Царква
I сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго
(Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце 1:5)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Наша вера

дыякан Пётр Рудкоўскі, OP

Cэнс каранаваньня марыйных іконаў

Напрыканцы чэрвеня і ў першай палове ліпеня беларускія дарогі і сьцяжынкі напаўняюцца пілігрымамі-вернікамі, якія кіруюцца да сьвятыняў-крыніц, месцаў, дзе Божая Любоў дае аб сабе знаць асаблівым чынам. Будслаў, Тракелі, Полацак, Браслаў, Гудагай – гэта толькі некалькі беларускіх асяродкаў духоўнай гравітацыі. А колькі іх ва ўсім сьвеце!

Наблізіўшыся да жыватворнай крыніцы, мы можам пабачыць шэраг прыладаў-сродкаў, прапанаваных нам для таго, каб як мага больш пачэрпнуць з крыніцы. А гэтай крыніцай ёсьць ніхто іншы, а толькі Ісус Хрыстос, Бог-Чалавек, Скала, з якой б’е вада жыцьця (пар. Ян 3, 27; 1 Кар 10, 4). Існуе, аднак, небясьпека, што мы ўсю сваю ўвагу скіруем на гэтыя прылады, а забудзем пра саму крыніцу.

Адной з такіх «прыладаў» зьяўляецца звычай каранаваньня абразоў Маці Божай. Сёлета ў Беларусі ажно дзьве марыйныя іконы атрымліваюць папскія кароны – Тракельская (5 ліпеня) і Браслаўская (ускладаньне каронаў – 22 жніўня). У мінулыя гады каранаваны былі абразы ў Будславе, Гудагаі, Горадні, Берасьці і Лагішыне.

Звычай каранаваньня марыйных ікон усталяваўся ў 16-17 ст., г. зн. у перыяд контррэфармацыі. У часе інтэнсіўнай дыскусіі з пасьлядоўнікамі Марціна Лютэра была, несумненна, патрэба падкрэсьліць моцна і рашуча, што Марыя зьяўляецца Багародзіцай і таму яна найбольш поўна і глыбока спасьцігла таямніцу Ўцелаўлёнага Слова. А калі так, то яе роля ў гісторыі збаўленьня пераўзыходзіць ролю любога іншага чалавека.

Слушнае падкрэсьліваньне выключнай ролі Марыі ў гісторыі збаўленьня можа мець, аднак, і свой «ценявы» бок. Калі такія падзеі, як паломніцтвы да марыйных санктуарыюмаў альбо каранацыі марыйных іконаў не суправаджаюцца адпаведнай катэхезай, то могуць нарадзіць у вернікаў перакананьне, што гэта Марыя, а не Хрыстос, зьяўляецца крыніцай збаўленьня. Больш таго, можа нават замацавацца проціпастаўленьне «міласэрнай Марыі-Маці» «разгневанаму Богу-Айцу» (дастаткова прыгадаць словы з папулярнай польскай песьні «Serdeczna Matko»: Lecz kiedy Ojciec rozgniewany siecze, szczęśliwy, kto się do Matki uciecze – «Калі Айцец, разгневаны, сячэ, шчасьлівы той, хто да Маці ўцячэ»).

Яшчэ большай небясьпекай ёсьць ператварэньне матэрыяльнага абраза ў асноўны аб'ект пакланеньня. Няма нічога дрэннага ў тым, што хтосьці імкнецца дакрануцца альбо пацалаваць сьвятую ікону. Наадварот, гэта можа быць (і думаю, найчасьцей так бывае) актам сардэчнай малітвы, малітвы, у якую чалавек уключае орган дотыку. Бываюць, аднак, сітуацыі, калі даводзіцца сумнявацца ў тым, што такі дотык – акт малітвы. З прыкрасьцю даводзілася назіраць, як сёлета ў Тракелях пасьля асноўнай Імшы многія вернікі палічылі патрэбным «любой цаной» дакрануцца да каранаванага абраза. У выніку – штурханіна, узаемныя абразы, адмоўныя эмоцыі. Відавочна,што для многіх з іх ікона сталася самамэтай, аб’ектам, надзеленым боскімі прыкметамі. А гэта ўжо нешта накшталт ідалапаклонства.

Абраз – гэта своеасаблівы сымбаль, і яго вартасьць вынікае з таго, што яна скіроўвае нашую ўвагу на духоўную рэчаіснасьць. І ўсе дзеяньні з ім (працэсіі, каранаваньні) маюць сымбалічнае значэньне. А сымбаль губляе сваю першапачатковую функцыю, калі становіцца «рэччу-ў-сабе», г. зн. калі ўся ўвага (альбо большая яе частка) кіруецца на дадзены матэрыяльны аб’ект, а не рэчаіснасьць, на якую ён указвае. Тое ж самае стасуецца і актаў ушанаваньня. Тут, думаю, да месца будзе зьвярнуць увагу на выказваньні, якія выкарыстоўваюцца ў катэхезах і пропаведзях. Напрыклад, ускладаючы кароны на ікону, мы не «карануем Марыю», а толькі пры дапамозе гэтага сымбалічнага акту ўзгадваем яе духоўнае каранаваньне ў нябёсах. Калі мы прымаем ікону ў свае сем’і альбо парафіі, то прыгадваем яе пастаянную прысутнасьць сярод нас у якасьці Маці Бога і Маці Царквы, аднак «вандраваньне іконы» – гэта далёка ня тое самае, што «вандраваньне Марыі». Думаю, варта быць больш асьцярожнымі пры выкарыстаньні метафараў, дзе акты, выкананыя на іконе, прэзентуюцца як акты, выкананыя на самой Марыі.

Галоўнае, аднак, памятаць, што Марыя ёсьць «поўнаю ласкі», аднак яна не зьяўляецца крыніцай збаўчых ласкаў, зьяўляецца Багародзіцай, але ня Богам, «сьвятыняй Духа Сьвятога», але ня Духам Сьвятым. Супрацьпастаўленьне «міласэрнай Марыі» «разгневанаму Айцу» зьяўляецца фатальным тэалагічным непаразуменьнем, бо ўся любоў і міласэрнасьць, якая ўласьціва Марыі, бярэ пачатак менавіта ў сэрцы Бога-Айца. Гэта Бог-Айцец зьяўляецца крыніцай усякіх ласкаў, Бог-Сын зьяўляецца адзіным Пасярэднікам у паяднаньні з Айцом (пар. Дз 2, 12; 1 Цім 2, 5), а натхняльнікам і правадніком у гэтым паяднаньні ёсьць Дух Сьвяты. Важна, каб такія рэлігійныя падзеі, як каранаваньне іконаў Марыі, скіроўвалі ўвагу і сэрцы да самога Бога ў Тройцы.


На фота:

1. 22.08.2009. Каранаваньне іконы ў Браславе.

2. 05.07.2009. Урачыстасьць каранаваньня іконы ў Тракелях.
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)