Царква
Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (60), 2009

Шлях да Бога

«Ва ўсякі час
маліцеся духам»

Гэтыя словы з Пасланьня сьв. апостала Паўла да эфэсцаў (Эф 6, 18) сталі эпіграфам Біблійнай сустрэчы, якая адбылася ў нядзелю, 22 лютага 2009 году, у Баранавічах у Доме Сьвятой Тройцы айцоў вярбістаў, а тэма сустрэчы была – жыцьцё і малітва Майсея, вялікага прарока і хадатая Старога Запавету.

Сустрэчу праводзілі грэка-каталіцкі сьвятар а. Ігар Кандрацьеў з Берасьця і рыма-каталіцкі сьвятар кс. Эдуард Мігай з Пінску. Для малітвы і разважаньня над Словам Божым сабраліся каля паўсотні вернікаў: з баранавіцкіх рыма-каталіцкіх парафіяў, а таксама вернікі з грэка-каталіцкай парафіі сьв. Кірылы і Мятода. Былі яшчэ і госьці з Менску ды аніматары для працы ў групах з берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя.

Сустрэча пачалася з чытаньня 80-га псальму і сьпеву паводле яго вершаў: «О калі б народ Мой слухаў Мяне і Ізраіль хадзіў Маімі шляхамі!» У ім Гасподзь абяцае Свае блаславеньні тым, хто слухае Ягонае Слова і імкнецца выконваць Ягоныя запаветы. Менавіта дзеля гэтага і сабраліся вернікі абовух абрадаў у гасьцінным Доме Сьвятой Тройцы.

Потым чыталіся ўрыўкі з кнігаў Старога Запавету – з Кнігі Выхаду, Лікаў, Другога Закону. Майсей – адзіны з габрэйскага народу выхаваны свабодным – прагне вывесьці з рабства свой народ, але як чалавек памыляецца, нават забівае егіпцяніна, пасьля чаго вымушаны жыць у іншай краіне. Але Гасподзь паклікаў Майсея, і ён становіцца прарокам, тым, хто размаўляе з Богам «твар у Твар» і ведае «Ягоныя шляхі»; ён выводзіць габрэяў з ягіпецкага рабства ў «зямлю абяцаную», дае ім, а праз іх і ўсім нам Закон – Дзесяць запаведзяў; і як хадатай за народ гатовы дзеля яго быць нават выкрасьленым з «кнігі жыцьця»...

Сёньня Гасподзь таксама кліча кожнага, няважна, колькі яму гадоў – васямнаццаць ці амаль шэсьцьдзесят, каб стаць свабодным у Богу, маліцца «ва ўсякі час» і дапамагчы тым, хто пакуль яшчэ знаходзіцца ў палоне гэтага сьвету і рабстве граху, каб дайсьці да «абяцанае зямлі» – Божага Валадарства.

Навучаньне сьвятароў і сьведчаньні вернікаў суправаджалі падчас гэтай біблійнай сустрэчы ў Баранавічах узьнёслыя сьпевы на вершы з псальмаў у выкананьні сябраў супольнасьці «Марана та»: «Слухай, Ізраіль», «Узношу з надзеяй вочы», «Радуюцца вусны мае» і інш.

Надзея Ярмішына
г.Берасьце

Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)