Царква
Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, дык я - медзь звонкая, альбо кімвал гулкі
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Наша вера

Раство з Нунцыем

Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Марцін Відавіч у сьвятую ноч Раства Хрыстова 24 сьнежня 2007 году маліўся разам з менскімі грэка-каталікамі.

Нараджэньне Хрыстова вернікі ўсіх чатырох грэка-каталіцкіх парафіяў Менску сёлета сустракалі разам, у касьцёле сьвятых Сымона і Алены. Сьвяточную Боскую Літургію ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Марцін Відавіч у саслужэньні Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея (Гаека) і душпастыраў менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў: айца-дэкана Андрэя Абламейкі, а. Казіміра Ляховіча, а. Андрэя Буйніча і а. Яўгена Ўсошына, а таксама гасьціннага пробашча касьцёла сьвятых Сымона і Алены ксяндза-дэкана Ўладзіслава Завальнюка. У калядным набажэнстве ўдзельнічалі таксама грэка-каталікі з мясцовасьцяў пад Менскам: з Мар’інай Горкі, Жодзіна, Барысава ды іншых. Сумесны сьпеў вернікаў узначалілі хоры парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі і парафіі Праведнага Язэпа.

Як адзначыў у сваім кароткім казаньні Архімандрыт Сяргей (Гаек), прысутнасьць Апостальскага Нунцыя на сьвяточнай службе сярод грэка-каталікоў стала яскравым сьведчаньнем паўсюднасьці Каталіцкай Царквы, часткай якой зьяўляюцца вернікі візантыйскага абраду. Архімандрыт зьвярнуў таксама ўвагу вернікаў, што сьвяты Раства Хрыстовага, калі віншуем адзін аднаго,– гэта добры час, каб маліцца за Беларусь. І гэта заданьне для ўсіх хрысьціянскіх Цэркваў у Беларусі.

На заканчэньне Боскай Літургіі Апостальскі Нунцый зьвярнуўся да вернікаў са словамі віншаваньняў і, як выраз малітоўнай блізкасьці Папы і ўмацаваньне ў каталіцкай веры, перадаў прысутным прывітаньне і Блаславеньне Сьвятога Айца Бенядыкта XVI.

На фота: Менск, 24.12.2007. Сьвяточная калядная Літургія менскіх грэка-каталікоў з Апостальскім Нунцыем у Чырвоным касьцёле.

Гл. таксама: Віншавальнае Слова Апостальскага Нунцыя да вернікаў парафій візантыйскага абраду ў г.Менску

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)