Царква
Мудрыя спадкуюць славу, а непапраўныя немысьлі - ганьбу
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 3:35)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Парафіяльнае жыцьцё

У дзясятую гадавіну

Памяці протапрасьвітара Яна Матусевіча

Гэтага сьвятара ведалі многія ў Беларусі. Мажны, абапіраючыся на кавеньку, ён прыходзіў на сходы і мітынгі. Ён быў першы каталіцкі сьвятар, які ў гады перабудовы загаварыў да шырокай аўдыторыі. І загаварыў па-беларуску.

Ён прыйшоў на Ўстаноўчы зьезд Беларускага народнага фронту, каб нагадаць пра хрысьціянскія традыцыі і хрысьціянскія каштоўнасьці. Паколькі зьезд праходзіў у дзень сьвятога Яна Хрысьціцеля, ён запрасіў яго ўдзельнікаў на імшу ў касьцёл сьвятога Мікалая – той самы касьцёл, у якім шмат гадоў, аж да трагічнага арышту, служыў айцец Адам Станкевіч.

З айцом Адамам гэтага ксяндза яднала ня толькі тое, што яны былі беларускімі сьвятарамі Рыма-Каталіцкай Царквы. Тыя, хто пазнаёміўся з айцом Янам бліжэй, ведаў, што ён, як ксёндз Адам Станкевіч,– бібліяфіл і што асаблівым ягоным хобі было зьбіраньне кніг пра мастацтва.

Як і ксёндз Адам Станкевіч, айцец Ян глядзеў на хрысьціянства ў Беларусі не з вузкаканфесійнага гледзішча. Ён быў адкрыты для дыялогу з праваслаўнымі і пратэстантамі. І таму невыпадкова ён стаў адным з сузаснавальнікаў Беларускага біблійнага таварыства, у якое ўвайшлі прадстаўнікі розных канфесіяў і дэнамінацыяў.

Мажліва гэтай адкрытасьці спрыяла тое, што каталіцкі сьвятар Ян Матусевіч (так склалася) скончыў праваслаўную духоўную семінарыю і добра ведаў багатыя духоўныя традыцыі хрысьціянскага Ўсходу.

Сьвятло Ўсходу (так называлася адно з Апостальскіх пасланьняў Папы Яна Паўла ІІ) заўсёды было ў сэрцы, у сьвядомасьці рыма-каталіцкага сьвятара Яна Матусевіча. Да таго ж ён і служыў у асаблівай мясцовасьці – у Барунах, што на Ашмяншчыне. Служыў у сьценах былога ўніяцкага манастыра. У гэтых базыльянскіх мурах ён сузіраў абраз Маці Божае Барунскае, які шануюць і католікі, і праваслаўныя. Маліўся ля яго. І той, хто ведаў айца Яна, анітрохі не зьдзівіўся, калі на самым заранку другога абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ён стаў грэка-каталіцкім сьвятаром. Бо хто такі грэка-католік, уніят? Гэта праваслаўны, які жыве ў еднасьці з Рымам, з пасадам апостала Пятра. Праваслаўны, які ня хоча падзелу хрысьціянства на ўсходняе і заходняе.

Тады, на пачатку 1990-х, Ян Матусевіч быў другім грэка-каталіцкім сьвятаром у Беларусі. Першым быў ужо немалады былы вязень ГУЛАГу айцец Віктар Данілаў, якога таемна высьвяцілі яшчэ ў савецкі час. Айцец Віктар жыў у Горадні. І таму дэканам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы быў пастаўлены маладзейшы за айца Віктара на дваццаць гадоў жыхар сталіцы айцец Ян Матусевіч.

Нехта яшчэ напіша гісторыю станаўленьня сучаснае Грэка-Каталіцкае Царквы ў Беларусі, гісторыю заснаваньня першай парафіі Сьвятога і Праведнага Язэпа ў Менску, якая адпраўляла літургію то на прыватных кватэрах, то ў падвалах, то ў "чырвоных кутках". Нехта яшчэ напіша пра тыя перашкоды Царкве, якія чыніла і чыніць ёй дзяржаўная ўлада. Але такая ўжо ў нас зямля, такая глеба, дзе сышліся Ўсход і Захад, грэцкія і лацінскія традыцыі.

Цяпер БГКЦ мае больш за дваццаць парафіяў. І калі айцец Ян Матусевіч быў першым і адзіным дэканам Царквы, дык цяпер ёсьць ужо два дэканаты. І адзін з іх, а таксама парафію Сьвятога Язэпа ўзначальвае гадунец айца Яна – протапрасьвітар Андрэй Абламейка.

За гэтыя гады Царква атрымала пятнаццаць сьвятароў і мае семінарыстаў. А тое, што ў Беларусі зьявілася грэка-каталіцкае манаства, можна разглядаць як заруку будучыні Царквы, бо, як правіла, з манахаў паходзяць уладыкі, рэктары, прэфекты.

З верай і надзеяй гледзячы ў будучыню, беларускія грэка-католікі з удзячнасьцю згадваюць у гэты дзень айца Яна Матусевіча, які пакінуў нас роўна дзесяць гадоў таму.

Анатоль Сідарэвіч, г.Менск

На фота: айцец Ян Матусевіч з інтэлегенцыяй.
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)