Царква
Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:4)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Наша вера

Пасланьне да Народу Божага
па заканчэньні Сіноду пра
Слова Божае

Прапануем тэкст Пасланьня Сіноду Біскупаў да Народу Божага пра Слова Божае па заканчэньні XII чарговай генеральнай Асамблеі, ухвалены на 21-й агульнай кангрэгацыі.

Братам і сёстрам “мір і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста. Ласка з усімі, што верна любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста”. Такімі глыбокімі і палымянымі словамі сьвяты Павел скончыў сваё Пасланьне да хрысьціянаў Эфэсу (Эф 6, 23-24). Гэтымі ж самымі словамі мы, Айцы Сіноду, якія сабраліся ў Рыме на XII чарговую генеральную Асамблею Сіноду Біскупаў на чале з Сьвятым Айцом Бенядыктам XVI, распачынаем нашае пасланьне, скіраванае да бяскрайняга гарызонту тых, якія ў розных рэгіёнах сьвету ідуць за Хрыстом як вучні, і працягваюць любіць Яго нязьменнай любоўю.

Мы ізноў прапануем ім голас і сьвятло Слова Божага, паўтараючы старажытны заклік: “Слова гэтае даволі блізкае да цябе: яно ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб выконваць яго” (Друг 30, 14). І Сам Бог скажа кожнаму: “Сыне чалавечы! Усе словы Мае, якія буду казаць табе, прымі сэрцам тваім і выслухай вушамі тваімі” (Ез 3, 10). Усім мы прапануем зараз духоўнае падарожжа, якое будзе складацца з чатырох этапаў і якое ад вечнасьці і ад бясконцасьці Бога прывядзе нас у нашыя дамы і на вуліцы нашых гарадоў.

I. ГОЛАС СЛОВА: АДКРЫЦЬЦЁ

1. “І гаварыў Гасподзь да вас [на гары] з сярэдзіны агню; голас словаў [Яго] вы чулі, але вобліку ня бачылі, а толькі голас» (Друг 4, 12). Гэта гаворыць Майсей, нагадваючы пра досьвед, перажыты Ізраілем у горкай адзіноце ў Сінайскай пустыні. Госпад паўстаў не як бачны вобраз, або статуя, падобная да залатога цяльца, але як «голас словаў”. Гэта той самы голас, які выйшаў на сцэну ў самым пачатку стварэньня сьвету, разарваўшы маўчаньне пустэчы: “На пачатку... сказаў Бог: хай будзе сьвятло! І сталася сьвятло... На пачатку было Слова... і Слова было Богам... Усё праз Яго пачалося, і без Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць” (Быц 1, 1.3; Ян 1, 1.3).

Тварэньне нараджаецца ня ў выніку барацьбы паміж боствамі, як вучыла старажытная міфалогія Месапатаміі, але з слова, якое перамагае пустэчу і стварае быцьцё. Сьпявае псалмасьпеўца: “Словам Госпада створаны нябёсы, і духам вуснаў Яго – усе сілы нябесныя іх..., бо Ён сказаў, – і сталася; Ён загадаў,– і ўсё прыйшло да быцьця” (Пс 32, 6, 9). І сьвяты Павел паўторыць: “Ён ажыўляе мёртвых і кліча да існаваньня тое, што не існуе” (Рым 4, 17). Такім чынам, гэта было першым, «касьмічным» адкрыцьцём, якое робіць тварэньне падобным да вялізнай старонкі, адчыненай перад усім чалавецтвам, якое можа прачытаць на ёй Пасланьне ад Творцы: “Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл. Дзень дню кажа слова, ноч ночы вестку перадае. Гэта ня словы і не размова, гуку якіх можна не пачуць: па ўсёй зямлі разышоўся голас іх і аж да краёў сьвету словы іх” (Пс 18 (19), 2-5).

2. Але боскае слова ляжыць таксама і ў аснове чалавечае гісторыі. Мужчына і жанчына, якія зьяўляюцца “вобразам і падабенствам Божым” (Быц 1, 27), і якія, такім чынам, нясуць у сабе пячатку Бога, могуць уступіць у дыялог са сваім Стваральнікам, або аддаліцца ад Яго і адпрэчыць Яго праз грэх. Вось жа, Слова Божае збаўляе і судзіць, пранікае ў гісторыю, якая складаецца з перапляценьня здарэньняў і падзеяў: «Я ўбачыў пакуты народу Майго ў Ягіпце і пачуў енк яго... Я ведаю смуткі яго, і іду выбавіць яго ад рукі Егіпцянаў, і вывесці яго з зямлі гэтае ў зямлю добрую і прасторную...» (Вых 3, 7-8). Значыць, існуе боская прысутнасьць у чалавечых справах, якія, праз дзеяньне Госпада гісторыі, уводзяцца ў найвышэйшую задуму збаўленьня, каб «усе людзі былі збаўленыя і дасягнулі спазнаньня ісьціны» (1 Цім 2, 4).

3. Такім чынам, боскае слова – дзейснае, стваральнае і збаўчае – ляжыць ля вытокаў быцьця і гісторыі, стварэньня і адкупленьня. Госпад ідзе насустрач чалавецтву і абвяшчае: “Я, Гасподзь, сказаў гэта – і зрабіў!” (Ез 37, 14). Існуе, аднак, яшчэ адзін этап, які праходзіць боскі голас: гэта этап пісьмовага слова, Graphe, або Graphai, Сьвятых Пісаньняў, як гаворыцца ў Новым Запавеце. Майсей зыйшоў з вяршыні Сіная, трымаючы “ў руцэ сваёй дзьве [каменныя] табліцы адкрыцьця, на якіх напісана было з абодвух бакоў: і на тым і на другім баку напісана было; табліцы былі дзея Божая, і пісьмёны, накрэсьленыя на табліцах, былі пісьмёны Бога” (Вых 32, 15-16). І сам Майсей загадае Ізраілю захоўваць і перапісваць гэтыя “табліцы адкрыцьця”: “І напішы на камянях [гэтых] усе словы закону гэтага вельмі выразна” (Друг 27, 8).

Сьвятыя Пісаньні зьяўляюцца «сьведчаньнем» боскага слова ў пісьмовай форме, кананічным, гістарычным і літаратурным помнікам, які сьведчыць пра падзею стваральнага і збаўчага Адкрыцьця. Такім чынам, Слова Божае папярэднічае і перавышае Біблію, якая таксама зьяўляецца “боганатхнёнаю” і ўтрымоўвае дзейснае боскае слова (пар. 2 Цім 3, 16). Вось чаму нашая вера ў якасьці свайго стрыжня мае ня толькі кнігу, але гісторыю збаўленьня і, як мы ўбачым, Асобу, Ісуса Хрыста, Слова Божае, якое сталася целам, Чалавекам, Які ўвайшоў у гісторыю. Менавіта таму, што гарызонт боскага слова ўключае ў сябе Пісаньне і выходзіць за яго межы, нам неабходна сталая прысутнасьць Сьвятога Духу, Які “наставіць на ўсякую праўду” (Ян 16, 13) таго, хто чытае Біблію. У гэтым ёсьць вялікае Паданьне, дзейсная прысутнасьць “Духа ісьціны” ў Царкве, які ёсьць захавальнікам Сьвятых Пісаньняў, сапраўдна вытлумачаных Настаўніцтвам Царквы. Праз Паданьне мы прыходзім да разуменьня Слова Божага, да яго тлумачэньня і да перадачы яго іншым, на сьведчаньне аб ім. Сьвяты Павел, зьвястуючы першы хрысьціянскі Сымбаль веры, прызнаецца, што ён “перадаў” тое, што ён “сам прыняў” з Паданьня (1 Кар 15, 3-5).

II. АБЛІЧЧА СЛОВА: ІСУС ХРЫСТОС

4. У грэцкім арыгінале ёсьць толькі тры ключавыя словы: Logos sarx egheneto, “Логас/Слова сталася целам”. Але ў гэтых трох словах утрымліваецца ня толькі кульмінацыя той паэтычнай і багаслоўскай пярліны, якой зьяўляецца пралог з Евангельля ад Яна (Ян 1, 14), але і сам стрыжань хрысьціянскае веры. Вечнае і боскае Слова ўваходзіць у прастору і ў час ды прымае чалавечае аблічча і самабытнасьць, і гэта настолькі праўдзіва, што можна нават наблізіцца да Яго, просячы, як тыя грэкі, што прыйшлі ў Ерусалім: “Нам хочацца бачыць Ісуса” (Ян 12 , 20-21). Словы без аблічча недасканалыя, паколькі не зьдзяйсьняюць сустрэчу ў поўні, як нагадваў Ёў, які дасягнуў канца свайго драматычнага шляху пошуку: “Я чуў пра Цябе слыхам вуха; а цяпер мае вочы бачаць Цябе” (Ёў 42, 5).

Хрыстос ёсьць “Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог”, Ён ёсьць “вобраз Бога нябачнага, народжаны раней за ўсякае стварэньне” (Кал 1, 15), але Ён таксама ёсьць Ісус з Назарэту, Які ходзіць па вуліцах ускрайкавай правінцыі Рымскае імперыі, гаворыць на мясцовай мове, у Ім бачныя рысы канкрэтнага народу, юдэйскага, і яго культуры. Вось жа, рэальны Ісус Хрыстос – кволая і сьмяротная плоць, Ён гістарычны і людзкі, але Ён таксама – слава, Боскасьць, таямніца: Ён – Той, Хто адкрыў нам Бога, Якога ніхто ніколі ня бачыў (пар. Ян 1, 18). Сын Божы працягвае быць Ім нават у тым целе, якое пакладзена ў магілу, і ўваскрасеньне ёсьць жывым і дзейсным гэтаму доказам.

5. Хрысьціянская традыцыя часта праводзіла паралель са Словам Божым, Якое сталася целам, з тым самым Словам, што стала кнігай. Адным з прыкладаў гэтаму зьяўляецца Сымбаль веры, калі мы вызнаем, што Сын Божы “прыняў цела ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы”, а таксама спавядаем веру “ў Сьвятога Духа, Які гаварыў праз прарокаў”. Другі Ватыканскі сабор падтрымлівае гэтую старажытную традыцыю, паводле якой “цела Сына ёсьць перададзенае нам Пісаньне”,– як сьцьвярджае сьвяты Амброзі (In Lucam VI, 33),– і выразна заяўляе: “Словы Божыя, выяўленыя на чалавечых мовах, прыпадобніліся чалавечай прамове, як некалі Слова Спрадвечнага Айца, прыняўшы слабую людзкую плоць, зрабілася падобным да людзей” (Dei verbum, 13).

Бо Біблія – таксама і яна – зьяўляецца, па сутнасьці, “целам”, “пісаньнем”, яна выяўляе сябе на асобых мовах, у літаратурных і гістарычных формах, у канцэпцыях, зьвязаных з старажытнай культурай; яна захоўвае памяць пра часта трагічныя падзеі, яе старонкі нярэдка спаласаваныя крывёй і насільлем, у іх гучаць водгаласы сьмеху чалавецтва і цякуць яго сьлёзы, гэтак жа, як узносіцца малітва няшчасных і радасьць закаханых. Для гэтага яе “плоцкага” вымярэньня патрабуецца гістарычны і літаратурны аналіз, які праводзіцца з дапамогаю розных метадаў і падыходаў, прапанаваных біблійнай экзэгезай. Кожны чытач Сьвятых Пісаньняў, нават самы звычайны, павінен мець адпаведнае веданьне сьвятога тэксту, памятаючы пра тое, што Слова апранута ў канкрэтныя словы, у якія Яно ўкладаецца і прыстасоўваецца, каб быць пачутым і зразумелым для чалавецтва.

Гэта зьяўляецца адной з неабходных умоваў. Калі яе выключыць, можна запасьці ў фундаменталізм, які на практыцы адмаўляе ўцелаўленьне боскага Слова ў гісторыі, не прызнае, што гэтае слова выяўляе сябе ў Бібліі, у адпаведнасьці з чалавечай мовай, якая павінна быць расшыфравана, вывучана і зразумета. Такая пазіцыя не ўлічвае, што боскае натхненьне ня сьцерла ўласьцівую чалавечым аўтарам асобу і гістарычную самабытнасьць. Біблія, аднак, таксама зьяўляецца вечным і боскім Словам, і таму патрабуе іншага разуменьня, якое даруе Сьвяты Дух, Які адкрывае трансцэндэнтнае вымярэньне боскага слова, што прысутнічае ў чалавечых словах.

6. Такім чынам, у гэтым ёсьць неабходнасьць “жывога Паданьня ўсёй Царквы” (Dei verbum, 12) і веры для разуменьня Сьвятых Пісаньняў у поўным аб’ёме і аднастайным спосабам. Калі засяродзіцца толькі на “літары”, Біблія будзе заставацца толькі цудоўным дакументам пра мінулае, высакародным этычным і культурным сьведчаньнем. Калі ж выключаецца Ўцелаўленьне, у гэтым выпадку можна трапіць у фундаменталісцкую двухсэнсоўнасьць альбо ў беспрадметны сьпірытуалізм або псіхалагізм. Экзэгетычныя веды павінны быць, такім чынам, непарыўна зьвязаныя з духоўнай і багаслоўскай традыцыяй, каб не разьбівалася боскае і чалавечае адзінства Ісуса Хрыста і Пісаньня.

У гэтай здабытай гармоніі аблічча Хрыста будзе зьзяць ва ўсёй поўні і дапаможа нам адкрыць яшчэ адно адзінства – глыбокае і ўнутранае адзінства Сьвятых Пісаньняў, гэта значыць, тое, што іх, вядома, 73 кнігі, але што яны складаюць адзіны “Канон”, адзіны дыялог паміж Богам і чалавецтвам, адзіную задуму збаўленьня. “Бог, Які шмат разоў і ўсякімі спосабамі гаварыў спрадвеку да бацькоў нашых праз прарокаў, у апошнія дні гэтыя гаварыў нам праз Сына” (Габр 1, 1-2). Хрыстос, такім чынам, рэтрасьпектыўна пралівае Сваё сьвятло на ўвесь шлях разьвіцьця гісторыі збаўленьня і адкрывае яе ўзгодненасьць, сэнс і кірунак.

Ён ёсьць пячатка, “Альфа і Амега” (Адкр 1, 8) у дыялогу паміж Богам і Яго тварэньнямі, які разьмеркаваны ў часе і засьведчаны ў Бібліі. Менавіта ў сьвятле гэтай апошняй пячаткі знаходзяць свой “поўны сэнс” словы Майсея і прарокаў, як паказаў на гэта Сам Ісус у той вясновы дзень, калі, ідучы з Ерусаліму да паселішча Эмаўс і гутарачы з Клеопам і з яго сябрам, “тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні” (Лк 24, 27).

Менавіта таму, што ў цэнтры Адкрыцьця ляжыць боскае слова, якое сталася абліччам, найвышэйшая мэта спазнаньня Бібліі ёсьць “у сустрэчы з нейкай падзеяй, з Асобай, якая, адкрываючы жыцьцю новы далягляд, тым самым паказвае ёй самы галоўны кірунак” (пар. Deus caritas est, 1).

Заканчэньне ў наступным нумары

Пераклад з расейскай І.Бараноўскага.
Паводле сайту Каталіцкай інфармацыйнай службы Agnuz.
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)