Царква
Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 6:25)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

“Я была вельмі пакрыўджаная на Госпада...”

Аднойчы сьпякотным летнім днём маленькі хлопчык забег у нашую царкву ў Берасьці. Як і ўсе дзеці ў такім узросьце, быў мурзаты, і нам нават падалося, што ён згубіўся ды патрабуе нашай увагі. Мы запыталіся ў яго, ці ведае, дзе яго дом...

І ён нам распавёў, што ў яго ёсьць мама, якая шмат працуе, і бабуля – яна таксама на працы, што жыве ён у шматпавярховым доме па нашай вуліцы, што любіць гуляць і яшчэ шмат чаго. Наогул Кірыла (так звалі хлопчыка) аказаўся вельмі гаманкім і шустрым, а ў царкве яму яўна спадабалася, і ён па-свойску пачаў яе “дасьледаваць”. Мы пакармілі хлопчыка, пагулялі з ім, і ўсё ж вырашылі самыя адвесьці яго дадому.

Напэўна, гэтае рашэньне было ад Бога. Чаму? Ды таму, што ад гэтага моманту, калі мы прыйшлі і пазнаёміліся з сям’ёй Кірылы, пачалася гісторыя навяртаньня да Госпада яго маці.

Яе завуць Наташа. З таго часу мінула ўжо амаль шэсьць гадоў... Яна шмат чаго перагледзела ў сваім жыцьці, хоць далося ёй гэта вельмі няпроста. Знаёмыя кажуць, што моцна зьмянілася. Так, бо яна стала рэгулярна маліцца і хадзіць у царкву. Сьпявае ў хоры, піша вершы.

Ня так даўно ў нашай царкве мы сьвяткавалі дзесяць гадоў з дня народзінаў Кірылы. На Літургію, каб памаліцца за яго, прышлі ўсе ягоныя родныя, і для многіх з іх гэта, напэўна, таксама былі першыя, яшчэ няпэўныя крокі да Бога. І зноў праз Кірылу...

А вось што кажа пра сваё мінулае жыцьцё сама Натальля Амельянюк:

“Так склалася, што вось ужо 9 гадоў я выхоўваю сваё дзіця адна. Доўгі час я была вельмі пакрыўджаная на Госпада за тое, што Ён, так бы мовіць, мучыўся ўсяго 3 дні, а потым уваскрос, узьнёсься і сядзіць праваруч Айца ў вечнай асалодзе, а я тут, на зямлі, мучаюся дзень за днём, і няма канца маім цярпеньням і пакутам… Калі я пачала штодзённа чытаць Біблію разам з грэка-каталіцкай супольнасьцю “Маран-ата”, было цяжка і не заўсёды хацелася гэта рабіць, але я прыняла рашэньне і працягвала “бульдозерыць” Сьвятое Пісаньне ў пошуках надзённых адказаў. Я не задавала Госпаду пытаньне ў лоб “За што?” або “Чаму ў мяне ня так, як у Цябе?”, але ў глыбіні сэрца яно было, і Госпад яго пачуў і адказаў мне Сам.

“Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, дзеі, якія раблю Я, і ён зробіць, і болей за іх зробіць; бо Я да Айца Майго іду”,– прачытала я неяк у Евангельлі ад Яна (Ян 14, 12). Я зразумела, пра што гэта: не пра тое, што я пакліканая зьдзейсьніць у гэтым сьвеце больш справаў, чым Ён,– аздараўленьняў, уваскрасеньняў, вызваленьняў… Больш пакут і цярпеньняў належыць мне пераадолець, больш зьдзейсьніць перамог над уласным целам, каб уваскрэснуць. Тое, што Ён зьдзейсьніў на крыжы аднойчы, я буду рабіць зноў і зноў, шмат разоў, і гэтага ня ўнікнеш аніяк, бо Ён пайшоў да Айца Свайго і вось цяпер надышла мая чарга.

Я раблю гэта кожны дзень, таму што Ён так сказаў, і толькі Яго сіла, якую Ён спасылае мне звыш, падтрымлівае мяне. Слава Богу, што Ён узышоў і сядзіць праваруч Айца!”

На фота: Натальля Амельянюк з сваім сынам Кірылам.
Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)