Царква
I калі я раздам усю маёмасьць маю і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, - няма мне ў тым ніякай карысьці
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:3)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Сьвятло Ўсходу

Бенядыкт XVI пра значэньне місіі сьвятых Кірылы і Мятода

На гістарычную ролю сьвятых Кірылы і Мятода ў распаўсюджваньні хрысьціянства на землях славянскіх народаў, а таксама на іх першаснасьць ва ўкараненьні Евангельля ў культуры гэтых народаў зьвярнуў увагу Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі ў Рыме 17 чэрвеня 2009 г. Паводле словаў Пантыфіка, славяне зьяўляюцца “мостам паміж Усходам і Захадам”.

“Сьвятыя Кірыла і Мятод добра разумелі значэньне слова ў сьведчаньні Аб’яўленьня. Яны жадалі, каб праз іх Хрыстос прамовіў да славянаў”, – адзначыў Пантыфік. Працягваючы цыкл катэхезаў пра значных асобаў Царквы, Сьвяты Айцец нагадаў пра лёсы абодвух братоў і іх пачынальніцкую місію ў Вялікай Маравіі. “Місія абвяшчэньня братамі Божага слова мела вялікі посьпех. Яе сьпецыфіка заключалася перш за ўсё ў дапасаваньні вучэньня Царквы да мясцовай культуры, ментальнасьці і мовы славянаў, – менавіта тым, што мы сёньня называем інкультурацыяй. Два браты былі ініцыятарамі перакладу Бібліі, літургічных тэкстаў і дакументаў Царквы на мову, зразумелую славянам”, – падкрэсьліў Бенядыкт XVI.

Папа Пій XI назваў Кірылу і Мятода сынамі Ўсходу, грамадзянамі Візантыі, па паходжаньні – грэкамі, а паводле апостальскіх плёнаў – славянамі. Слуга Божы Ян Павел ІІ устанавіў іх, разам са сьвятым Бенядыктам, заступнікамі Еўропы. Сьвятыя Кірыла і Мятод зьяўляюцца прыкладам адкрытасьці на багацьце культур народаў, іх спадчыну і разнастайнасьць традыцыяў.

Catholic.by
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)