Царква
Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

У Расеі асьвячаны першы з 1917 г.
грэка-каталіцкі храм

19 кастрычніка 2007 году завяршыўся душпастырскі візіт Найдастойнага Ўладыкі Сьцяпана (Мянька), Экзарха Данецка‐Харкаўскага, у Расею. Падчас свайго візіту, які адбыўся з блаславеньня Першаярарха УГКЦ Кардынала Любаміра (Гузара), Уладыка Сьцяпан наведаў Новакузьнецк, Пракоп’еўск ды Кемерава, дзе сустракаўся з вернікамі і духавенствам. Галоўным пунктам візіту быў горад Новакузьнецк, што на Кузбасе, дзе 14 кастрычніка 2007 г. быў асьвячаны першы грэка–каталіцкі храм у Расеі з часоў кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г.

Асьвячэньне адбылося на сьвята Покрыва Багародзіцы (паводле юльянскага календара). Чын асьвячэньня Ўладыка Сьцяпан зьдзейсьніў супольна з Найдастойным Уладыкам Ёсіфам (Вертам), Ардынарыем для католікаў візантыйскага абраду на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Ва ўрачыстасьці ўдзельнічалі таксама Апостальскі Дэлегат для грэка‐католікаў Казахстана і Сярэдняй Азіі протаярэй Васіль Гавера, грэка‐каталіцкае духавенства з усіх 14 парафіяў Расеі, сьвятары лацінскага абраду з Новасібірска, Омска, Кемерава, Томска і Бійска.

Урачыстасьць распачалася з асьвячэньня алтара, у якім былі зьмешчаныя рэліквіі блаславёнага Пятра (Вергуна), мучаніка з Сібіры, і сьвятога Яна Залатавуснага, якія прывез з Рыму сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Маскве манс. Антон Ёзіч.

Пасьля Боскай Літургіі сьв. Яна Залатавуснага, у імя якога названая парафія, Уладыка Сьцяпан (Мянёк) пажадаў грэка‐каталіцкай супольнасьці ў Расеі павялічвацца і надалей даваць добрае сьведчаньне веры ў Ісуса Хрыста. Былі прачытаныя таксама віншавальныя лісты Апостальскага Нунцыя ў Расеі архібіскупа Антоніё Меніні і мэра горада Новакузьнецка. Напрыканцы прамовілі прадстаўнікі адміністрацыі горада, муфтый мясцовай мусульманскай супольнасьці і прадстаўнікі іншых дэлегацыяў, якія прыехалі на ўрачыстасьць.

Царква ў Новакузьнецку, пабудаваная за 4 гады пад кіраўніцтвам айца Аляксея Бараньнікава, будзе месцам малітвы для вернікаў усходняга і лацінскага абрадаў. Сама сьвятыня ўзьведзеная паводле візантыйскай традыцыі і можа зьмясьціць каля 400 чалавек.

Новакузьнецк — прамысловы горад Кузбаса (Кузьнецкага вугальнага басейну), у якім жыве больш за 500 тыс. чалавек. У 1930‐ыя гады і пасьля ІІ Сусьветнай вайны гэты горад быў месцам масавых дэпартацый грэка‐католікаў з Украіны. У 50‐х гадах імі пачалі апекавацца каталіцкія сьвятары, якія нават наймаліся на працу ў мясцовыя шахты, каб не ўзбуджаць падазрэньняў.

Вялікую дапамогу падчас арганізацыі і правядзеньня Чыну асьвячэньня храму сьв. Яна Залатавуснага аказалі семінарысты Львоўскай духоўнай семінарыі Сьвятога Духа. Пасьля заканчэньня ўрачыстасьцяў семінарысты вырашылі дапамагчы сьвятарам, якія працуюць на поўначы Цюменскай вобласьці, а асабліва там, дзе жыве найбольш вернікаў УГКЦ — Мегіёне, Ніжневартаўску і Сургуце.

«Мы не павінны расцэньваць асьвячэньне першага на тэрыторыі Расеі каталіцкага храму ў візантыйскім стылі як акт празелітызму. Бо ў Расеі жыве каля мільёна ўкраінцаў, а сярод іх шмат грэка‐католікаў. Менавіта ім і будзе служыць гэты храм»,- пракаментаваў гэтую падзею Ўладыка Сьцяпан.

Паводле дадзеных Дэпартамента інфармацыі УГКЦ
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)