Царква
Бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, той узвысіцца
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 23:12)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009


Год сьвятарства

Вялікая духовая падзея

У Браславе 22 жніўня 2009 году была ўрачыста каранавана папскімі каронамі цудатворная ікона Маці Божай Валадаркі Азёраў. Некалькі стагоддзяў ёю апекаваліся манахі-базыльяне. У мясцовы рыма-каталіцкі касьцёл гэтую цудатворную ікону Багародзіцы перадалі, калі царскія ўлады пачалі ліквідацыю Уніі і вырашылі зачыніць манастыр айцоў базыльянаў у Браславе, і манастырская царква, дзе захоўвалася ікона, згарэла.

«Для Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі каранаваньне Браслаўскай іконы Багародзіцы папскімі каронамі зьяўляецца вялікай духовай падзеяй. Гэтае вялікае сьвята ёсьць духовай, малітоўнай сустрэчай вернікаў розных веравызнаньняў перад іконай Багародзіцы, якая ёсьць для нас усіх Маці Еднасьці. Мы вельмі ўдзячныя Біскупу Віцебскаму Ўладзіславу Бліну за падрыхтоўку гэтага каранаваньня. Удзел высокіх Прадстаўнікоў дзяржаўных і адміністрацыйных Уладаў у гэтым сьвяце ёсьць знакам павагі дзяржаўных структураў да рэлігійнай традыцыі грамадзянаў Рэспублікі Беларусь», – сказаў Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі.

23 жніўня 2009 году ў Полацку ў царкве сьвятой Параскевы Полацкай, дзе сёньня захоўваецца копія цудатворнай Браслаўскай іконы Маці Божай, грэка-каталіцкі біскуп Мукачаўскі Мілан Шашык рукапаклаў на сьвятара дыякана БГКЦ Аляксандра Аўдзеюка (гл. фота). Ён стаў другім беларускім каталіцкім сьвятаром візантыйскага абраду, які быў высьвячаны на тэрыторыі Беларусі пасьля скасаваньня Уніі ў Полацку ў 1839 годзе.

Гл. таксама:

Новы сьвятар – каштоўны дар Маці Еднасьці

У Браславе каранавана ікона Маці Божай Валадаркі Азёраў
Гэты артыкул чыталі 11 разоў (-ы)