Царква
Які кіраўнік народа, такія і служачыя пры ім
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 10-2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (65), 2010

Царква і грамадзтва

Вядомы хрысьціянскі публіцыст Пётр Рудкоўскі стаў сьвятаром

24 чэрвеня 2010 году, у сьвята нараджэньня Яна Хрысьціцеля, у касьцёле сьв. Барбары ў Віцебску прыняў сьвятарскія сьвячаньні Пётр Рудкоўскі – манах з Ордэну братоў прапаведнікаў (дамініканаў). Ён добра вядомы ў беларускім хрысьціянскім і інтэлектуальным асяродку як багаслоў і філосаф, выкладчык і публіцыст. На беларускім каталіцкім партале Catholic.by і ў газеце “Наша ніва” ён вядзе свае аўтарскія рубрыкі, таксама зьяўляецца сталым аўтарам часопісаў “Аrche” і “Наша вера”, мае свой блог у Жывым журнале.

Сьвятую Тайну сьвятарства праз ускладаньне рук дыякану Пятру Рудкоўскаму перадаў рыма-каталіцкі біскуп Віцебскі Ўладзіслаў Блін.

Пётр Рудкоўскі нарадзіўся ў 1978 годзе недалёка ад Вільні ў мястэчку Канвелішкі (Гарадзенскай вобласьць). У 2000 годзе ён уступіў у дамініканскі ордэн. Абараніў магістарскую дысертацыю па багаслоўі ў дамініканскім калегіюме ў Кракаве і па філасофіі ў Ягелонскім універсітэце. Займаецца сацыяльнай этыкай і метадалогіяй навук, выкладае логіку і метадалогію ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. Аўтар кнігі “Паўстаньне Беларусі” (2007 г.).

27 чэрвеня айцец Пётр Рудкоўскі адслужыў сваю першую літургію ў сваіх родных мясьцінах у Канвелішках, што ў Воранаўскім р-не. На гэтую ўрачыстасьць ён запрасіў таксама грэка-каталіцкага сьвятара з Горадні а. Андрэя Крата, якога папрасіў прамовіць казаньне ў гэты дзень.

У інтэрв’ю “Радыё Рацыя” айцец Пётр Рудкоўскі адзначыў, што няпростым быў яго шлях да сьвятарства: “Дарога да сьвятарства пачалася недзе з дзесяці гадоў, ужо 22 гады таму. У 10-13 гадоў гэта было толькі дзіцячае захапленьне, якое павінна было трансфармавацца, прайсьці выпрабаваньні. Пазьней, у 16 гадоў, я бачыў шэраг этычных, а таксама культурных выклікаў у сваім асяроддзі, у беларускім грамадзтве. Вось гэты этычны матыў мяне падштурхнуў паступіць у Гарадзенскую семінарыю. Быў і іншы матыў – інтэлектуальны, бо хацелася вывучаць філасофію, багаслоўе. Пасьля я паступіў у Дамініканскі ордэн. Пасьля заканчэньня філасофска-багаслоўскага калегіюма дамініканцаў зьявілася яшчэ адно выпрабаваньне: я папрасіў адтэрмінаваць сьвятарскія пасьвячаньні, бо зьявіліся пэўныя сумневы, якія я павінен быў разважыць і пераасэнсаваць”.

Пётр Рудкоўскі будзе служыць у касьцёле сьв. Барбары ў Віцебску. Мяркуецца, што працаваць будзе найперш з моладдзю.

Ігар Бараноўскі
Фота Сержука Серабро.
Гэты артыкул чыталі 52 разоў (-ы)