Царква
Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 4:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Наша вера

Віншавальнае Слова
Апостальскага Нунцыя

да вернікаў парафій візантыйскага абраду ў г.Менску

1. Christus natus est nobis: venite, adoremus! Хрыстос нарадзіўся нам: прыйдзіце, славім Яго! Гэтымі словамі з Літургіі рымскага абраду, якія прадстаўляюць радасную вестку збаўленьня і, адначасова, самае шчырае пажаданьне, што можа выплываць з сэрца хрысьціяніна, вітаю вас, дарагія Браты і Сёстры, кожнага паасобку, пачынаючы ад Вялебнага Архімандрыта Сяргея (Гаека) – вашага Апостальскага Візітатара, і вашых Сьвятароў.

У вашых асобах і праз Вас я хацеў бы прывітаць усіх Вернікаў візантыйскага або грэцкага абраду ў Беларусі ды скласьці віншаваньні з нагоды Нараджэньня нашага Госпада Ісуса Хрыста.

У гэтых віншаваньнях перадаю вам Прывітаньне і Апостальскае Блаславеньне Сьвятога Айца Бенядыкта XVI, якія выражаюць Ягоную малітоўную блізкасьць да вашых Супольнасьцяў, і Ягоную любоў, што хоча ўмацаваць вас у веры каталіцкай, якую адважна вызнаеце і дзеля якой у мінулым вы шмат разоў далі прыгожае сьведчаньне мужнасьці і надзеі.

2. Хрыстос нарадзіўся нам! Хадземце пакланіцца Яму разам з пастушкамі з Бэтлеему (пар. Лк 2, 8-18) і з мудрацамі, што прыбылі з Усходу (пар. Мц 2, 1-12).

Я вельмі рады, што магу разьдзяліць з вамі радасьць Божага Нараджэньня і служыць Боскую Літургію сёньняшняй урачыстасьці, што прыгадвае прыйсьце «поўні часоў» (Гал 4, 4) і зьяўлеьнне «спагадлівасьці і чалавекалюбства Бога і Збаўцы нашага» (Ціт 3, 4).

3. Няхай у гэтую сьвятую ноч радасная вестка Нараджэньня Госпада нашага Ісуса Хрыста адгукнецца рэхам па ўсім каталіцкім сьвеце, ажно да найдалейшых межаў зямлі.

О, змагла б гэтая вестка дайсьці да сэрца кожнага мужчыны і кожнай жанчыны нашага часу, каб яны ў Дзіцятку, што ляжыць у ясьлях, вызналі Бога спрадвечнага, народжанага «дзеля нас людзей і дзеля нашага збаўленьня» (Нікеа-канстанцінопальскі Сымбаль веры); Бога, Які ёсьць любоў (пар. 1 Ян 4, 8. 16) і Які з любові стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства; стварыў яго мужчынам і жанчынай (Быц 1, 26-27); і пасьля, як зграшылі (пар. Быц 2, 15-17; 3), адкупіў іх на Крыжы. Ён стаўся целам і пасяліўся паміж намі (Ян 1,14).

Хто можа застацца нячулым на такую любоў? Прымем яе ў нашыя сэрцы, у нашыя сем’і, у нашае жыцьцё! Сам Бог прыходзіць, каб даць нам свой мір і сваё збаўленьне.

4. Мае віншаваньні накіроўваю да кожнага з вас, да вашых блізкіх, да ўсіх хрысьціянаў і ўсіх людзей добрай волі гэтай улюбёнай краіны – Беларусі, якая ёсьць вашай бацькаўшчынай на зямлі. Зьвяртаюся да вас з сардэчнымі віншаваньнямі ў сьвята Раства Хрыстовага і пакорліва малюся да Божага Дзіцятка, каб Ён спасылаў вам Сваё Блаславеньне таксама і ў новым годзе.

З усімі няхай будзе ласка і мір Божы!

25.12.2007, г.Менск

+ Архібіскуп Марцін Відавіч


На фота: Менск, 24.12.2007. Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Марцін Відавіч віншуе з Калядамі менскіх грэка-каталікоў.

Гл. таксама: Раство з Нунцыем

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)