Царква
Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім... палюбі блізкага твайго, як самога сябе на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 22:37-40)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Гасьцёўня
Беларускай Царкве – быць!
 
На пытаньні Рэдакцыі газеты «Царква» адказвае
беларускі грэка-каталіцкі сьвятар з Лондану а. Сяргей Стасевіч

– Айцец Сяргей, ці не маглі б Вы для чытачоў “Царквы” расказаць трошкі пра жыцьцё ў Беларускай місіі ў Лондане? Што адбываецца новага, якія планы, намеры? Як справы з вернікамі?

– Пачну з людзей. Калі я часам бываю ў сваіх родных Івацэвічах, ці скажам, у Лідзе, дык рэгулярна бачу тую самую карціну: чалавек з дзесяць вернікаў на нядзельнай службе. Розьніцы, на мой погляд, паміж Лонданам і Івацэвічамі ў гэтым сэнсе амаль няма. Існуем мы ў Лондане не дзеля і не дзякуючы гэтай купкі людзей, а хутчэй дзеля прынцыпу: Беларускай Царкве ў Брытаніі быць! Заўважу, што за мае 4 гады тут, у Лондане, некалькі чалавек прыйшлі ў царкву і “рэзка” вырасла колькасьць хростаў і мірапамазаньняў: у гэтым годзе ў нас іх адбылося 4. Рэгулярна ходзяць у нашую хатнюю царкву і праваслаўныя беларусы. Да пачатку 1990-х Місія наогул мела 1-2 сталых вернікаў, а пасьля гэтага вернікамі былі тыя студэнты, якіх а. Надсан запрашаў на вучобу, г. зн. якія жылі і вучыліся тут. Няма ўжо ані тых студэнтаў, ані навучальнае ўстановы, дзе яны вучыліся, ані “студэнцкага дому”, які мы ўрэшце вымушаныя былі прадаць. Прададзены быў таксама вялікі пусты кавалак зямлі, былы сад, і на атрыманыя сродкі распачалася рэканструкцыя нашага асноўнага будынку – Марыян Гаўз (гл. фота), якая зойме каля двух гадоў. У нашых планах – прыбудова новай прасторнай царквы, якая б зьмясьціла ўсіх тых, хто яшчэ мае да нас прыйсьці ў будучыні. У нас, у Лондане, была Беларуская школа-інтэрнат, ёсьць Беларускі музей і бібліятэка, але ніколі не было сапраўднага царкоўнага будынку.

– Нядаўна Вы закончылі студыі і абаранілі магістарскую працу. Калі ласка, распавядзіце трохі пра свае студыі і тое, чым Вы займаліся.

– Цягам мінулага году я вывучаў кананічнае права ў Каталіцкім коледжы Хітрап, які зьяўляецца часткай Лонданскага ўніверсітэту. Мая магістарская праца прысьвечана аналізу Кодэкса Канонаў Усходніх Цэркваў у рэчышчы кананічнай традыцыі хрысьціянскага Ўсходу, у прыватнасьці візантыйскай Царквы. У сваёй працы я раблю высновы, што ўсходняе каталіцкае царкоўнае права ў прынцыпе найперш грунтуецца на заходняй і лацінскай кананічнай традыцыі, прадуктам якое яно зьяўляецца. Зрэшты, і само зьяўленьне Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў (былых уніяцкіх) адбывалася на глебе заходняй эклезіялогіі, дзе Паўсюдная Царква разглядалася як сукупнасьць памесных Цэркваў з Сусьветным біскупам Рымскім на чале. Таму аднаўленьне царкоўнай еднасьці ў форме Уніі прадугледжвала далучэньне паасобных “частак” Паўсюднае Царквы, якія адкалоліся ад яе, да адзінага “ цэлага”. Іншыя ж эклезіялагічныя мадэлі ставяць на першае месца еўхарыстычную супольнасьць памеснай Царквы, якая і ёсьць Паўсюднай Царквой ва ўсёй паўнаце, яна ўжо і ёсьць гэтае цэлае, а ня толькі частка чагосьці. Пры такім падыходзе еднасьць Царквы ёсьць сулучнасьцю (камуніяй) Цэркваў, дзе папа – першы сярод роўных сабе біскупаў. Такім і хацелі б бачыць сёньня служэньне папы Ўсходнія Цэрквы, і ня толькі некаталіцкія.

– Напэўна, гэтая тэма ў Вас закранае таксама і актуальныя пытаньні жыцьця Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы?

– Дзе толькі магчыма было, я спасылаўся на прыклад Беларускай Царквы ў сувязі з праблемамі, якія паўстаюць з-за цяперашняй нявызначанасьці яе праўнага статусу.

– Чытачы газеты “Царква” і нашыя вернікі часам цікавяцца, што ўяўляе сабой Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі, хто зьяўляецца кіраўніком у ёй. Вось і нядаўна было падобнае пытаньне: ці мае нашая Царква статус sui iuris ( свайго права). Дык можа Вы маглі б выказаць сваё меркаваньне адносна гэтага пытаньня?

Што такое “Царква свайго права”? Гэты тэрмін упершыню зьяўляецца ў новым Кодэксе Канонаў Усходніх Цэркваў і азначае групу хрысьціянскіх вернікаў, аб’яднаных ярархіяй, якую найвышэйшая ўлада Царквы яўна або маўкліва вызнае як Царкву свайго права. Пэўныя формы вызнаньня нашай Царквы Рымам можна заўважыць. Напрыклад, доказам гэтаму можа служыць нядаўні візіт да грэка-каталікоў Менску Дзяржаўнага сакратара Ватыкану, наяўнасьць Беларускай Царквы ў агульным сьпісе Цэркваў sui iuris у Ватыканскім даведніку “Annuario Pontificio” і г. д. Аднак, калі гэта і ёсьць тое маўклівае вызнаньне, дык яго яўна недастаткова для таго, каб быць Царквой свайго права. Адсутнасьць кананічнай улады (візітатар – гэта не адміністратар і тым больш ня біскуп) прымушае асабіста мяне сумнявацца ў праўнасьці як грэка-каталіцкіх парафіяў, так і гэтак званых “дэканатаў”, на якія нібыта падзелена “БГКЦ”, ня кажучы ўжо пра “аддзелы” і “сакратарыяты”. На маю думку, усе гэтыя тэрміны могуць ужывацца адно толькі ўмоўна, у двукосьсі да тае пары, пакуль Беларуская Царква ня будзе мець ярархію. Працытую кан. 279: “Парафія – гэта акрэсьленая супольнасьць хрысьціянскіх вернікаў, усталяваная на сталай аснове ў япархіі”. Канон 281 кажа таксама, што заснаваньне, мадыфікацыя і ліквідацыя парафіяў зьяўляецца кампетэнцыяй епархіяльнага біскупа. Адпаведна, калі ў нас няма праўна (кананічна) усталяванай япархіі і біскупа, ня можа быць ані парафіяў, ані цэлых акругаў (кан. 276), якія складаюцца з многіх парафіяў (у дадзеным выпадку – дэканатаў) на чале з протапрасьвітарамі. Значыць, для дзяржавы – ёсьць, а для Царквы – няма. Пра самыя словы, што менш важна, але таксама паказальна: усходняе права кажа пра акругі і протапрасьвітараў, але няма ніякіх дэканатаў (з тэрміналогіі лацінскага кодэксу) ці тым больш “протапрасьвітаратаў”.

Я ўпэўнены, што слаўная некалі беларуская Ўніяцкая Царква дэ факта ёсьць, так бы мовіць, містычна. На жаль, да гэтага часу яна не атрымала належнага кананічнага завяршэньня ў асобе біскупа ці Апостальскага адміністратара, а значыць яе няма дэ юрэ і яна не Царква sui iuris. Бяз біскупа няма Царквы, а даць яго нам можа толькі Рым, Апостальская Сталіца, раз ужо мы называемся ўсходняй каталіцкай Царквой. Прыгадваючы канон 57, які кажа, што заснаваньне, аднаўленьне і скасаваньне Цэркваў sui iuris належыцца выключна найвышэйнай царкоўнай уладзе, вядомы кананіст, рэдактар вялікага каментару на новы Ўсходні Кодэкс “A Guide to the Eastern Code” (Rome, 2002, с.106) Джордж Нэдунгат, як ня дзіўна, ужывае нашу Царкву як прыклад. Ён пацьвярджае маю думку, пішучы, што наяўнасьць Беларускай Царквы ў сьпісе Цэркваў sui iuris “хоць і ёсьць пэўнай формай вызнаньня, аднак як такая кананічна не ўсталёўвае гэтую Царкву як Царкву sui iuris”. Далей ён адзначае: “У выніку рэлігійнага перасьледу, разгорнутага савецкім камунізмам, члены гэтай Царквы ўсё яшчэ раскіданыя (так у тэксьце! – заўвага С.С.) і яна яшчэ ерархічна не ўсталяваная. Калі нарэшце гэтая расьцярушаная Царква будзе забясьпечаная ярархіяй – што зьяўляецца істотным элемэнтам Царквы sui iuris паводле канону 27, – будучы кананічна заснаванай, напрыклад, як япархія альбо экзархат, Царква Беларусі будзе вызнана як адна з “іншых Цэркваў sui iuris” (тэхнічны тэрмін, маюцца на ўвазе Цэрквы, якія не зьяўляюцца Патрыярхатамі, Вярхоўнымі Архібіскупствамі ці Мітрапалітальнымі Цэрквамі – заўвага С.С.), а агульная колькасьць Усходніх Каталіцкіх Цэркваў вырасьце з дваццаці адной да дваццаці дзьвюх. Калі ж, паводле нешчасьлівай гіпотэзы, гэтая нанова заснаваная япархія ці экзархат будзе далучаная да ўжо існуючай Царквы sui iuris, дык яна ня стане Царквой sui iuris”.

Ці скончыцца гэтае нашае ўяўнае “расьцярушаньне”? Беларуская Царква павінна быць! І па-мойму, гэта ня нейкая ласка, а нашае сьвятое права, якога мусім дамагацца – права Царквой звацца. Як зрэшты, і людзьмі, калі вы мяне добра зразумелі.

Размаўляў а. Алесь Аўдзяюк
Гэты артыкул чыталі 13 разоў (-ы)