Царква
Ніхто, увайшоўшы ў дом дужага, ня можа зрабаваць рэчаў ягоных, калі сьпярша ня зьвяжа дужага, - і тады зрабуе дом ягоны
(Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце 3:27)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (65), 2010

Слова

Бенядыкт XVI пра тайну Пяцідзясятніцы:

Сьвяты Дух – крыніца надпрыроднай еднасьці і полымя, якое перамяняе сэрцы

Ва ўрачыстасьць Зыходу Сьвятога Духа Папа Бенядыкт XVI узначаліў імшу ў базыліцы сьв. Пятра. Тэмай яго казані сталі разважаньні пра прыроду Царквы, якую немагчыма зьвесьці да якога-небудзь палітычнага праекту і якая ўяўляе сабою звышнатуральную рэальнасьць еднасьці чалавечага роду.

Рымскі Архірэй адзначыў, што Пяцідзясятніца дапаўняе сабой усю зямную місію Сына Божага, Які памёр на крыжы, уваскрос і ўзьнёсься да Айца і Які ўдыхнуў у чалавечыя сэрцы новую сілу Духа, і гэта ёсьць чарговае адкрыцьцё Бога, Які зьмяняе сьвет.

“Там, дзе маюць месца расколы і адчужэньне, – працягваў ён, – гэтая сіла творыць еднасьць і паразуменьне. Так пачынаецца працэс аднаўленьня еднасьці паміж рознымі часткамі агульначалавечай сям’і, унутрана падзеленай і расьцярушанай. Людзі, якія часта ператварыліся ў канкуруючыя і канфліктуючыя паміж сабой індывіды, будучы закранутыя дзеяньнем Духа Хрыстова, адкрываюцца досьведу сулучнасьці, які паглынае іх настолькі, што яны з гэтага часу складаюць новы арганізм, новы суб’ект – Царкву. Вось вынік дзеяньня Божага – еднасьць. Таму еднасьць робіцца таксама апазнавальным знакам, “візітнай карткай” Царквы на працягу ўсёй яе гісторыі. Ад самага пачатку свайго існаваньня, з дня Пяцідзясятніцы, прамаўляе яна на ўсіх мовах. Паўсюдная Царква мае прыярытэт перад памеснымі Цэрквамі, якія закліканы знаходзіцца ў згодзе з ёй у адпаведнасьці з крытэрамі еднасьці і паўсюднасьці. Царква ніколі ня можа быць нявольніцай палітычных, расавых ці культурных абмежаваньняў; яе нельга параўноўваць з дзяржавай ці нават з федэрацыяй дзяржаў, паколькі яе еднасьць мае зусім адметны характар і імкнецца пераадолець любыя людзкія межы. Калі ж асобны чалавек ці нейкая чалавечая супольнасьць імкнуцца абмежаваць сябе выключна ўласным мысьленьнем і спосабам дзеяньняў, гэта знак таго, што яны аддаліліся ад Сьвятога Духа”.

Далей Бенядыкт XVI адзначыў, што аб'яднаўчае дзеяньне Сьвятога Духа ня мае нічога агульнага з эгалітарызмам (усеагульнай ураўняльнасьцю). Яно – поўная супрацьлегласьць Бабілонскай вежы, своеасабліваму “тэхнічнаму” праекту, які навязваў усім адзіную мову. У дзень Сёмухі ўсё адбываецца зусім іначай: кожны чуе сваю ўласную мову.

“Еднасьць Духа выяўляецца ў разнастайнасьці разуменьня, – сказаў далей Папа. – Царква па сваёй прыродзе і адзіная, і разнастайная. Яна паклікана да існаваньня сярод усіх народаў і людзей, у самым розным сацыяльным асяроддзі. Царква толькі тады адпавядае свайму пакліканьню быць знакам і прыладай еднасьці ўсяго роду чалавечага, калі не ідэнтыфікуе сябе з нейкай пэўнай дзяржавай ці культурай. Заўжды і ўсюды Царква мае быць па-сапраўднаму каталіцкай і паўсюднай. Яна мусіць быць домам для ўсіх людзей, у якім кожны чалавек адчуваў бы, што ён – “у сябе”.

Сьвяты Айцец таксама зьвярнуў увагу на сымболіку агню, характэрную для зыходу Сьвятога Духа. “Як жа адрознае гэтае полымя ад полымя войн і бомбаў! – адзначыў ён. – Як жа адрозны пажар, запалены Хрыстом, і які распаўсюджвае Царква, ад пажараў, учыненых дыктатарамі розных эпох, у тым ліку і мінулага стагоддзя, пасьля якіх заставалася толькі выпаленая зямля. Агонь Божы, полымя Духа Сьвятога мае тую ж прыроду, што і агонь незгаральнага куста. Гэты агонь гарыць, але не зьнішчае. Больш таго, разгараючыся, ён выяўляе лепшую, сапраўдную сутнасьць чалавека, нібы выплаўляючы яго ўнутраныя контуры – пакліканьне да праўды і любові”.

Аднак, як заўважыў Папа, той самы агонь уяўляе пагрозу для ўсяго, што ў чалавеку будуецца на логіцы валоданьня, а не дзяленьня, для ўсяго, што абцяжарвае зносіны з Богам і блізкімі. Мы ж нярэдка баімся “згарэць”, аддаючы перавагу таму, што нам здаецца важным і дарагім, каб застацца такімі, якімі ёсьць. З гэтай прычыны шмат хто верыць у Бога і захапляецца Ісусам Хрыстом, але, тым ня менш, адмаўляецца ад учынкаў, цаной якіх было б адрачэньне ад чагосьці, што ім вельмі дорага. Людзі баяцца патрабаваньняў веры. Людзі баяцца, што калі сьледаваць за Хрыстом, гэта пазбавіць іх волі ці вымусіць адмовіцца ад нейкіх учынкаў, якія сталіся для іх звыклымі. Такім чынам, з аднаго боку, мы жадаем быць з Ісусам, наблізіцца да Яго, а з іншага – баімся таго, што за гэтым можа здарыцца.

“Дарагія браты і сёстры! – зьвярнуўся Папа. – Нам трэба ўвесь час чуць словы Ісуса, якія Ён гэтак часта паўтараў Сваім вучням: “Ня бойцеся!” Падобна Пятру і іншым апосталам, мы павінны дазволіць, каб Яго прысутнасьць і ласка маглі перамяніць нашыя сэрцы, заўсёды падатныя на чалавечыя слабасьці. Мы павінны зразумець, што зрачыся ад чагосьці, ды нават і ад сябе саміх, дзеля Бога праўдзівага, Бога любові і жыцьця, гэта на самай справе значыць знайсьці, па-сапраўднаму адшукаць самога сябе. Той, хто даверыцца Хрысту, ужо ў гэтым жыцьці зьведае супакой і радасьць сардэчную, якіх сьвет ані даць, ані адняць ня можа. Таму як жа важна дазволіць, каб полымя Духа Сьвятога магло дакрануцца нас! Той боль, які мы пры гэтым адчуваем, неабходны для нашага перамяненьня. У ім – рэальнасьць крыжа”.

Пасьля імшы, на паўдзённай сустрэчы з вернікамі падчас малітвы “Regina Caeli”, Сьвяты Айцец працягнуў свае разважаньні пра дзень Пяцідзясятніцы.

“Тайна Пяцідзясятніцы, якую мы слушна атаясамліваем з падзеяй у Ерусалімскай сьвятліцы, ёсьць сапраўдны хрост Царквы, – сказаў ён. – Гэтым, аднак, тайна не вычэрпваецца. Бо Царква ўвесь час перажывае выліваньне Сьвятога Духа, без якога яна б даўно пазбавілася моцы, падобна ветразю ў зацішнае надвор’е. Між тым, Царква ведае незьлічоныя “пяцідзясятніцы”, якімі ажыўляюцца мясцовыя супольнасьці. Прыгадаем набажэнствы, якія асаблівым чынам перажываюцца ў значныя для жыцьця пэўнай супольнасьці моманты. У гэтых выпадках сіла Божая дзейнічае абсалютна відавочна, абуджаючы ў душах радасьць і запал. Прыгадаем шматлікія малітоўныя групы, у якіх маладыя людзі ясна ўсьведамляюць сваё пакліканьне будаваць сваё жыцьцё ў Боскай любові і цалкам прысьвяціць сябе Богу”. Сьвяты Айцец узгадаў пры гэтым пра важныя сустрэчы царкоўных рухаў са Слугой Божым Янам Паўлам ІІ на плошчы Сьвятога Пятра ва ўрачыстасьць Зыходу Сьвятога Духа ў 1998 годзе.

У гэтым кантэксьце няспыннага дзеяньня Духа Сьвятога Бенядыкт XVI узгадаў таксама і пра сваё нядаўняе наведваньне партугальскай Фацімы. Там, у прысутнасьці сотняў тысячаў паломнікаў, ізноў быў перажыты досьвед вучняў Хрыстовых, якія сабраліся ў Ерусалімскай сьвятліцы. У безупынным працэсе выліваньня Духа, падкрэсьліў Папа, сваё месца мае Марыя. У прысьвечаных Багародзіцы санктуарыюмах вернікі адчуваюць на сабе Яе матчыну апеку.

“Няма Царквы без Зыходу Духа, – сказаў Сьвяты Айцец. – І яшчэ дадам, што няма Пяцідзясятніцы без Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. Так было напачатку, у Ерусалімскай сьвятліцы. Так бывае ўвесь час, у любым месцы, у любы час. Нядаўна я сам стаў сьведкам гэтага ў Фаціме. Хіба тое, што перажыў незьлічоны натоўп людзей, што сабраліся на пляцы перад санктуарыюмам, калі ва ўсіх было адно сэрца і адна душа, не было новым Зыходам Духа? З намі была Марыя, Маці Ісуса. Там, дзе хрысьціяне зьбіраюцца на малітву разам з Марыяй, Госпад удзяляе Свайго Духа”.

Паводле Radio Watykańskie і Catholic.by

Гэты артыкул чыталі 46 разоў (-ы)