Царква
Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху; і ад ісьціны адвернуць вушы і прыгорнуцца да баек
(Другое Пасланьне Сьв.Ап. Паўла да Цімафея 4:3-4)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Парафіяльнае жыцьцё

Навагодняя духоўная вандроўка
івацэвіцкіх грэка-католікаў

3 студзеня 2010 году, у першую нядзелю новага году, група вернікаў грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай з Івацэвічаў зьдзейсьніла духоўную вандроўку ў Слонім, Жыровічы і Быцень, каб памаліцца да Багародзіцы ў месцах, дзе асабліва шануецца яе Жыровіцкі абраз.

Перад гэтым у Івацэвічах быў прэзентаваны выдадзены на замову івацэвіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай грэка-каталіцкі царкоўны каляндар на 2010 год, прысьвечаны Жыровіцкаму абразу Багародзіцы. У 2010 годзе адзначаюцца 280-ыя ўгодкі каранаваньня цудадзейнай Жыровіцкай іконы Багародзіцы папскімі каронамі, якое адбывалася ў 1730 годзе з блаславеньня Папы Рымскага Бенядыкта XIII. І гэтая духоўная вандроўка івацэвіцкіх вернікаў была прымеркавана да пачатку году, які ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве будзе праходзіць пад дэвізам «Жыровіцкая Заступніца – Маці Еднасьці».

Найперш пілігрымы, сярод якіх былі таксама Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей Гаек і семінарыст Сяргей Раюнец, які навучаецца ў Рыме, заехалі ў Ліпнішкі дзеля духоўнай размовы з а. Вітальдам Жэльветрам. Гэты ераманах-капуцын больш за 20 гадоў служыў у Слоніме, дзе адрамантаваў зьнявечаны ў савецкія часы барочны касьцёл сьв. Андрэя і вярнуў для ўшанаваньня вернікаў менавіта той Жыровіцкі абраз Багародзіцы, які быў падрыхтаваны для каранацыі ў 1730 годзе.

Затым вернікі прынялі ўдзел у сьвятой Імшы ў касьцёле сьв. Андрэя ў Слоніме, дзе маліліся разам з мясцовымі рыма-католікамі і грэка-католікамі.

Напрыканцы сваёй духоўнай вандроўкі пілігрымы памаліліся ў Жыровічах і праз Быцень вярнуліся ў Івацэвічы, каб наступнага ранку перад копіяй Жыровіцкай іконы, што ўшаноўваецца ў грэка-каталіцкай капліцы ў Івацэвічах, падзякаваць Багародзіцы за дар гэтае пілігрымкі і яе духоўны плён.

Духоўным дэвізам для вернікаў у гэтай пілігрымцы былі словы малітвы з Акафісту перад Жыровіцкай іконай Багародзіцы: «Радуйся, вышэйшая за сілы анёльскія, Богам абраная спрадвеку».

Павел Дайлід, г. Івацэвічы

Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)