Царква
Хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне
(Другое Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Карынфянаў 9:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Год сьвятарства

У рэдэмптарыстаў усходняга абраду першы сьвятар-беларус

У Львове, 25 лістапада 2009 году, у грэка-каталіцкай царкве сьв. Язафата, на патранальнае сьвята мясцовай парафіі, якой апякуюцца манахі Чыну Найсьвяцейшага Адкупіцеля, Данецкі грэка-каталіцкі экзарх біскуп Сьцяпан Мянёк, CSsR рукапаклаў на сьвятара дыякана Антона Нікалаева, які паходзіць з Беларусі, з парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці.
 

Разам з ім сьвятарскія сьвячаньні атрымалі таксама два ўкраінскія манахі-рэдэмптарысты: дыяканы Багдан Гялета і Ігар Паўлій. Ва ўрачыстай Боскай Літургіі прынялі ўдзел протаігумен Львоўскай правінцыі Кангрэгацыі Найсьвяцейшага Адкупіцеля а. Васіль Іваніў, правінцыяльны вікарый а. Пётр Баран, CSsR, айцец д-р Рышард Гайдук, CSsR з Польшчы, ігумены і айцы Львоўскай правінцыі Кангрэгацыі, а таксама госьці з Беларусі і розных гарадоў Украіны. З сьвятароў БГКЦ у Львове на сьвячаньнях а. Антона (Нікалаева) прысутнічалі а. Алесь Шаўцоў з парафіі сьв. Язафата ў Полацку і а. Пахом Кавалёў, які служыць у Менску.

У манаскай супольнасьці айцоў-рэдэмптарыстаў усходняга абраду ераманах Антон (Нікалаеў) стаў першым беларускім сьвятаром. Сёньня ў манастыры рэдэмптарыстаў у Львове праходзіць фармацыю яшчэ адзін беларускі грэка-каталік – бр. Зьміцер (Чарнель) з парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні. Блаславёны сьвятамучанік Мікалай Чарнецкі, імя якога носіць адзін з дэканатаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, таксама быў рэдэмптарыстам. У міжваенны час ён быў Апостальскім візітатарам новаўтвораных каталіцкіх парафіяў славяна-візантыйскага абраду на Валыні, Падляшшы і Палесьсі, а з верасьня 1939-га на працягу году часова выконваў абавязкі кіраўніка Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы. 14 сьнежня споўніцца 125 гадоў з дня нараджэньня гэтага мужнага вызнаўцы веры, які 11 гадоў правёў у сібірскіх лагерах.

Кангрэгацыя (Чын) Найсьвяцейшага Адкупіцеля налічвае сёньня 5,5 тыс. членаў у 78 краінах сьвету. Больш за сто гадоў рэдэмптарысты працуюць ва ўсходнім абрадзе. Гэтую працу першымі распачалі бельгійскія манахі сярод эмігрантаў з Усходняй Еўропы ў Канадзе яшчэ ў 1906 годзе, а ў 1913 годзе мітрапаліт А.Шаптыцкі запрасіў іх для місійнага служэньня ў Заходнюю Ўкраіну. Сёньня да Львоўскай правінцыі Чыну належыць каля 130 сьвятароў і братоў, якія жывуць у 11 манастырах на тэрыторыі ўсёй Украіны. 21 лістапада 2009 году адбылося асьвячэньне новага грэка-каталіцкага храму бласл. Мікалая Чарнецкага недалёка ад украінска-беларускай мяжы ў Ковелі Валынскай вобл., дзе працуюць рэдэмптарысты. Да гэтай правінцыі належыць таксама місія ў Расеі, у сібірскім горадзе Пракоп’еўск. Шмат рэдэмптарыстаў усходняга абраду сёньня працуе ў Канадзе і Амерыцы, а таксама ў Славакіі.

У Беларусі рэдэмптарысты працуюць пакуль толькі ў лацінскім абрадзе ў Горадні, у парафіі Найсьвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы. З іх гасьціны карыстаюцца мясцовыя грэка-католікі, якія ў сувязі з будаўнічымі працамі ў сваім душпастырскім цэнтры моляцца сёньня ў капліцы айцоў рэдэмптарыстаў.

Ігар Бараноўскі
Фота з сайту: http://cssr.at.ua

Гэты артыкул чыталі 14 разоў (-ы)