Царква
Не давайцеся ў зман; дрэнныя суполькі псуюць добрыя норавы
(1-ае Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 15:33)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (60), 2009

Слова

Мэта сапраўднага посту – спажываньне
«сапраўднай ежы»

Пасланьне Сьвятога Айца Бенядыкта XVI
на Вялікі пост 2009 году

Дарагія браты і сёстры!
На пачатку Вялікага посту, які зьяўляецца шляхам інтэнсіўнай духоўнай падрыхтоўкі, літургія заахвочвае нас да трох практык пакаяньня, уласьцівых біблійнай і хрысьціянскай традыцыі,– да малітвы, міласьціны i посту,– каб мы як мага лепш падрыхтаваліся да сьвяткаваньня ўрачыстасьці Вялікадня i адчулі моц Бога, які – як пачуем падчас Пасхальнай вігіліі – «праганяе злосьць, змывае правіны і вяртае ласку ўпаўшым, а засмучаным радасьць, зьнішчае нянавісьць, яднае ў згодзе і скарае зямныя ўлады» (Абвяшчэньне Пасхі).

У традыцыйным Пасланьні на Вялікі пост хацеў бы ў гэтым годзе асаблівым чынам паразважаць над значэньнем i сэнсам посту. Вялікі пост нагадвае нам пра 40-дзённы пост, які Госпад меў у пустыні перад распачацьцем сваёй публічнай дзейнасьці. У Евангельлі чытаем: «Тады Дух вывеў Ісуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. І, пасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, [Ісус] нарэшце адчуў голад» (Mц 4, 1-2). Падобна як Майсей перад тым, як атрымаць скрыжалі Дэкалогу (пар. Вых 34, 28), і як Ільля перш чым сустрэў Бога на гары Гарэб (пар. 3 Цар 19, 8), так i Ісус праз малітву і пост падрыхтаваўся да сваёй місіі, пачаткам якой была цяжкая сустрэча з выпрабаваньнем.

Можам задаць сабе пытаньне: якую каштоўнасьць i які сэнс мае для нас, хрысьціянаў, адмаўленьне ад чагосьці, што само па сабе зьяўляецца добрым i дазваляе нам жыць. Сьвятое Пісаньне i ўся хрысьціянская традыцыя вучыць, што пост дапамагае пазьбягаць граху і таго, што вядзе да яго. Таму ў гісторыі збаўленьня шмат разоў гучыць заклік да посту. Ужо на першых старонках Сьвятога Пісаньня Бог загадвае чалавеку, каб ён ня еў забароненага плоду: «З усялякага дрэва ў садзе можаш есьці, але з дрэва пазнаньня дабра і зла не спажывай, бо ў дзень, калі зьясі з яго, напэўна, памрэш» (Быц 2, 16-17). Каментуючы Божы загад, сьв. Васіль Вялікі заўважае, што «пост быў загаданы ў раі», a «першым, хто атрымаў такі наказ, быў Адам». І заканчвае так: «Забарона «не спажывай» ёсьць, такім чынам, законам посту i ўстрыманьня» (пар. Sermo de jejunio: PG 31, 163, 98). З прычыны таго, што мы ўсе абцяжараныя грахом i яго наступствамі, пост дадзены нам як сродак, які дазваляе аднавіць лучнасьць з Богам. Так учыніў Ездра перад вяртаньнем у Абяцаную зямлю з выгнаньня, заахвочваючы сабраны народ да посту, «каб мы скарыліся перад нашым Богам» (Езд 8, 21). Усемагутны пачуў іхнія малітвы і паабяцаў Сваю прыхільнасьць і апеку. Гэтаксама паводзілі сябе жыхары Нінэвіі, якія паслухаліся закліку Ёны да пакаяньня i ў знак шчырасьці абвясьцілі пост, кажучы: «Хто ведае, можа Бог зьмілуецца і даруе, і адверне свой гнеў, і мы не загінем» (Ёна 3, 9). І тады Бог глянуў на іхнія чыны i пашкадаваў іх.

У Новым Запавеце Ісус паказвае галоўнае значэньне посту, асуджаючы паводзіны фарысеяў, якія дакладна захоўвалі патрабаваньні закону, хоць іх сэрца было далёкае ад Бога. Сапраўдны пост, як нагадвае ў іншым месцы Боскі Настаўнік,– гэта выкананьне волі Нябеснага Айца, які бачыць патаемнае і аддасьць табе (пар. Mц 6, 18). Ён Сам дае прыклад, адказваючы сатане пасьля 40 дзён, праведзеных у пустыні, што «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Mц 4, 4). Мэта сапраўднага посту – гэта спажываньне «сапраўднай ежы», якой зьяўляецца выкананьне волі Айца (пар. Ян 4, 34). Паколькі Адам не паслухаўся наказу Бога, каб не спажываць плоду «з дрэва пазнаньня дабра і зла», веруючы чалавек праз пост хоча пакорліва даверыцца Богу, спадзеючыся на Яго дабрыню і міласэрнасьць.
---------------------
Цытата: "Нашае свабоднае рашэньне адмовіцца ад чагосьці, каб дапамагчы іншым, канкрэтна паказвае, што бліжні, які перажывае цяжкасьці, не зьяўляецца для нас чужым. [...] Менавіта такім быў ад пачатку стыль жыцьця хрысьціянскай супольнасьці, у якой арганізоўваліся сьпецыяльныя зборы ахвяраваньняў, a вернікаў заахвочвалі аддаваць бедным тое, што дзякуючы посту ўдалося адкласьці. Таксама і сёньня трэба нанова адкрыць гэтую практыку i заахвочваць да яе"
---------------------
Практыка посту была вельмі распаўсюджанай у супольнасьці першых хрысьціянаў (пар. Дз 13, 3; Дз 14, 22; Дз 27, 21; 2 Кар 6, 5). Таксама Айцы Царквы кажуць пра моц посту, якая абараняе ад грахоў, утаймоўвае жаданьні «старога Адама» i пракладае ў сэрцах людзей, якія вераць, шлях да Бога. Пост часта практыкуюць і раяць сьвятыя розных эпох. Сьвяты Пётр Хрызалог пісаў: «Душою малітвы ёсьць пост, a жыцьцём посту – міласэрнасьць. Таму той, хто моліцца, няхай посьціць, a хто посьціць, няхай выконвае ўчынкі міласэрнасьці, няхай выслухоўвае таго, хто просіць, які хоча быць пачутым. Хто хоча знайсьці сэрца Бога адкрытым, няхай ніколі не закрывае свайго сэрца для тых, хто просіць» (Казаньне 43).

Здаецца, што ў наш час крыху зьменшылася духоўнае значэньне практыкі посту. Яна стала – у культуры, дзе пераважае імкненьне да матэрыяльнага дабрабыту,– больш тэрапеўтычным сродкам для лячэньня цела. Вядома, пост дапамагае захаваць добрае фізічнае здароўе, але для вернікаў ён зьяўляецца ў першую чаргу «тэрапіяй», якая дапамагае вылечыць усё тое, што перашкаджае выкананьню волі Божай. У Апостальскай канстытуцыі Paenitemini 1966 г. Слуга Божы Павел VI сьцьвердзіў, што трэба разглядаць пост у кантэксьце пакліканьня кожнага хрысьціяніна, які «не для сябе (...) павінен жыць, але для Бога, які палюбіў яго i выдаў за яго Самога Сябе, а таксама павінен жыць для братоў» (пар. Paenitemini, I). Вялікі пост – гэта добрая магчымасьць прыгадаць сабе прынцыпы, зьмешчаныя ў цытаванай Апостальскай канстытуцыі, падкрэсьліваючы гэтым самым праўдзівае i нязьменнае значэньне гэтай старажытнай практыкі, якая можа нам дапамагчы зьнішчыць наш эгаізм i адкрыць сэрца на любоў да Бога i бліжняга, што зьяўляецца першай і самай важнай запаведдзю новага Закону, a таксама сутнасьцю ўсяго Евангельля (пар. Mц 22, 34-40). Дакладнае захаваньне посту садзейнічае еднасьці асобы, яе цела і душы, што дапамагае пазьбягаць граху i ўзрастаць у еднасьці з Богам. Сьвяты Аўгустын, які добра ведаў уласныя дрэнныя схільнасьці i называў іх «заблытаным і складаным вузлом» (Вызнаньні, II, 10.18), у трактаце пра «Карысьць посту» пісаў: «Я раблю сабе вялікія цярпеньні, каб Ён мне прабачыў; я сам сябе караю, каб Ён мне дапамог, каб я знайшоў упадабаньне ў Яго вачах і спазнаў Яго слодыч» (Sermo 400, 3, 3). Адмаўленьне ад матэрыяльнага спажытку, які жывіць цела, умацоўвае ўнутраную гатоўнасьць слухаць Хрыста i карміцца Яго збаўчым словам. Праз пост i малітву мы дазваляем, каб Ён прыходзіў i каб задавальняў найбольшы голад, які мы адчуваем у сабе: голад i прагу Бога.

Адначасова пост дапамагае нам усьвядоміць, у якой сітуацыі жывуць многія нашыя браты. У 1-ым Пасланьні сьв. Ян нагадвае: «Калі хтосьці мае дастатак у сьвеце і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа жыць у ім?» (1 Ян 3, 17). Дабравольны пост дапамагае нам насьледаваць добрага самараніна, які заўважыў брата, які церпіць, і сьпяшаецца яму на дапамогу (пар. Энц. Deus caritas est, 15). Нашае свабоднае рашэньне адмовіцца ад чагосьці, каб дапамагчы іншым, канкрэтна паказвае, што бліжні, які перажывае цяжкасьці, не зьяўляецца для нас чужым. Менавіта для таго, каб заахвоціць да такой адкрытай і чулай паставы адносна братоў, заклікаю парафіі i іншыя супольнасьці ў перыяд Вялікага посту часьцей практыкаваць пост, індывідуальна i супольна, прысьвячаючы сябе слуханьню Божага слова, малітве i ўчынкам міласэрнасьці. Менавіта такім быў ад пачатку стыль жыцьця хрысьціянскай супольнасьці, у якой арганізоўваліся сьпецыяльныя зборы ахвяраваньняў (пар. 2 Кар 8-9; Рым 15, 25-27), a вернікаў заахвочвалі аддаваць бедным тое, што дзякуючы посту ўдалося адкласьці (пар. Didascalia Ap., V, 20, 18). Таксама і сёньня трэба нанова адкрыць гэтую практыку i заахвочваць да яе, найперш, падчас літургічнага перыяду Вялікага посту.

Са сказанага відавочна, што пост – гэта каштоўная аскетычная практыка, духоўная зброя ў барацьбе з усялякай магчымай неўпарадкаванай прывязанасьцю да саміх сябе. Дабравольнае адмаўленьне ад прыемнасьці, якой зьяўляецца ежа, i ад іншых матэрыяльных дабротаў дапамагае вучню Хрыста панаваць над рознымі жаданьнямі натуры, аслабленай першародным грахом, негатыўныя вынікі якога адбіваюцца на ўсёй чалавечай асобе. Да гэтага ж заахвочвае старажытны літургічны вялікапосны гімн: «Utamur ergo parcius, / verbis, cibis et potibus, / somno, iocis et arctius / perstemus in custodia – Будзем жа сьціплымі ў словах, ежы, піцьці, сьне і жартах, і пільней будзем чуваць».

Дарагія браты і сёстры, як бачым, пост дапамагае кожнаму з нас – як пісаў Слуга Божы папа Ян Павел II – стаць поўным дарам для Бога (пар. Энц. Veritatis splendor, 21). Таму няхай Вялікі пост дапаможа кожнай сям’і i кожнай хрысьціянскай супольнасьці аддаліцца ад усяго, што перашкаджае духу, i паглыбіць тое, што корміць душу, адкрываючы яе на любоў да Бога і бліжняга. Асабліва маю на ўвазе інтэнсіўную малітву, lectio divina, частае практыкаваньне сакраманту паяднаньня, а таксама актыўны ўдзел у Еўхарыстыі, і, найперш, у нядзельнай сьв. Літургіі. З такой унутранай гатоўнасьцю ўвойдзем у атмасферу вялікапоснага пакаяньня. Няхай нам спадарожнічае Найсьвятая Дзева Марыя, Causa nostrae laetitiae (Крыніца нашай радасьці), i няхай нас падтрымлівае ў працы вызваленьня нашых сэрцаў з няволі граху, каб яны ўсё больш станавіліся «жывой даразахавальніцай Бога». З такімі пажаданьнямі, запэўніваючы вас аб малітве, каб кожны вернік i кожная царкоўная супольнасьць з карысьцю прайшлі шлях Вялікага посту, ад усяго сэрца ўдзяляю ўсім Апостальскае Блаславеньне.

Ватыкан, 11 сьнежня 2008 г.
Гэты артыкул чыталі 10 разоў (-ы)