляр. Гэтая праграма добра паслужыла асэнсаваньню асаблівага пакліканьня беларускіх грэка-католікаў, асабліва сьвятароў і семінарыстаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы: «Быць сярод беларускага народу сьведкамі Паўсюднай Царквы».

Субота 22 лістапада – гэта быў дзень малітвы і духоўных разважаньняў для сьвятароў і семінарыстаў БГКЦ. Ён распачаўся Паніхідай на Кальварыйскіх могілках, ля магілы першага протапрасьвітара БГКЦ айца Яна Матусевіча. Падчас памінальнай малітвы былі ўзгаданыя таксама і ўсе памерлыя беларускія біскупы і сьвятары.

Цэнтральным пунктам малітоўнай Сінаксы (малітоўнага сходу) грэка-каталіцкіх сьвятароў і семінарыстаў была Боская Літургія ў капліцы Ўсіх сьвятых беларускага народу ў Душпастырскім цэнтры сьв. Язэпа. Яе ўзначалілі мітрафорны протаярэй Аляксандар Надсан – Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў замежжа, і архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі.

Вечарам, 22 лістапада, абодва апостальскія візітатары, у суправаджэньні протапрасьвітара Андрэя Абламейкі, былі прынятыя Апостальскім Нунцыем у Беларусі – Высокадастойным Архібіскупам Марцінам (Відавічам).

Падзячную Боскую Літургію ў 50-тыя ўгодкі сваіх сьвятарскіх сьвячаньняў мітрафорны протаярэй Аляксандар Надсан адслужыў у нядзелю, 23 лістапада 2008 году, у менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены. Ён узначаліў Боскую Літургію ў саслужэньні архімандрыта Сяргея (Гаека), Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі, і парахаў менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў: протапрасьвітара а. Андрэя Абламейкі, а. Казіміра Ляховіча, а. Пахома Кавалёва ды а. Яўгена Ўсошына. Разам з імі саслужыў дэкан Серабранскага рыма-каталіцкага дэканату кс. Ігар Лашук. На ўрачыстай Боскай Літургіі ва ўсходнім абрадзе маліліся таксама дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі Дастойны Ўладыка Антон (Дзям’янка) і дэкан кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч касьцёлу сьвятых Сымона і Алены.

Дастойнага юбіляра прывітаў перад Літургіяй Архімандрыт Сяргей, а Ўладыка Антон павіншаваў яго і выказаў яму ўдзячнасьць за ягоную дзейнасьць для дабра беларускага хрысьціянства і беларускай духоўнай культуры.

У казаньні юбіляр айцец Аляксандар гаварыў пра духоўную вартасьць удзячнасьці за тое, што Госпад дазваляе нам служыць іншым, а асабліва Царкве і Бацькаўшчыне. Шматлікія вернікі, нямала якіх прыехала з іншых грэка-каталіцкіх парафіяў (з Івацэвічаў, Бярозы, Баранавічаў, Мар’інай Горкі, Жодзіна, Барысава, Маладэчна), успрынялі гэтыя словы як каштоўны запавет.

Напрыканцы багаслужбы было зачытанае віншаваньне, якое даслаў Высокадастойны Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш (Кандрусевіч).

Дастойнага Юбіляра павіншавалі таксама прадстаўнікі менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў: Праведнага Язэпа, Маці Божай Нястомнай Дапамогі, Сьвятога Мікалая і Сьвятога Духа.

Пасьля Боскай Літургіі падчас братэрскай агапы, што мела месца ў Душпастырскім цэнтры сьвятога Язэпа, Уладыка Антон (Дзям’янка) падарыў юбіляру г. зв. «місійны крыж», які ён прывёз з аўстралійскага Сіднэю, з Сусьветнага Дня Моладзі.

На фота:

1. Апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы а. Аляксандар Надсан. (Фота Юліі Дарашкевіч).

2. Менск, 22.11.2008. Айцец А.Надсан са сьвятарамі і семінарыстамі БГКЦ падчас малітвы на Кальварыйскіх могілках.

3. Урачыстая Літургія ў капліцы Ўсіх Сьвятых беларускага народу.

4. Менск, 22.11.2008. Айцец А.Надсан на прыёме ў Нунцыя.

5. Біскуп Антон (Дзям’янка) уручае падарунак юбіляру.

Гэты артыкул чыталі 9 разоў (-ы)