Царква
Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 17:13)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Шлях да Бога

Начное чуваньне ў пінскай катэдры

На пяцідзясяты дзень пасьля Вялікадня Каталіцкая Царква адзначае сьвята Зыходу Сьвятога Духа. У ноч з 31 траўня на 1 чэрвеня 2009 году ў катэдральным касьцёле Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбылося начное чуваньне. Сярод удзельнікаў чуваньня была парафіяльная моладзь з Пінску і семінарысты, грэка-католікі з Берасьця і Пінску, таксама прысутнічала моладзь з Баранавічаў, Лагішына і Кобрыня.

Літургічнае сьвяткаваньне ўсіх урачыстасьцяў Царква пачынае ўжо ўвечары папярэдняга дня (т. зв. вігілія), пераймаючы такім чынам старажытную габрэйскую традыцыю. Вернікі, што сабраліся разам, каб падрыхтавацца да Пяцідзясятніцы, былі падобныя да апосталаў і Багародзіцы, якія чакалі спасланьня Духа Сьвятога. А 21-й гадзіне канцэртам-праслаўленьнем перад пінскай катэдрай распачалі чуваньне берасьцейскія грэка-католікі з супольнасьці “Маран ата”. Значная колькасьць з тых, хто слухаў гэтыя сьпевы, былі жыхары Пінску, што зацікавіліся мелодыямі, якія гучалі каля катэдральнага касьцёлу. Удзельнікі супольнасьці “Маран ата” на працягу паўтары гадзіны сьпявалі рэлігійныя песьні на розных мовах, а таксама танчылі.

Пасьля выступу гасьцей з Берасьця, клерыкі Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі імя сьв. Тамаша Аквінскага ў самім касьцёле паказалі тэатральную пастаноўку, прысьвечаную асобе сьвятога Паўла. У гэтай інсцэніроўцы коратка паказваліся выбраныя эпізоды з біяграфіі Апостала народаў, год якога адзначаўся ў Каталіцкай Царкве. Пасьля імпрэзы распачалася сьвятая Імша, якую служыў кс. Эдуард Мігай, пракуратар семінарыі ў Пінску, які арганізаваў начное чуваньне. У сваёй гаміліі ён таксама расказаў пра сэнс урачыстасьці Пяцідзясятніцы і пра ролю Духа Сьвятога ў жыцьці кожнага чалавека.

Пасьля Еўхарыстыі надышоў час адарацыі, падчас якой удзельнікі чуваньня разважалі над дарамі Духа Сьвятога. Далейшы працяг чуваньня праходзіў пры нястомнай падтрымцы семінарыйнага музычнага гурта “Подых Духа”. Адмыслова для гэтай падзеі гурт падрыхтаваў адпаведныя сьпевы. Закончылася чуваньне на сьвітаньні, са стомай пасьля ночы бяз сну, але з радасьцю і надзеяй, якую дае Дух Сьвяты.

Кірыл Бардонаў
г.Пінск

На фота: Пінск, 31.05.2009. Канцэрт-праслаўленьне, наладжанае супольнасьцю “Маран ата” ля катэдры падчас начнога чуваньня перад сьвятам Зыходу Сьвятога Духа.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)