Царква
Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату
(Кніга Эклезіяста 8:11)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Падзеі і сьвяты

Юбілеі Апостальскага Візітатара БГКЦ

23 чэрвеня 2009 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) адзначыў 35-годдзе свайго сьвятарства. Сёлета ў яго яшчэ і 60-гадовы юбілей.

Архімандрыт Сяргей (Гаек) – доктар багаслоўя, доктар Усходніх царкоўных навук, член-карэспандэнт Папскай Міжнароднай Марыйнай Акадэміі (Pontificia Academia Mariana Internationalis), дасьледчык духоўнасьці і літургіі Ўсходніх Цэркваў, а таксама аўтар шматлікіх навуковых публікацыяў па літургіцы, пнеўматалогіі, еўхарысталогіі, марыялогіі, кірыла-мятодаўскай традыцыі і экуменічных стасунках Цэркваў на славянскім Усходзе.

Айцец Сяргей (сьвецкае імя – Ян) нарадзіўся 08.02.1949 г. у Лышкавіцах Лодзкага ваяводзтва (Польшча).

Напачатку хацеў вывучаць славянскую філалогію ў Варшаўскім універсітэце, аднак адмовіўся ад гэтай ідэі і ў жніўні 1967 г. уступіў у манастыр айцоў-марыянаў, дзе змог рэалізаваць сваё жаданьне служыць для Ўсходніх Цэркваў. Дзякуючы беларускаму сьвятару-марыяніну Тамашу Падзяву, які меў моцны інтэлектуальны і духоўны ўплыў на яго, далучыўся да беларушчыны.

У 1967-1974 гг. навучаўся на багаслоўскім факультэце Каталіцкага ўніверсітэту ў Любліне (КУЛ). Падчас студыяў кантактаваў з беларускім культурным і рэлігійным асяродкам у Лондане (найперш з біскупам-марыянінам Чэславам Сіповічам). У гэтым часе быў перасьледаваны службамі бясьпекі Польскай Народнай Рэспублікі.

Вечныя манаскія зарокі склаў 15.08.1973 г., а сьвятарскія сьвячаньні атрымаў 23.06.1974 г. у Гуры Кальварыі каля Варшавы. Як сьвятар нёс пастырскую дапамогу (падпольна) хрысьціянам у Чэхаславакіі і Балгарыі.

У 1978-1983 гг. ён студыяваў у Папскім Усходнім інстытуце (Pontificia Instituto Orientale), а ў лістападзе 1983 г. абараніў там доктарскую працу па ўсходняй эклезіялогіі. У 1983-1999 гг. вёў навукова-дыдактычную дзейнасьць і быў выкладчыкам багаслоўя Ўсходніх Цэркваў у Экуменічным інстытуце Каталіцкага ўніверсітэту ў Любліне. З канца 1980-х, паралельна з навуковай дзейнасьцю, нёс пастырскую дапамогу хрысьціянам у Эстоніі, Таджыкістане, Казахстане, Якутыі, Сібіры, Украіне і Беларусі.

З восені 1993 г. айцец Сяргей Гаек – візітатар-дэлегат Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў у справе грэка-католікаў Беларусі, а ў студзені 1994 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі.

У 1996 г. Кангрэгацыяй Ўсходніх Цэркваў а. Сяргей Гаек быў пастаўлены ў сан архімандрыта і атрымаў архімандрыцкую хіратэсію з рук Мітрапаліта Перамышльска-Варшаўскага Яна (Мартыняка).

У 1997-ым ён стаў кансультарам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.

У лютым 2003 г. падчас візіту каталіцкіх ярархаў Беларусі ad limina Apostolorum Папа Ян Павел II падарыў Архімандрыту Сяргею (Гаеку) біскупскі крыж, а ў 2004 г. Першаярарх УГКЦ кардынал Любамір (Гузар) дараваў яму грамату на права нашэньня панагіі і даў літургічны прывілей на бласлаўленьне вернікаў дыкірыем і трыкірыем.

У працы “Catholic Fraternity” – ватыканскай платформы, якая ад імя Папскай Рады па справах сьвецкіх католікаў каардынуе дзейнасьць “новых супольнасьцяў” – Архімандрыт Сяргей прадстаўляе Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы ды заангажаваны ў рэалізацыі розных евангелізацыйных праектаў у Еўропе, Аргентыне і Бразіліі.

Таксама ён бярэ ўдзел у працы ACCSE/2000 – Асацыяцыі каардынатараў каталіцкіх школаў евангелізацыі і ў працы WACOM (World Apostolic Congress on Divine Mercy) – Сусьветнага кангрэсу Божай міласэрнасьці.

Архімандрыт Сяргей (Гаек) прадстаўляе БГКЦ на кансультацыйных сустрэчах усходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы (CHOCE).

Ад імя Рэдакцыі газеты “Царква” і яе чытачоў шчыра віншуем Апостальскага Візітатара БГКЦ Архімандрыта Сяргея (Гаека) з 35-годдзем сьвятарства і 60-гадовым юбілеем. Няхай Усемагутны Госпад умацоўвае і скіроўвае Вас на шляху служэньня нашай Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве і беларускаму народу дзеля праслаўленьня Госпада і спаўненьня Яго запавету “каб усе былі адно”. Многія леты!
Гэты артыкул чыталі 12 разоў (-ы)