Царква
Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 4:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

Царква Хрыстовая ў Беларусi.
На шляху да абнаўленьня i еднасьцi

(Даклад прачытаны на экуменiчнай сустрэчы ў Менску 20 студзеня 2007 г. у рамках падрыхтоўкi хрысьцiянаў Беларусi да III Еўрапейскай Экуменiчнай Асамблеi ў горадзе Сiбiю (4-9 верасьня 2007 году)

Для Беларусi нехарактэрна весьцi гаворку пра Царкву ўвогуле, найчасьцей гаворыцца пра асобныя веравызнаньнi. З iншага боку, адзiнства нашага гiстарычнага лёсу i нашай веры ў Хрыста, хоць i выяўленае ў розных слоўных формулах i формах царкоўнага жыцьця, заахвочвае да таго, каб паглядзець на хрысьцiянства ў Беларусi як на адзiнае цэлае – на Царкву Iсуса Хрыста. Хочацца спадзявацца, што мы ўжо настолькi пасталелi, каб усьведамляць нашае супольнае паклiканьне i адказнасьць за лёс Царквы ў нашай краiне, аналiзаваць мiнулае, думаць пра будучыню, шукаць шляхi для пабудовы жыцьця ў Беларусi на хрысьцiянскiх асновах.

Памяць i надзея

Сёньняшнi стан хрысьцiянства ў Беларусi непасрэдна зьвязаны з нашай папярэдняй гiсторыяй. У XX стагоддзi мы перажылi дзьве сусьветныя вайны, дзеi якiх разгортвалiся на тэрыторыi нашай краiны. Царкве i народу Беларусi прыйшлося сутыкнуцца з дзьвюма жахлiвымi таталiтарнымi сiстэмамi, фашыстоўскай i камунiстычнай, у апошняй з якiх атэiзм зьяўляўся iдэалагiчным стрыжнем. Фактычна, на працягу цэлага XX стагоддзя ў нашай краiне былi пастаўлены пад удар усе асноўныя чалавечыя каштоўнасьцi. Вынiкам гэтых падзей сталiся асаблiвыя знакi, "стыгматы", якiмi былi пазначаны наш народ i Царква. Яны выяўляюцца сёньня ў складаных праблемах i пытаньнях, патрабуюць "лекаваньня", прымiрэньня з сваiм мiнулым i з тымi, што чынiлi нам зло, патрабуюць разуменьня ўласных памылак.

Застаецца таксама адкрытым пытаньне нашых гiстарычных грахоў i адказнасьцi за iх. Адным з "сьмяротных грахоў" нашага грамадзтва ў XX стагоддзi стала масавае адступнiцтва ад веры. Гэта выявiлася ня толькi ў атэiзме, але i ў адмове ад маральных вартасьцяў хрысьцiянства. Каштоўнасьць адносiнаў да Бога i адносiнаў да чалавека сталiся аднолькава пастаўленымi пад сумнiў. У сучасным беларускiм грамадзтве пераважаюць адыход да прыватных справаў, страх i нежаданьне браць на сябе адказнасьць за лёс сваёй Царквы i свайго народу. Зьнешне сiтуацыя пачала мяняцца на працягу апошнiх 15-20 гадоў, але духовы стан нацыi збольшага застаецца той самы. Не жадаючы ставiць сябе на судзейскае месца, мусiм, аднак, задумацца над прычынамi таго, што сталася. "Грахi нашых бацькоў" нельга апраўдаць складанымi абставiнамi, бо ў тых самых жыцьцёвых абставiнах розныя людзi паводзiлiся вельмi па-рознаму. Патрэбна сапраўднае глыбокае навяртаньне нашага грамадзтва, зьмена сьвядомасьцi i жыцьця.

Маральным абавязкам Царквы ў гэтай сiтуацыi ёсьць ня толькi заклiкаць людзей да пакаяньня, але i даваць iм жывы прыклад. Нi для кога не сакрэт, што адказнасьць за мiнулыя грахi й цяперашнi стан ляжыць таксама i на царкоўнай Супольнасьцi, i на паасобных яе членах. Калi б памiж хрысьцiянамi не было падзелаў, прычыны якiх большасьць нават ужо не памятае, калi б у абароне хрысьцiянскай веры i чалавечага жыцьця мы выступалi супольна, тады, напэўна, нашае сьведчаньне ўспрымалася б па-iншаму. Вельмi часта хрысьцiянства застаецца сёньня рэлiгiйным культам, абмежаваным сьценамi храма або жытла вернiка, i мае мiнiмальны ўплыў на рэшту ягонага жыцьця. А ў горшым выпадку яно пачынае заступаць у новай сiстэме ролю старой камунiстычнай iдэалогii. Часта жыцьцё царкоўных супольнасьцяў якасна не адрозьнiваецца ад жыцьця iншых грамадзкiх iнстытутаў. Таму няма нiчога дзiўнага, калi слова хрысьцiянскай пропаведзi, не падмацаванае прыкладам жыцьця, застаецца без адказу.

З iншага боку, перад нашымi вачыма стаяць шматлiкiя прыклады нашых братоў i сёстраў праваслаўных, каталiкоў, пратэстантаў, як нашых суайчыньнiкаў, так i прадстаўнiкоў iншых народаў, якiя ў нядаўнiм часе, ва ўмовах войнаў i перасьледаваньняў далi вялiкiя сьведчаньнi веры. Можам успомнiць тут новамучанiкаў Праваслаўнай Царквы часоў камунiстычнай рэвалюцыi i грамадзянскай вайны, рыма-каталiцкiх сьвятароў Антона Ляшчэвiча i Юрыя Кашыру, Экзарха Беларускай Грэка-Каталiцкай Царквы Антона Неманцэвiча, iншых каталiцкiх мучанiкаў. Таксама можна ўспомнiць шматлiкiх вернiкаў пратэстанцкiх цэркваў, якiя ў цяжкiя часы панаваньня дзяржаўнага атэiзму аддана сьведчылi Хрыста. Памятаючы гэтыя прыклады, мы з надзеяй можам глядзець у будучыню, можам быць гатовымi дапаўняць сьведчаньне веры нашых папярэднiкаў, адкрываючы для сябе шлях, на якiм будзем здольныя перамагчы ўсе перашкоды.

Хрысьцiянская будучыня Еўропы i еўрапейская будучыня Беларусi

Сёньня на самых розных узроўнях трывае дыскусiя пра месца хрысьцiянства ў аб'яднанай Еўропе. Хрысьцiянам даводзiцца сутыкацца з тэндэнцыямi, якiя вядуць да забыцьця пра хрысьцiянскiя каранi еўрапейскае цывiлiзацыi, пра тое, што многiя маральныя i культурныя каштоўнасьцi былi ўспрынятыя народамi Еўропы ўласна дзякуючы хрысьцiянству. У сучаснай Беларусi, здаецца, нiхто ўголас не аспрэчвае важнасьць Царквы для разьвiцьця грамадзтва. Але, калi зазiрнуць трохi далей агульных дэкларацыяў, сiтуацыя ўжо ня будзе выглядаць так аптымiстычна. Доўгiя гады панаваньня атэiзму як афiцыйнай iдэалогii стварылi iнэртнае i вельмi непадатлiвае на зьмены асяроддзе. Абыякавасьць да хрысьцiянства, як да самой веры, так i да хрысьцiянскiх каштоўнасьцяў – гэта тое, што зьблiжае сёньня сэкулярызываны Захад i Ўсход, нягледзячы на ўсе адметнасьцi памiж iмi. Супрацьстаяць гэтай сiле можна толькi дзякуючы супольным намаганьням усiх хрысьцiянаў.

У нашым кантэксьце дыскусiя пра хрысьцiянскую будучыню Еўропы ўскладняецца пытаньнем пра еўрапейскую будучыню Беларусi. Як хрысьцiяне, мы верым, што iснуе толькi адна дасканалая "форма" пабудовы грамадзкага жыцьця, а менавiта Божае Валадарства. На ягоны прыход мы чакаем, i ўжо зараз стараемся будаваць сваё жыцьцё паводле ягоных законаў. Сярод iншых формаў уласна дэмакратычная дзяржава з ейнай павагай да правоў i свабодаў чалавека найбольш адпавядае хрысьцiянскаму бачаньню грамадзкага жыцьця. Таму мы хочам бачыць Беларусь як еўрапейскую краiну i Еўропу, збудаваную на падмурку хрысьцiянскiх каштоўнасьцяў.

Адначасова ўжо сёньня мы павiнны рыхтавацца адказваць на выклiкi, якiя паўстаюць перад хрысьцiянствам у Заходняй Еўропе i якiя вельмi хутка могуць паўстаць перад намi. Досьвед заходнееўрапейскага хрысьцiянства тут для нас жыцьцёва неабходны.

Супольнае сьведчаньне

Мiнулым летам я меў нагоду быць на багаслоўскай канферэнцыi ў Маскве, дзе адзiн праваслаўны дакладчык распавядаў пра праваслаўнае сьведчаньне ў постхрысьцiянскай Еўропе. Зьмест ягонага выступу зводзiўся да таго, што ў Еўропе не iснуе асобнага ад iншых канфесiяў праваслаўнага сьведчаньня, паколькi агностыкi на Захадзе ўспрымаюць усiх хрысьцiянаў як адно цэлае. На тле такiх адносiнаў было б папросту неразумным, калi б асобныя хрысьцiянскiя канфесii настойлiва сьцьвярджалi сваю "асаблiвую ролю". Такiм чынам, сiтуацыя, у якой iснуе хрысьцiянства ў Еўропе, спрыяе зьблiжэньню хрысьцiянаў, заахвочвае iх да супольнага сьведчаньня сваёй веры. Прымiрэньне i пакаяньне за "гiстарычныя грахi", знаёмства з жыцьцём i традыцыямi адзiн аднаго, адкрытасьць i жаданьне весьцi дыялог – вось рэальны шлях для аднаўленьня адзiнства ў Хрысьце. Падобныя працэсы ўжо доўгi час трываюць у Еўропе ў межах экуменiчнага руху, рэальна ўплываючы на зьмену адносiнаў памiж хрысьцiянамi. Гэты рух ёсьць знакам пэўнай сталасьцi еўрапейскага хрысьцiянства, якая вынiкае з адчуваньня супольнай адказнасьцi за будучыню як Еўропы, так i хрысьцiянства.

Звычайна, што сiтуацыя ў Беларусi, якая знаходзiцца на "перакрыжаваньнi" Ўсходу i Захаду, шмат у чым адрозьнiваецца ад еўрапейскай. Але, калi паглядзiм у нашае мiнулае, пабачым, што найбольшыя сьведчаньнi ў гiсторыi Царквы ў Беларусi давалiся людзьмi, здольнымi ўласна да агульнахрысьцiянскага сьведчаньня. Сёлета спаўняецца 490 гадоў з моманту выданьня Францiшкам Скарынам у Празе Чэскай першай друкаванай беларускай "Бiблii". Да гэтага часу вядуцца спрэчкi, да якой канфесii належаў Скарына, розныя факты з яго бiяграфii цяжка згаджаюцца адзiн з адным. Але гэтыя супярэчнасьцi невырашальныя ў сваёй аснове. Скарынаўская Бiблiя ёсьць агульным скарбам для ўсiх беларусаў, у аднолькавай меры яна належыць i праваслаўным, i каталiкам, i пратэстантам, i нават няверуючым. Падобна да iншых найбольшых зьяваў або асобаў хрысьцiянства ў Беларусi, дзейнасьць Францiшка Скарыны немагчыма акрэсьлiць межамi адной канфесii або гiстарычнай эпохi. Гэты прыклад дае нам зразумець, што супольнае сьведчаньне – гэта ня толькi сьведчаньне, якое прыносiцца хрысьцiянамi разам, але i такое, якое мае агульнахрысьцiянскую вартасьць. Напэўна таму прыярытэтам у жыцьцi i дзейнасьцi розных Цэркваў у Беларусi павiнны быць справы, якiя маюць уласна агульнахрысьцiянскую вартасьць ды рэальна будуюць еднасьць Царквы. Пры гэтым звычайна ня сьлед забываць, што адначасова з супольным сьведчаньнем усiх хрысьцiянаў кожнае з хрысьцiянскiх веравызнаньняў павiнна ўсьвядомiць уласныя дары i сваё асаблiвае паклiканьне ў сучаснай Беларусi. Толькi аўтэнтычнае сьведчаньне пра Хрыста кожнай хрысьцiянскай супольнасьцю ўзмацняе "на­дзею на абнаўленьне i еднасьць у Еўропе".

Шляхi абнаўленьня

Каб зразумець, якiм чынам мы можам паспрыяць абнаўленьню хрысьцiянскага жыцьця ў нашай краiне, варта паглядзець на сусьветны досьвед Царквы, пэўныя супольныя рысы, характэрныя для розных гiстарычных сiтуацый i асяроддзяў. Гэта датычыць у першую чаргу мiнулага XX стагоддзя.

Першай характэрнай рысай хрысьцiянства XX стагоддзя зьяўляецца экуменiчны рух. У мiнулым стагоддзi, магчыма ўпершыню за доўгую гiсторыю хрысьцiянства, грэх разьдзяленьня Царквы i патрэба еднасьцi былi глыбока ўсьвядомленыя ў хрысьцiянскай Супольнасьцi. На зьмену "сатэрыялагiчнаму эксклюзiвiзму" ва ўлоньнi хрысьцiянскiх канфесiяў у папярэднiх эпохах прыйшло iмкненьне да еднасьцi i дыялогу. Вялiкi шлях прайшла ў гэтым кiрунку i Каталiцкая Царква: пачынаючы ад энцыклiкi Папы Пiя XI "Mortalium Animos" 1928 году, якая прыпыняла ўдзел каталiкоў у экуменiчных адносiнах, заканчваючы дэкрэтам "Unitatis Redintegratio" (1964) Другога Ватыканскага сабору, якi, наадварот, заахвочваў усiх каталiкоў да актыўнага ўдзелу ў экуменiчным руху.

Сёньня можна сустрэцца з самымi рознымi поглядамi i ацэнкамi экуменiчнага руху. Для нас важна разумець экуменiзм не як новую форму царкоўнай палiтыкi, зьменлiвай i няпэўнай, але як жыцьцёвую патрэбу хрысьцiянiна . Кожны з нас, хто сустракаецца з рознымi хрысьцiянскiмi супольнасьцямi i iх жыцьцём, лёгка можа пабачыць багацьце Божых дароў, якое ў iх прысутнiчае. Характэрна, што вельмi часта гэта тыя дары, якiх моцна не хапае ў нашым жыцьцi. Такiм чынам, шуканьне поўнi жыцьця ў Хрысьце, жаданьне дзялiцца або ўзбагацiцца Божымi дарамi, стаецца праўдзiвай мэтай усiх экуменiчных адносiнаў.

Iншай характэрнай рысай сучаснага хрысьцiянства стала пераацэнка ролi сьвецкiх вернiкаў. Моцныя сацыяльныя i грамадзкiя ўзрушэньнi XX стагоддзя фактычна ў цэлым сьвеце выявiлi, што Царква для свайго разьвiцьця i iснаваньня патрабуе адказнасьцi за ейны лёс з боку кожнага хрысьцiянiна. Вывучэньне гiсторыi Царквы i яе багаслоўскай спадчыны нагадвае пра тое, што кожны хрысьцiянiн ёсьць паўнацэнным членам Хрыстовага Цела, надзелены неабходнымi для служэньня Царкве дарамi. Праўдзiвасьць гэтай багаслоўскай iнтуiцыi была моцна засьведчана ў краiнах, дзе хрысьцiянства ў мiнулым стагоддзi было перасьледавана. Уласна сьвецкiя вернiкi ва ўмовах перасьледаваньня i тэрору, скiраванага ў першую чаргу супраць духавенства, бралi на сябе адказнасьць за захаваньне веры i Царквы. Ведаем таксама, што iм у шматлiкiх выпадках належала iнiцыятыва адраджэньня царкоўнага жыцьця ў Беларусi ў канцы 80-ых – пачатку 90-ых гадоў мiнулага стагоддзя. Сёньня, калi перад Царквой у нашай краiне стаiць заданьне Новай Евангелiзацыi, варта задумацца над той роляй, якую павiнны адыгрываць у ёй сьвецкiя вернiкi.

Сьпiс гэтых важных зьяваў сучаснага хрысьцiянства можна было б пра­доўжыць. Нягледзячы на тое, што падобны досьвед, у большай цi мен­шай меры, знаёмы для Царквы ў Беларусi, жыцьцёва неабходнай ёсьць патрэба гэты досьвед засвойваць i паглыбляць. Толькi ён можа дапамагчы нам пераадолець духоўны правiнцыялiзм, стаць царкоўнай Супольнасьцю, здольнай для моцнага i пераконлiвага сьведчаньня Хрыста.

Высновы

Гiсторыя i сучаснасьць Беларусi ставяць перад хрысьцiянствам у нашай краiне выклiкi, на якiя, на нашу думку, нi адно з хрысьцiянскiх веравызнанняў ня здольнае адказаць самастойна. Але гэтая нашая слабасьць можа стацца нашай сiлай, калi мы здолеем забыцца на старыя непаразуменьнi, перамагчы iнэртнасьць i недавер, будзем цярплiва i старанна адбудоўваць страчаную еднасьць. Мы маем на шмат больш супольнага, чым таго, што нас разьдзяляе, i гэта добрая падстава для разьвiцьця дыялогу.

Надышоў час нам усьвядомiць супольную адказнасьць за будучыню нашай Бацькаўшчыны i хрысьцiянства ў Беларусi ды разам, у малiтве i працы, пачаць закладаць асновы для пабудовы будучага жыцьця.

ераманах Лявонцi (Тумоўскi)


Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)