Царква
I вось убачыў я, што няма нічога лепшага чалавеку, як радавацца з учынкаў сваіх: бо гэта - доля яго; хто ж бо яго прывядзе паглядзець на тое, што пасьля яго будзе?
(Кніга Эклезіяста 3:22)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Год сьвятарства

Пастырскае Слова
Апостальскага Візітатара
для грэка-католікаў Беларусі
на пачатак Вялікага посту 2010 году

 
Пачэсныя Айцы сьвятаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні
і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры!
Паважаныя Сябры!

Зазьзяла ласка Твая, Госпадзе,
зазьзяла і прасьвятленьне душ нашых.
Вось час падыходны, вось час пакаяньня.
Дык адкладзем учынкі цемры
і апранемся ў сьветлую вопратку,
каб, пераплыўшы вялікае мора посту,
даплыць пасьпяхова да трохдзённага ўваскрасеньня Госпада нашага
Ісуса Хрыста, Збавіцеля душаў нашых.
Песьня з вячэрні Нядзелі сырнай,
першай вячэрні Вялікага посту.

1. Вялікапоснае вандраваньне, якое прапануюць нам сьпевы Трыёдзі, прадугледжвае неабходнасьць падрыхтоўкі. На першай вячэрні Вялікага посту ў Сырную нядзелю ўвечары чуем у сьпевах вершапесьні пра тое, што, каб пасьпяхова пераплысьці вялікае мора посту, трэба адкласьці ўчынкі цемры і апрануцца ў сьветлую вопратку. Гэтая падрыхтоўка патрабуе ад нас ня толькі высілку нашай волі ў змаганьні з сваімі дрэннымі схільнасьцямі і грахамі, але і высілку нашага розуму, каб спасьцігнуць, дзе ёсьць воля Божая для нас і вызначыць тыя ўчынкі цемры, якія нам трэба адкінуць.

У гэтых высілках мы, як верныя дзеці Царквы, зьвяртаемся да Сьвятога Пісьма і царкоўнага Пераданьня і карыстаемся аўтэнтычнай царкоўнай інтэрпрэтацыяй іх – Катэхізісам.

Усіх сьвятароў нашае Царквы заклікаю ў Вялікім посьце праводзіць катэхізацыі ў сваіх парафіях, спаўняючы заклік Папы Бенядыкта XVI, выказаны ў ягоным Пасланьні да каталіцкіх ярархаў Беларусі падчас візіту ad limina, “каб належная катэхетычная адукацыя паказвала шлях веры на ўсіх этапах жыцьця”.

Вернікаў заклікаю да руплівага і чыннага ўдзелу ў гэтых катэхізацыях, каб паводле словаў Сьвятога Айца “пасланьне Хрыста дасягала да кожнага асяродку даручанага” сьвятарам статку.

2. У некаторых Цэрквах візантыйскай традыцыі існуе звычай асаблівага шанаваньня Багародзіцы праз увесь Вялікі пост сьпяваньнем у Яе гонар часткі Акафісту ў кожную пятніцу вечарам. Прымем гэтую традыцыю як заахвочваньне і для нашай Царквы, бо ў гэтым годзе адзначаем 280-ыя ўгодкі каранаваньня папскімі каронамі цудадзейнай Жыровіцкай іконы Багародзіцы.

У час нашага посту заклікаю да малітоўнага асэнсаваньня вялікіх ласкаў Багародзіцы, якія Яна шчодра выпрошвае ў свайго Сына для нашага народу і нашай Царквы. Сьведчаньнем гэтага ёсьць падзеі 280-гадовай даўніны, калі падчас урачыстасьцяў з нагоды каранаваньня Жыровіцкай іконы паспавядалася і прычасьцілася больш за 140 тысячаў нашых продкаў. Пра гэта сьведчаць годныя веры дакументы тае пары.

Падзеі такога шырокага навяртаньня да Бога нашых продкаў мусяць быць выклікам для нас на гэты час Вялікага посту ў нашай малітве за наш народ і захаваньне ды пашырэньне ў ім хрысьціянскіх каштоўнасьцяў.

3. Час Вялікага посту ў нашай літургічнай традыцыі гэта і час малітвы за нашых памерлых продкаў, якія былі сьведкамі жывой веры, вернасьці Хрысту і еднасьці Царквы. Асаблівым чынам падчас малітваў за памёрлых у суботы Вялікага посту ўзгадаем усіх тых, што служылі Хрысту ў Жыровіцкай абіцелі манахаў-базыльянаў ды ў іншых манастырах на нашай зямлі: быценскім, менскім, барунскім, браслаўскім і іншых. Такая малітва няхай дапаможа нам увайсьці ў глыбіню праўды пра “сулучнасьць сьвятых”, якой ёсьць Паўсюдная Хрыстовая Царква ў яе вымярэньні як гістарычным, так і геаграфічным. Тады зможам лепш зразумець каштоўнасьць нашай духовай спадчыны, якую подзьвігам нашага хрысьціянскага жыцьця маем працягваць сёньня ў нашай Бацькаўшчыне.

Усім сьвятарам, манахам, манахіням, семінарыстам, усім вернікам нашае Царквы ды ўсім нашым сябрам жадаем плённага духова Вялікага посту і даручаем вас малітвам Багародзіцы.

Блаславеньне Гасподняе хай будзе на вас, ласкаю Яго і чалавекалюбствам!

Менск, нядзеля перад Вялікім постам 2010 г.

+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі

Гэты артыкул чыталі 24 разоў (-ы)