Царква
Я Гасподзь, Бог твой... Хай ня будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім
(1 запаведзь, Выхад 20:2-3)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (60), 2009

Гасьцёўня
 
Шчыра віншуем!

 

5 сакавіка 2009 году свой 50-гадовы юбілей адзначыў душпастыр берасьцейскіх грэка-католікаў і галоўны рэдактар газеты «Царква» а. Ігар Кандрацьеў.

 


Айцец Ігар Кандрацьеў нарадзіўся 05.03.1959 у лясах пад Краснаярскам.

Паходзіць з праваслаўна-каталіцкай сям’і, у якой перапляліся расейскія, нямецкія, аўстрыйскія і беларускія карані. Мае жонку Вольгу, якая дапамагае яму ў служэньні як музыкант і рэгент, і двух сыноў – Інакенція (ужо мае сваю сям’ю) і Марка, а таксама ўнучку Міхаліну.

Да 1973 г. жыў у Туле (Расея). У 1982 г. скончыў Сьвярдлоўскі архітэктурны інстытут па сьпецыяльнасьці «Інтэр’еры». Падчас вучобы браў удзел у распаўсюдзе Бібліі, якая ў СССР была пад забаронай.

У 1981-1988 гг. працаваў на працах па рэстаўрацыі храмаў і іканапісцам (створаныя ім іконы знаходзяцца ў многіх храмах у Расеі і Беларусі).

У 1986 г. паступіў у Ленінградзкую духоўную семінарыю. 10.07.1986 архіяпіскап Міхаіл Мудзьюгін удзяліў яму дыяканскія сьвячаньні, а 24.07.1988 рукапаклаў яго на сьвятара. У 1988-1995 гг. выконваў сьвятарскае і місіянерскае служэньне на Поўначы Расеі.

З 1995 г. – у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве. 05.07.1995 біскуп Івана-Франкоўскі Сафрон Дмытэрка прыняў яго ў Каталіцкую Царкву і прызначыў парахам у Берасьце і душпастырам грэка-католікаў Берасьцейскай вобл. З 1996 г. узначальвае рэдакцыю газеты «Царква». Заснаваў грэка-каталіцкія парафіі і асяродкі ў Берасьці, Івацэвічах, Баранавічах, Пінску, Слоніме і Бярозе.

Стварыў міжпарафіяльную харызматычную супольнасьць «Маран ата», зьяўляецца ініцыятарам розных біблійных і экуменічных сустрэчаў на мясцовым узроўні.

«Нам трэба быць духова моцнай Царквой»

Размова супрацоўнікаў рэдакцыі газеты «Царква» з яе галоўным рэдактарам айцом Ігарам Кандрацьевым з нагоды яго 50-гадовага юбілею.

– Якое Слова скіраваў Госпад да Вас у дзень юбілею?

– Гэта былі словы з восьмага разьдзелу з Пасланьня сьвятога апостала Паўла да Рымлянаў. Апостал піша: «Значыць, цяпер тым, хто ў Хрысьце Ісусе, няма ніякага асуджэньня» (Рым 8, 1), і далей разважае пра нашае збаўленьне праз веру ў Ісуса Хрыста. Гэты разьдзел стаў калісьці для Марціна Лютара камнем спатыкненьня, а для мяне стаў натхненьнем, напамінам пра тое, што Бог мяне бясконца любіць, Ён збавіў мяне, дараваў мае правіны, разьлічвае на мяне.

– Раскажыце, калі ласка, пра Вашыя карані і шлях да Бога.

– Я нарадзіўся ў Сібіры. Мае продкі былі рэпрэсаваныя і высланыя туды з розных рэгіёнаў Расеі яшчэ да вайны. Па бацькавай лініі, дарэчы, маю продкаў, якіх яшчэ ў 19 стагоддзі выслалі з тэрыторыі Беларусі пасьля аднаго з паўстаньняў. Мама паходзіць з рыма-каталіцкай сям’і з нямецкімі каранямі, бацька – з сям’і праваслаўных сьвятароў, іканапісцаў. Яны пазнаёміліся ў Сібіры, там узялі шлюб. Маім рэлігійным выхаваньнем займаўся дзед, мамін бацька. Ён выхоўваў мяне ў рыма-каталіцкай традыцыі, вучыў маліцца Ружанец на лацінскай мове, станавіцца на калені, складаць ручкі. На цьвічку ў доме дзядулі вісеў ружанец, на драўляным крыжыку якога была прыклееная металічная фігурка ўкрыжаванага Ісуса. Аднойчы, калі мне было гады чатыры, я заўважыў, што фігурка адклеілася і дзесьці загубілася, і калі мы пачалі чарговы раз маліцца, я сказаў: «Дзядуля, Бога няма!» Я меў на ўвазе, што зьнікла фігурка Ісуса. Дзядуля страшна раззлаваўся. Ён сварыўся на мяне і на маму, пытаўся, з кім яна мяне адпусьціла гуляць і дзе я пачуў, што няма Бога. Гэта былі савецкія часы, таму дзядуля вельмі напалохаўся. Урэшце я патлумачыў, што меў на ўвазе. Дзядуля нават узрадаваўся і сказаў, што Ісус жыве ў маім сэрцы. Для мяне гэта быў першы «крызіс веры», але адначасова і першае сутыкненьне з жывым Богам.

Наступная мая сустрэча з Богам адбылася ў школьныя часы. Мы з маімі сябрамі не былі вельмі веруючымі, але, каб «насаліць» настаўнікам, хадзілі ў праваслаўную царкву. Ідучы ў школу, каб пазлаваць настаўнікаў, штосьці выраблялі – альбо крыжык сабе надзенем, альбо прынясем маленькую сьвечку ў школу. Настаўнікі на нас сварыліся, а нам здавалася, што мы церпім за веру... Калі маму выклікалі ў школу, яна мяне бараніла, казала: «Ня вашая справа займацца выхаваньнем майго сына, а вучыцца ён добра».

Калі мне было 14 гадоў, я выехаў з дому і ўсякае рэлігійнае жыцьцё ў мяне спынілася. У 20 гадоў, ужо як студэнт архітэктурнага інстытуту ў Сьвярдлоўску, я пазнаёміўся з групай маладых хрысьціянаў розных канфесіяў, якія прывозілі з-за мяжы Бібліі (яны былі забароненыя ў СССР) і развозілі іх па ўсім Савецкім Саюзе. Мяне запрасілі дапамагаць ім у якасьці кіроўцы. Хрысьціянства для мяне тады было спосабам барацьбы з камунізмам, і мне таксама захацелася стаць хрысьціянінам. Потым, калі Бог паклікаў мяне, Ён вызваляў мяне, ачышчаў маё бачаньне хрысьціянства, паказваў мне, што мэта хрысьціянства – гэта не сацыяльная ці палітычная барацьба з зямным злом, а збаўленьне чалавека, асобы. Досьвед знаёмства з сапраўднымі вернікамі, жыцьцёвыя сітуацыі, у якія я тады трапляў, і нават сапраўдныя цуды, якія дзеіліся вакол мяне і са мною, але ў якія я ўпарта не хацеў верыць, пакінулі незабыўны сьлед і да сёньня.

Я быў мастаком, і момант пакаяньня ў маім жыцьці быў зьвязаны з тым, што я перастаў пісаць карціны, рабіць выставы, і пачаў пісаць іконы. Гэтак я адышоў ад папярэдняга свайго мастацтва, якое не было духоўным, і нават наадварот... Акрамя таго, я сабраў групу маладых людзей, і мы займаліся рэстаўрацыяй праваслаўных храмаў, пісаньнем ікон для іканастасаў. Гэта трэба было рабіць хутка, бо тады цяжка было дабіцца дазволу дзяржаўных уладаў, а сьвятары пасьля рэстаўрацыі рабілі выгляд, што так усё і было. Дзякуючы гэтай працы я пазнаёміўся з выдатнай асобай – праваслаўным архіяпіскапам Міхаілам Мудзьюгіным. І гэтае знаёмства перавярнула маё жыцьцё. Архіяпіскап Міхаіл адкрываў мне Евангельле, паказваў, што хрысьціянства – гэта ня толькі спосаб барацьбы тут, на зямлі, а містычная сустрэча з Богам, гэта радасьць, шчасьце, гэта жывы Бог, з Якім можна размаўляць, гэта Асоба, што мяняе жыцьцё чалавека.

– І тады Вы ўпершыню задумаліся пра сьвятарства?

– Не-не! Пра сьвятарства я яшчэ не задумваўся. Калі япіскап прапанаваў мне вучыцца ў семінарыі, я супраціўляўся, казаў, што і так магу прачытаць кніжкі. Але ён настойваў на тым, што мне патрэбна атрымаць сістэматычную адукацыю. І я паступіў у Ленінградзкую духоўную семінарыю. У тыя гады, дарэчы, ня ўсе семінарысты ў нас вучыліся афіцыйна, частка вучылася без дакументальнага афармленьня. У Царквы былі складаныя адносіны з камуністычнымі ўладамі, тых, хто афіцыйна вучыўся, маглі нават вербаваць сьпецслужбы.

Мне было цікава вучыцца, асабліва цікавіўся абрадам, архітэктурай, літургікай. Што датычыць багаслоўя, то найбольшай крыніцай ведаў сталі для мяне размовы з япіскапам Міхаілам.

Праз некаторы час япіскап Міхаіл Мудзьюгін пачаў намаўляць мяне стаць дыяканам. Я супраціўляўся. Мне ня вельмі хацелася быць праваслаўным сьвятаром. Я, напэўна, быў занадта ганарлівым – мяне не задавальняў узровень праваслаўнага духавенства. Таксама я ведаў, што на сьвятароў камуністычныя ўлады аказваюць ціск, некаторых вярбуюць. Але асоба япіскапа Міхаіла тут была для мяне выключэньнем: я бачыў у ім нестандартнага праваслаўнага япіскапа, шчырая вера якога, пастырская мудрасьць, шырокія веды і сьмеласьць у хрысьціянскіх ініцыятывах, а асабліва, малітва і сёньня выклікаюць у мяне вялікую павагу. Ніводнага свайго сур’ёзнага рашэньня ён не прымаў без малітвы, пры чым малітвы не фармальнай – глыбокай. Тады ўва мне адбывалася барацьба. І была яшчэ адна прычына, па якой я не хацеў быць дыяканам,– я заікаўся. Але япіскап пераканаў мяне, сказаў, што для пісаньня ікон дыяканскія сьвячаньні не зашкодзяць, наадварот, Бог дасьць мне дадатковую ласку для гэтай працы. Калі падчас рукапакладаньня я гаварыў заамбонную літанію, то ні разу не заікнуўся! Увесь дзень пасьля сьвячаньняў я правёў у доме архіяпіскапа, а ўвечары ён зьвярнуў маю увагу: «Айцец Ігар, Вы заўважылі, што ні разу не заікнуліся? Бог зрабіў з Вамі цуд! Значыць, Ён Вас паклікаў, у гэтым ня можа быць сумніваў!» Я прыняў гэты цуд са зьдзіўленьнем і падзякай.

Падобна было і са сьвятарскімі сьвячаньнямі. Я пярэчыў япіскапу, што іканапісцаў вельмі мала, а сьвятароў шмат. Але япіскап сказаў, што памаліўся пра мяне, і Бог адкрыў яму, што я маю быць сьвятаром. І такім чынам пераканаў мяне. Хачу дадаць, што ў тыя гады ня ўсё можна было рабіць яўна. У дыяканы я быў рукапакладзены ў 1986 годзе, а ў сьвятары – у 1988-ым, хоць у паперах значыцца, што дыяканскія сьвячаньні я атрымаў у 1988-ым, амаль адначасова са сьвятарскімі. Справа ў тым, што тыя два гады як дыякан я амаль не служыў, а больш займаўся пісаньнем ікон.

– А ці мелі Вы ў гэты час кантакты з Каталіцкай Царквой?

Архіяпіскап Мудзьюгін сябраваў з грэка-каталіцкім біскупам Сафронам Дмытэркам. Мы ведалі ў тыя часы пра гэта вельмі мала. Але некаторыя асабліва блізкія да архіяпіскапа сьвятары, сярод якіх быў і я, зьбіралі грошы для грэка-католікаў, баптыстаў, пяцідзясятнікаў, якія сядзелі ў турмах. Адзін са сьвятароў вазіў, перадаваў гэтыя грошы на Ўкраіну грэка-католікам. Дэталяў, на жаль, ня ведаю.

Пазьней, на Валагодчыне, дзе я служыў сьвятаром, мне сустракаліся мясцовасьці, дзе былі сасланыя католікі, і я запрашаў да іх каталіцкіх сьвятароў з Пецярбургу, каб маглі нагадаць ім пра іх каталіцкія карані. Але ў тыя часы каталіцкіх сьвятароў было мала і яны ставіліся вельмі насьцярожана да такога супрацоўніцтва.

Быў яшчэ адзін досьвед кантакту з каталікамі – да нас у япархію прыехаў малады чалавек, які скончыў каталіцкую семінарыю ў Польшчы, потым закахаўся і ажаніўся, але вельмі хацеў стаць сьвятаром. Ён быў згодны служыць праваслаўным вернікам, і сябры параілі зьвярнуцца да архіяпіскапа Міхаіла Мудзьюгіна. Гэты малады чалавек шмат распавядаў мне пра каталіцтва. І ў каталіцтве я ўбачыў поўню веры. Я знайшоў, што ў каталіцтве праяўляецца свабода, паўната, і ёсьць усё тое, чаго няма ў іншых канфесіях.

– Як Вы трапілі ў Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву?

– Пасьля таго як архіяпіскапа Мудзьюгіна патрыярх Маскоўскі адправіў на пенсію, пачаліся ганеньні на тых, хто супрацоўнічаў з ім. Шчыра кажучы, я думаю, што тая «пенсія» архіяпіскапа таксама была невыпадковая. Ён быў чалавекам вельмі шырокіх поглядаў, кантактаваў з католікамі, з іншымі канфесіямі. Пад канец свайго служэньня адкрыта ўзгадваў на сьв. Літургіі Папу. Разам з ім звольнілі з прыходаў усіх сьвятароў, якія былі да яго блізкія, бо мы таксама ня ўпісваліся ў стандарт праваслаўнай Царквы (напрыклад, мы служылі набажэнствы па-расейску, а не па-царкоўнаславянску, шмат літургічных тэкстаў пераклалі на расейскую мову), а асабліва ня ўпісваліся ў мысьленьне новага япіскапа.

Я зьбіраўся зьехаць на радзіму маіх продкаў па маці, у Аўстрыю. Але спачатку хацеў дапамагчы ўладкаваць жыцьцё маладога сьвятара, які хацеў вярнуцца на радзіму ў Беларусь. Дапамагчы, на жаль, не ўдалося, але ўласна тады, увосень 1994 году, я пазнаёміўся з айцом Янам Матусевічам, айцом Казімірам Ляховічам – беларускімі грэка-каталіцкімі сьвятарамі ў Менску. Я яшчэ некалькі разоў прыязджаў у Беларусь, а 1 сакавіка 1995 году пазнаёміўся з айцом Сяргеем Гаекам, Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў. Мне вельмі спадабаліся гэтыя людзі, і я адчуў, што Бог кліча мяне як сьвятара, і нават трошкі як барацьбіта, паслужыць гэтай адроджанай Царкве. Мы размаўлялі з айцом Сяргеем, і ён запытаўся, дзе б я хацеў служыць. Я адказаў, што там, дзе найцяжэй. Ён сказаў, што найцяжэйшым месцам зьяўляецца, бадай што, Берасьце, і я згадзіўся на працу ў гэтым горадзе.

Я трапіў да біскупа УГКЦ Сафрона Дмытэркі, і ён прыняў мяне з радасьцю, па-бацькоўску. Узгадваў пра тыя гады падпольля, пра якія я амаль нічога ня ведаў. Нават патэлефанаваў архіяпіскапу Міхаілу Мудзьюгіну, які рэкамендаваў прыняць мяне ў Каталіцкую Царкву. Узгадваючы размову з айцом Сяргеем Гаекам, я папрасіў, каб біскуп Сафрон прызначыў мяне місіянерам у Берасьце і Берасьцейскую вобласьць. Беларуская Царква гэтае прызначэньне прыняла, айцец дэкан Ян Матусевіч яго пацьвердзіў, і вось ужо 14 гадоў я служу ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве.

– Вы спрычыніліся да ўзьвядзеньня далёка не аднаго храму для малітвы. Ці ёсьць храмы, прыгажосьць якіх Вас вельмі ўражвае, дзе Вам хочацца быць і маліцца? Якімі, на Вашу думку, павінны быць сьвятыні ў сучаснай БГКЦ?

– Мой адказ вельмі просты: як выглядае сьвятыня зьнешне для мяне, нягледзячы на тое, што я быў архітэктарам і мастаком, ня мае ніякага значэньня. Храм мусіць быць цёплы, утульны і зручны. Мусіць быць таксама густоўны, а які стыль – готыка ці барока, ракако ці які іншы – гэта ня важна. Я лічу, што сёньня больш патрэбны душпастырскія цэнтры, у якіх маглі б дзейнічаць адносна невялікія супольнасьці, храмы, дзе маглі б маліцца 80-100 чалавек. Калі ж у парафіі будзе больш людзей, то трэба рабіць больш службаў, ствараць некалькі меншых групаў, з якімі сьвятару прасьцей працаваць. Усё гэта для таго, каб парафія была жывая, каб была супольнасьцю супольнасьцяў. У маім уяўленьні ў БГКЦ такія малыя супольнасьці павінны дзейнічаць у невялікіх, але зручных, шматфункцыянальных будынках, якія можна было б хутка і танна будаваць ды ўтрымліваць. Трэба імкнуцца, каб людзі ня блыталі месца, дзе знаходзіцца царква-храм, і месца, дзе ёсьць Царква як містычнае Цела Хрыстова. А менавіта вернікі ёсьць гэтае містычнае Цела Хрыстова і таму супольнасьць мусіць быць цэнтрам жыцьця Царквы, а ня храм.

У наш час добра, каб невялікія супольнасьці вернікаў зьбіраліся ў розных раёнах гораду – там, дзе яны жывуць. Варта было б ствараць у парафіі невялікія, па 8-10 чалавек групы, якія маглі б сустракацца сярод тыдня па дамах, каб маліцца, чытаць Біблію, разважаць, задаваць пытаньні і разам шукаць адказы. Для мяне сёньня царкоўнае жыцьцё больш зьвязваецца з адносінамі паміж Богам і людзьмі, а не з абрадамі. Мне хочацца, каб нашыя набажэнствы былі зразумелыя і даступныя ўсім людзям, каб яны прыходзілі ў храм не на канцэрт прыгожага харавога сьпеву, а для шчырай супольнай малітвы. Больш зразумелай і вымоўнай мусіць быць мова набажэнства, знакі, сымболіка, а ўсе абрады і малітоўныя дзеяньні – натуральнымі, ня змушанымі ды поўнымі сэнсу, а не аўтаматызму. У такой сьвятыні я хачу быць і маліцца.

– Чаго, на Ваш погляд, не хапае нашай БГКЦ для больш дынамічнага разьвіцьця? Ці ёсьць для яе наогул шанец сёньня, калі грамадзтва становіцца ўсё больш секулярызаваным і далёкім ад Бога?

– Я лічу: чым цяжэйшыя часы, тым больш шанцаў на духоўнае адраджэньне. Сёньня многія часта зьвяртаюцца да прыкладу хрысьціянскай Царквы першых трох стагоддзяў. Тады Царква перажывала моцныя ганеньні, але разьвівалася, квітнела, найперш сваёю вераю. А розныя праблемы і цяжкасьці – секулярызацыя, вайна, ганеньні, крызісы – усё адбываецца з Божага допуску. Мы мусім менш зьвяртаць увагу на зьнешнія ўмовы і дапамагаць асягнуць збаўленьне канкрэтным людзям. Я веру, што мэта Бога – гэта збаўленьне канкрэтнага чалавека, а ня зьмена сацыяльнага ладу ці глабальных умоваў існаваньня. Я веру, што збаўленьне ёсьць ува мне, а ня ў зьмене зьнешніх ўмоваў майго збаўленьня. У сёньняшнім грамадзтве нам трэба быць духова моцнай Царквой, у якой на першым месцы будзе малітва і адносіны з Богам.

– Біблія займае пачэснае месца ў духоўным жыцьці кожнага сьвятара. Аднак Вы ў апошні час у сваёй сьвятарскай і душпастырскай дзейнасьці пачалі рабіць асабліва моцны акцэнт на Бібліі, нават распрацавалі і выдалі адмысловы план для яе штодзённага чытаньня, праводзіце розныя біблійныя сустрэчы, актыўна супрацоўнічаеце з Біблійным таварыствам, адных толькі беларускіх Бібліяў Вы распаўсюдзілі больш за дзьве сотні. Чым выклікана такая ўвага да Бібліі, якія мэты і задачы Вы ставіце?

– Калі ў 21 год, займаючыся распаўсюджваньнем Бібліі, я перажыў сваё навяртаньне, тады ўпершыню прачытаў Біблію. Зрабіў гэта вельмі хутка, за два тыдні. Мэта мая была стаць ня менш адукаваным, чым мае калегі з антысавецкай групы – «неадукаваныя» пратэстанты. Калі прачытаў Біблію першы раз – мне было ўсё зразумела. Калі прачытаў другі раз – зьявіліся пытаньні. Калі прачытаў трэці раз – пытаньняў стала яшчэ больш... З таго часу я маю правіла – чытаць і вывучаць Біблію кожны дзень, бо ад самага пачатку паверыў, што гэта ёсьць Слова Божае. Калі мы ня чуем голас Бога ў штодзённай асабістай малітве, то можам, прынамсі, чытаць Біблію – надрукаванае на паперы скіраванае да нас Слова Божае. Калі ўзяць план на ўвесь год і чытаць Біблію па 15 хвілінаў у дзень, то можна за год прачытваць усю Біблію. Пройдзе нейкі час і Госпад дасьць такую ласку, каб чалавек паміж радкамі Бібліі чуў жывы голас Бога. Кожны вернік мусіць слухаць Слова свайго Госпада, каб жыць ім.

У кнізе прарока Асіі Бог усклікае: народ мой гіне ад няведаньня (пар. Ас 4, 1-19). Я з жалем назіраю, што многія людзі гінуць ад няведаньня Слова Божага, не жадаюць пазнаць Бога праз такі даступны спосаб – Сьвятое Пісаньне. Для мяне дэвізам адносінаў да Слова Божага зьяўляюцца словы з кнігі Ісуса Навіна: «Хай не адыходзіць гэтая кніга закону ад вуснаў тваіх» (Іс Нав 1, 8). Я б вельмі хацеў, каб усе людзі, і ў першую чаргу сьвятары, чыталі Слова Божае. Адзін мой сябра-сьвятар, калі я прапаноўваў яму зрабіць рэкалекцыі, каб натхніць людзей на чытаньне Бібліі, адкрыта сказаў: «Не хачу, бо калі людзі пачнуць чытаць, у іх зьявяцца пытаньні, і мне Біблію чытаць прыдзецца...» Я лічу, што гэта вельмі добра, калі сьвятары пачнуць чытаць Біблію і Слова Божае стане для іх галоўным аўтарытэтам.

– Якая Ваша любімая форма малітвы?

– Індывідуальная, асабістая малітва, калі я прачынаюся рана і свабодна размаўляю з Богам. А пасьля адкрываю Біблію, чытаю Яго Слова, і Бог прамаўляе да мяне.

– А які сьпеў ці рэлігійная песьня для Вас улюбёныя?

– Я люблю габрэйскія песьні. Маё дзяцінства праходзіла сярод габрэяў, сасланых у Сібір, я бачыў, як яны маліліся, і іх малітва ўлілася ў маю падсьвядомасьць. Люблю іх жывыя, рэлігійна-танцавальныя сьпевы. Мой любімы сьпеў-малітва «Кадош»: «Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад Бог Сабаот...» Гэта сьпеў Анёлаў, якія вакол пасаду Божага сьпявалі і славілі Яго, гледзячы адзін на аднаго. Яны бачылі адзін у адным адлюстраваньне Бога і сьпявалі: «Кадош, Кадош...»

– У Берасьці Вы сталі ініцыятарам правядзеньня штомесячных экуменічных сустрэчаў. Чаму Вы ўзяліся за гэтую нялёгкую справу прымірэньня хрысьціянаў і, як Вы лічыце, якія персьпектывы ў экуменічнага руху сёньня?

– Я пакаяўся сярод пратэстантаў (калі ў маладосьці тайна распаўсюджваў Бібліі), вырастаў у асяроддзі праваслаўных, з дзяцінства адчуваў сябе католікам. Для мяне містычнае Цела Ісуса Хрыста не абмяжоўваецца зямнымі рамкамі адной з канфесіяў. Мая мара – каб людзі таксама ўбачылі гэтае містычнае Цела, каб іх адносіны з Богам і паміж сабой сталіся больш блізкімі, чым адносіны канфесійныя. Я перакананы, калі я па-сапраўднаму зьяднаны з Ісусам, і іншы чалавек зьяднаны з Ім – гэта і ёсьць гарантыя таго, што мы адзіныя.

Нашыя сустрэчы мы праводзім з мараю, каб людзі перасталі бачыць межы паміж хрысьціянамі. Аднак, калі мы сустракаемся, мы не адмаўляемся ад свайго – ад таго, што нас разьядноўвае, мы спрабуем зразумець і прыняць тое каштоўнае, што маюць іншыя, і ня маем мы. Мае сябры пратэстанты спрабуюць вывучаць нашую літургію, спрабуюць зразумець апостальскую пераемнасьць, нашыя адносіны са сьвятымі і Багародзіцай. А мы ў сваю чаргу вучымся ад іх чытаць і вывучаць Біблію, служыць у дарах Сьвятога Духа.

– Духоўная спадчына і думкі каго з сьвятых або сучасных царкоўных лідараў выклікаюць у Вас сёньня найбольшую цікавасьць і натхненьне?

Мой любімы Духоўны Аўтар – Госпад Бог, а кніга – Біблія. У Бібліі мая любімая кніга – Адкрыцьцё Яна Багаслова, пасьля – Пасланьне апостала Паўла да Рымлянаў, і яшчэ адна кніга, якая не ўвайшла ў Сьвяты Канон – 3-ая кніга Ездры. З па-за біблійных аўтараў падабаецца Толкіен, ёсьць цікавыя думкі ў сучасных пратэстанцкіх аўтараў.

– Ці любіце Вы глядзець фільмы? Ці ёсьць тыя, якія запомніліся надоўга?

З фільмамі бывае так – сёньня падабаецца адзін, а праз месяц – іншы. Апошні фільм, які спадабаўся, і я нават некалькі разоў праглядзеў яго – «Зялёная міля». З задавальненьнем гляджу «Ўладара пярсьцёнкаў», «Гары Потэра», нягледзячы на супярэчлівыя водгукі на гэтую кнігу і фільм (часта тых, хто не чытаў, але асуджае). Усе гэтыя фільмы выклікаюць духоўныя перажываньні. Хоць там няма ні слова пра Бога, усе яны глыбока духоўныя. Уласна такія фільмы я люблю глядзець.

– Ваш дзень народзінаў напярэдадні 8 сакавіка. А як Вы ставіцеся да гэтага сьвята? Ці варта яго адзначаць хрысьціянам?

– У гэтым годзе мы ўсёй парафіяй сьвяткуем 8 сакавіка. Мужчыны з нашай парафіі рыхтуюць сьвяточны абед, невялікія падарункі, віншаваньні жанчынам і дзяўчатам. Мы будзем служыць Літургію падзякі за дар любові і жыцьця. Хочам блаславіць гэтае сьвята, якое мела ў сваіх пачатках бязбожную ідэю – так, як гэта зрабіла некалі Царква з язычніцкімі сьвятамі, напоўніўшы іх новым зьместам. Хочам напоўніць гэтае сьвята Божым блаславеньнем, падзякаваць Богу за нашых жанчынаў, за жыцьцё, бо жанчына – Ева – азначае жыцьцё. І хочам нагадаць, што любоў – гэта цудоўны дар Бога.

– Як Вы любіце адпачываць?

– Адпачываць люблю, седзячы ў фатэлі, з Бібліяй у руках. Біблію адкрыць, вочы заплюшчыць, і прыснуць трохі, каб прысьнілася нешта незвычайнае.

– Што б Вы хацелі пажадаць чытачам газеты «Царква»?

– Хачу пажадаць нашым чытачам шукаць Божую свабоду, знаходзіць яе, каб яна была для нас умяшчальняй Божай любові. І хачу пажадаць кожнаму чытачу: «Хай блаславіць цябе Госпад і захавае цябе! Хай паглядзіць на цябе Госпад сьветлым тварам Сваім і зьмілуецца над табою! Хай паверне Госпад твар Свой да цябе і дасьць табе супакой!» (Лікі 6, 24-26).

– Дзякуем за размову і шчыра віншуем Вас з 50-гадовым юбілеем і зычым Божага блаславеньня і натхненьня ў Вашым жыцьці і сьвятарскім служэньні «на многія леты»!


Гутарылі а. Андрэй КРОТ і Ігар БАРАНОЎСКІ
 
Павіншаваць а. Ігара Кандрацьева з 50-гадовым юбілеем у нядзелю, 08.03.2009, прыехалі ў Берасьце на Боскую Літургію шматлікія вернікі з розных парафіяў (з Баранавічаў, Івацэвічаў, Пінску, Астраўца), а таксама Апостальскі Візітатар БГКЦ архімандрыт Сяргей (Гаек) і кс. Эдуард Мігай з Пінску.
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)