Царква
Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:19)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Шлях да Бога

«Я пераходзіў Ярдан і ўваходзіў у Ерусалім»

28 траўня споўнілася 90 гадоў найстарэйшаму беларускаму сьвятару ў замежжы айцу Кастусю Маскаліку. Пакручастыя лёсы ваеннага пакаленьня кідалі айца Кастуся па шырокім сьвеце, але ня здолелі пахіснуць ягонае глыбіннае беларускасьці.

Дзяцінства й юнацтва было закалыханае нясьпешным заходнебеларускім мястэчкам Гародзеем (сёньня ў Нясьвіжскім раёне), так няўдала перазваным Саветамі на Гарадзею, і гэтая тутэйшая нясьпешнасьць сталася адной з самых пазнавальных рысаў айца Кастуся. Ён так і не навучыўся адпавядаць шалёным вібрацыям сучаснага сьвету, назаўсёды застаўшыся там, у сваім усё больш і больш далёкім дзяцінстве.

Калі вайна захлынула Гародзей, Кастусь быў прызваны ў Чырвоную Армію, з якой апынуўся на ўсходзе СССР, а потым запісаўся ў войска генерала Андэрса, бо Чырвонае войска аніяк не адпавядала ягоным уяўленьням пра свой зямны шлях.

Прайшоў з войскам увесь Блізкі Ўсход, на ўсё жыцьцё запомніўшы даты й дэталі тога падарожжа, якое ён, пабожны хлопец, патрапіў ператварыць у пілігрымку на Сьвятую Зямлю.

Потым, ужо старым і нямоглым сьвятаром Беларускае Каталіцкае Місіі ў Лондане, айцец Кастусь за якім-небудзь сьняданкам мог раптам сказаць: “Сёньня 50 гадоў, як я перайшоў Ярдан”, або, скажам, як я ўвайшоў у Ерусалім. І ганарыўся, што за ўсё вайну не зрабіў аніводнага стрэлу! (ён, здаецца, служыў пры кухні, і таму яму гэта ўдалося). А таксама захаваў адзін новенькі камплект вайсковае бялізны.

Па вайне ў рымскім езуіцкім калегіюме “Rusicum” атрымаў адукацыю ды быў высьвячаны на сьвятара. Працаваў у розныя гады ў розных краінах – то чытаў па-беларуску навіны на ватыканскім радыё, то ўзначальваў беларускую каталіцкую місію ў Парыжы (пакуль беларускі сьвятар-падзьвіжнік Леў Гарошка праходзіў марыянскі навіцыят у Лондане).

Але найбольш часу, бадай, пражыў у Лондане. І заўсёды-заўсёды ў думках жыў дома, у ідэальным Гародзеі свайго жыцьця, сталіцы свае душы. У любы момант ён мог пачаць аповяд пра тамтэйшых людзей, часам згадваючы, хто ў што быў апрануты пры нейкай нагодзе. Да драбніцаў апісваў, як на якое сьвята ўпрыгожвалі царкву, што рабілі, што гатавалі ды сьпявалі па сьвятах у хаце, як хавалі старых, а як маладых, а як тапельцаў – і гэтым расповедам не было канца.

І ўсё гэта – на пекнай, цёплай і жывой беларускай мове, на якую аніяк не наклаліся іншыя жыцьцёвыя лінгвістычныя досьведы. І бульба нязьменна звалася “картопляй”, і прозьвішчы былі “прозьвіскамі”, і сакавітыя выразы ня трацілі свайго водару.

Вось ужо колькі год айцец Кастусь жыве ў доме для старых і так глыбока пагрузіўся ў свае ўспаміны, што ўсё цяжэй пазнае твары ды імёны тых, каго ўведаў у апошнія пару дзесяцігоддзяў. Але спытайцеся пра даваенную Беларусь – і жывая рака ўспамінаў закрынічыць ізноў. Ён навечна застаўся часьцінкаю Беларусі, беларускае памяці, якой так бракуе нам цяпер.
Барані цябе Бог, айцец Кастусь.

Ірына Дубянецкая

Паводле «Нашай нівы», www.nn.by

На фота: 90-гадовы беларускі грэка-каталіцкі сьвятар а. Кастусь Маскалік.
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)